Полвека живут вместе Фаина Михайловна и Николай Петрович Малюженцы из Докшиц

Изображение 224Нядаўна ўсюдыісныя сацыёлагі правялі цікавае апытанне. На разгляд прапаноўваліся тры фотаздымкі: на адным з іх юнак абдымае дзяўчыну, на другім – мама і тата вядуць за ручкі дзіця, на трэцім – двое пажылых людзей гуляюць у парку, і мужчына беражліва падтрымлівае жанчыну пад руку. Трэба было выбраць адзін фотаздымак, які, на думку апытваемых, найбольш яскрава сімвалізаваў сапраўднае каханне. Самую вялікую колькасць галасоў (прытым, з вялікім адрывам) атрымала фота – як вы думаеце, якое? – пажылых людзей. Бо сапраўднае каханне – гэта не ўспышка, не часовы парыў, а пачуццё, беражліва пранесенае праз гады…

Фаіна Міхайлаўна і Мікалай Пятровіч Малюжанцы (на здымку) разам ужо паўвека. 31 снежня родныя і блізкія, сябры і суседзі павіншавалі гэту цудоўную пару з 50-годдзем сумеснага жыцця. Так-так, шлюб быў заключаны менавіта 31 снежня, а ўжо само вяселле гулялася пазней, у лютым. І зараз Фаіна Міхайлаўна, прымаючы віншаванні, папярэджвае, што святкаванне залатога вяселля адбудзецца крыху пазней, калі закончыцца пост.

І Мікалай, і Фаіна – ураджэнцы Таргуноў. Дзесяцігадовая розніца ва ўзросце не перашкодзіла ім звязаць свае лёсы. Пакуль школьніца Фаінка пераходзіла з класа ў клас, ужо дарослы Мікалай адслужыў у арміі ў Карэліі, пабываў у Казахстане, “на цаліне”, як тады казалі. Вярнуўся, пайшоў на танцы ў мясцовы клуб і там адразу ж “паклаў вока” на тую, якая раней бегала ў кароценькай сукенцы, з яркімі стужкамі ў смешных косках, а зараз ператварылася ў зграбную, танклявую, усмешлівую прыгажуню. І Фаіна не змагла ўстаяць перад націскам дарослага імпазантнага кавалера. Карацей кажучы, зацеплілася яно ў сэрцах дваіх – каханне.

А далей… Пайшлі, пабеглі, пакаціліся з горачкі гады сумеснага жыцця. Як і ў любой сям’і, былі свае радасці, перамогі, цяжкасці і трывогі. Але Фаіна і Мікалай заўсёды ўсё дзялілі на дваіх, і таму радасці былі ўдвая большымі, а праблемы – удвая меншымі. Сям’я для гэтых людзей заўжды была на першым месцы. Вырасцілі сына і дачку, ганарацца трыма разумніцамі і прыгажунямі ўнучкамі, кожны дзень цешацца з маленькай праўнучкі.
– Мы шчаслівыя бацькі, – гаворыць Фаіна Міхайлаўна. – Дзеці жывуць недалёка, мы па-ранейшаму адна сям’я. Адчуваем сябе любімымі і патрэбнымі. З маленства стараліся прывіць дачцэ і сыну гэта пачуццё адзінства родных людзей. Разам аб’ездзілі ўсю Беларусь, неаднаразова адпачывалі ў Латвіі. На выхадныя вельмі часта выбіраліся да возера з палаткамі, хадзілі на розныя мерапрыемствы – усюды разам з дзецьмі.

Мікалай Пятровіч, па прафесіі тэхнік-механік, трыццаць гадоў адпрацаваў вадзіцелем у райкаме партыі, а Фаіна Міхайлаўна пачынала працоўную дзейнасць на пошце ў Таргунах, а затым скончыла завочна Полацкі сельгастэхнікум і шмат гадоў была бухгалтарам на хлебазаводзе ў Докшыцах. Стаж яе работы – амаль 40 гадоў. Была ў Малюжанцаў і свая ўласная гаспадарка: і свіней трымалі, і гусей. Зараз ёсць куры і агарод. А яшчэ – кветкі. І ў доме, у якім, дарэчы, так прыгожа, чысценька, утульна, і на вуліцы.

– Стараемся жыць актыўна, не здавацца ўзросту, – усміхаецца Мікалай Пятровіч. – Вось і веласіпеды ў нас ёсць, ездзім да дзяцей ці ў краму. І пешкі часта прагульваемся. Жыццё – гэта рух.

– Што, на вашу думку, найбольш умацоўвае сям’ю? – пытаюся ў сужэнцаў. Яны пераглядваюцца, сарамліва ўсміхаюцца: “Ты скажы”, “Не, лепш ты”. І такая цеплыня ў іх вачах, што без слоў зразумела: проста гэтыя двое, як і пяцьдзясят гадоў таму, кахаюць адзін аднаго. Можа, не так горача і парывіста, як у юнацтве, але больш моцна, глыбока, пранікнёна.

– Мы ніколі не сварыліся, не казалі адзін аднаму крыўдных слоў, не рабілі таго, ад чаго другому стала б балюча, – гаворыць пасля роздуму Фаіна Міхайлаўна.

– І нам заўсёды добра разам, – дадае Мікалай Пятровіч.

І тут, як кажуць, без каментарыяў. Не прэтэндуючы на арыгінальнасць, зусім не патрэбную ў дадзеным выпадку, застаецца пажадаць “залатым” маладажонам здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Разам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *