Очередной приём граждан в Докшицах провёл Владимир Андрейченко

IMG_0667Чарговы прыём грамадзян 11 снежня ў нашым раёне правёў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. На ім прысутнічаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.

З просьбай аб стварэнні ў Докшыцах Парка воінскай славы звярнуўся старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі (на здымку). Валянцін Станіслававіч патлумачыў, што месца і помнік, да якога прыходзяць людзі, каб аддаць даніну памяці загінулым воінам-інтэрнацыяналістам, у горадзе ёсць, толькі не хапае, да прыкладу, бранятанкавай ці ракетнай устаноўкі. Такой думкі прытрымліваюцца Генадзь Пацэвіч і Аляксей Смірноў, якія таксама былі на прыёме. Уладзімір Паўлавіч, уважліва выслухаўшы пытанне, паабяцаў пасадзейнічаць у перадачы 2-3-х адзінак ваеннай тэхнікі.

Жыхарка вёскі Лусцічы Бягомльскага сельсавета Таццяна Шыла паведаміла, што апошнія тры гады мясцовых жыхароў хвалюе пытанне водазабеспячэння. Калодзежы ёсць, а вось вады ў іх амаль няма. У зімовы перыяд у Лусцічах пражывае 13 чалавек, а ў летні сезон прыязджаюць дачнікі, са сталіцы ў вёску перабіраюцца мінчане і будуюць там дамы. Жанчына неаднаразова ўздымала гэта пытанне перад раённай выканаўчай уладай. І для яго вырашэння ўжо шмат зроблена. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя і праведзена экспертыза. На гэтыя патрэбы засвоена 700 млн рублёў. Падлічана, што на правядзенне работ на аб’екце “Квартал індывідуальнай жылой забудовы ў н.п. Лусцічы. Інжынерныя сеткі і добраўпарадкаванне”, дзе прадугледжана будаўніцтва цэнтральнага водаправода, спатрэбіцца 15 млрд рублёў, у тым ліку на водазабеспячэнне – 5,5 млрд рублёў. На сённяшні дзень грошы немалыя. Таму для аператыўнага вырашэння праблемы рэкамендавана жыхарам Лусціч, а таксама дачнікам, самім унесці долевы ўклад у гэту справу. Правесці сход разам з намеснікам старшыні райвыканкама С.Э. Карчэўскім, дырэктарам КУП “Докшыцкі УКБ” В.У. Ганусам і старшынёй Бягомльскага сельвыканкама М.А. Трахініным і абмеркаваць пытанне па ўкладцы некалькіх свідравін. Дзяржава на гэтыя мэты гатова выдаткаваць каля 300 млн рублёў.

Практычна ніводны прыём не абыходзіцца без таго, каб не ўздымалася пытанне газазабеспячэння. На гэты раз жыхароў агр. Параф’янава Аўрэлію Мандрук і Міхаіла Немкаловіча цікавіла, па якой прычыне Докшыцкі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Глыбокаегаз” павялічыў кошт работ па абслугоўванні газавых катлоў “Гефест”. Падставай для гэтага стаў загад УП “Віцебскаблгаз”, у адпаведнасці з якім было прынята рашэнне ўстанавіць сярэдні кошт за абслугоўванне катлоў у памеры 400 тыс. рублёў. Кіраўніцтву УП “Віцебскаблгаз” было даручана даць аргументаваны пісьмовы адказ, у сувязі з чым адбылося павелічэнне кошту, і прадставіць падрабязную інфармацыю аб пераліку відаў работ па абслугоўванні газавых катлоў і іх расцэнках.

Жыхар г.п. Бягомль С.І. Касцюкевіч прыйшоў на прыём з прапановай унесці дапаўненні ў заканадаўства, якое рэгулюе ўстаноўку сістэм відэаназірання на індывідуальных жылых дамах. Былі выслуханы таксама звароты, якія датычыліся прыватызацыі і крэдытавання жылля.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *