Альберт Кушель из Докшиц отпраздновал вековой юбилей

IMG_1919Яшчэ адзін стогадовы юбілей адзначылі ў раёне. Прадстаўнічыя госці на чале са старшынёй райвыканкама А.Л. Пінчуком завіталі да Альберта Карлавіча Кушаля, ураджэнца і жыхара вёскі Асінаўшчына, што ў Валкалацкім сельсавеце. Зараз Альберт Карлавіч пражывае разам з сям’ёй пляменніцы сваёй жонкі ў Докшыцах. Віншуючы юбіляра з такой значнай датай і выказваючы пажаданні здароўя, даўгалецця, радасных, светлых дзён у жыцці, старшыня райвыканкама падзякаваў гаспадарам Алене Вікенцьеўне і Пятру Антонавічу Чырвоным за любоў і клопат, якімі яны акружылі старога чалавека, за цеплыню і павагу, за створаныя для яго ўтульнасць і камфорт.

Альберт Кушаль, звычайны вясковы хлопец, у далёкім 1936-м годзе быў прызваны на службу ў польскую армію. Служыць давялося ў Вільна, у кавалерыі, куды абы-хто не мог патрапіць: быў вельмі строгі адбор. Аднойчы вайсковыя вучэнні праходзілі за вёскай Пліскі (недалёка ад Сітцаў), і Альберта адпусцілі на суткі дадому. Можна ўявіць, з якім захапленнем глядзелі ў роднай вёсцы і ў акрузе на маладога ўлана ў поўным абмундзіраванні, з шашкай, на гарачым кані.

У лістападзе 1939 года зыходзіў тэрмін службы ў Войску Польскім, але ў верасні Германія напала на Польшчу і Альберт Кушаль да тэрміну вярнуўся дадому. У 1944 годзе быў прызваны ў армію і пайшоў на фронт у складзе 2-га пяхотнага палка. Быў памочнікам кулямётчыка, прымаў удзел у фарсіраванні Віслы, атрымаў раненне. Звольнены ў запас 22 лістапада 1945 года. Узнагароджаны медалём “За Перамогу над Германіяй”.

Пасля вайны Альберт Карлавіч вярнуўся ў мілую сэрцу Асінаўшчыну, ажаніўся, як і належыць, завёў гаспадарку, пайшоў працаваць у калгас жывёлаводам. Радаваўся мірнаму жыццю, таму, што трымае ў руках не зброю, а касу, сякеру, плуг. Шмат гадоў рупліва, добрасумленна адпрацаваў на ферме, з жонкай Вандай Уладзіславаўнай пражыў у згодзе і любові 56 гадоў. Калі яе не стала, жыць давялося аднаму: на вялікі жаль, дзетак Бог не даў. Пакуль меў сілы, сам упраўляўся па гаспадарцы. Але ж час бярэ сваё. Так і апынуўся адвечны селянін у горадзе, у пляменнікаў.

Альберту Карлавічу ўжо цяжкавата рухацца: ходзіць па пакоях з дапамогай родных. Але ён мае добрую памяць, цікавіцца рознымі падзеямі ў свеце, вельмі ўзрадаваўся, што ў складзе дэлегацыі, якая прыехала яго павіншаваць, убачыў знаёмых – старшыню Валкалацкага сельскага Савета Антаніну Бабарыка і старшыню Савета ветэранаў Іосіфа Падрэза. А яшчэ юбіляр па маёй просьбе праспяваў песню на польскай мове пра тое, як дзяўчына праводзіла хлопца на службу, як закаханыя кляліся адзін аднаму ў любові і вернасці. Малады ўлан Альберт Кушаль спяваў яе 80 гадоў таму, гарцуючы на кані, і ўспамін пра тыя часы запаліў іскрынкі ў вачах ветэрана. Сапраўды, узрост не мае вялікага значэння, калі чалавек малады душой.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: стогадовы юбіляр Альберт Кушаль.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *