Барсуковская средняя школа Докшицкого района создаёт впечатление комфортного дома

Г.М. Шульга.

Г.М. Шульга.

Барсукоўская сярэдняя школа заўсёды выклікае ўражанне цёплага, утульнага дома, дзе камфортна адчуваюць сябе і дзеці, і настаўнікі, і ўсе іншыя работнікі, хто забяспечвае функцыянаванне ўстановы. І таму спрыяе не толькі прыгожы будынак, дагледжаная прышкольная тэрыторыя, але і атмасфера ўстановы. Школе шанцавала на дырэктараў. Галіна  Каросцік, Віктар Стадольнік як кіраўнікі і педагогі зрабілі вельмі шмат для яе станаўлення, замацавання традыцый. Сённяшні педкалектыў разам з дырэктарам Генадзем Шульгой дастойна працягвае іх справу.

Веды – асноўная каштоўнасць

Яны схаваныя ў сценах школы і чароўным чынам раскрываюцца з кожным званком на ўрок. Сёлета ён гучыць для 57 вучняў. Колькасць невялікая, калі ўспомніць, што яшчэ гадоў дзесяць таму тут займалася больш за сотню дзяцей. Але ў гэтай дэмаграфічнай праблеме ёсць і свой станоўчы бок. Калі ўлічыць, што з вучнямі займаюцца 20 настаўнікаў, то атрымліваецца хатняе навучанне, толькі аплачваюць яго не бацькі, а дзяржава. Настаўнікі, больш за палову якіх маюць вышэйшую катэгорыю, у такіх умовах стараюцца даць дзецям усё магчымае, і хто жадае яго атрымаць, той мае поспех.

Толькі на “выдатна” закончылі другую чвэрць Данііл Анташэнка і Даша Казлоўская. Адна васьмёрка перашкодзіла гэта зрабіць Дашы Шылко і Дзіяне Качынскай, а сямёрка па фізкультуры – Мікіту Пятровічу. Нядрэнную паспяховасць маюць і астатнія вучні. Калі гаварыць пра тое, як уладкоўваюцца ў жыцці выпускнікі, то з леташняй чацвёркі адзінаццацікласнікаў Аксана Гардзіенка паступіла вучыцца за інжынера, Алена Андрыеўская будзе фельчарам, Наташа Даніляк – настаўнікам працы, Анастасія Васільева пайшла вучыцца ў каледж аграрнага профілю. Прафесіі, патрэбныя сельскай гаспадарцы, выбралі і тыя дзевяцікласнікі, якія таксама летась развіталіся са школай.

Калі спатрэбілася назваць лепшых настаўнікаў, правая рука дырэктара, яго намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце, Тамара Маскалёнак, якую ў аддзеле адукацыі характарызуюць, як моцнага адміністратара і называюць «чалавекам на сваім месцы”, адказала не адразу. Потым патлумачыла, што хоць і ў рознай ступені, але кожны член настаўніцкага калектыву працуе самааддана. Канечне, па прычыне малалікасці дзяцей немагчыма выкарыстоўваць многія з тых тэхналогій, якія даступны гарадскім школам. Затое напоўніцу задзейнічаны інтэрактыўныя магчымасці. Любы ўрок у Антаніны Стадольнік, Наталлі Лашкуновай, Ірыны Гільніч – гэта ўзор творчай працы вопытнага педагога. Кожны ўрок-прэзентацыя, падрыхтаваны Майяй Суднік, падзея.

Са станоўчага боку зарэкамендавала сябе ўстанова падчас удзелу ў сёлетніх прадметных алімпіядах. Школьнай зорачкай на іх стала Вераніка Андрыеўская, якая заняла трэцяе месца ў алімпіядзе па біялогіі і першае – па беларускай мове і літаратуры.

Удалае дзіця

Вераніка  Андрыеўская  і   яе  настаўніца   Жанна  Шкадун. Фота са школьнага архіва.

Вераніка Андрыеўская і яе настаўніца Жанна Шкадун.
Фота са школьнага архіва.

Так пра Вераніку гавораць усе, з кім давялося размаўляць, у тым ліку і настаўніца беларускай мовы Жанна Шкадун, з якой вучаніца дзеліць сёння сваю перамогу. Дзяўчынка, дарэчы, больш схільная да матэматыкі, біялогіі, хіміі, але гэта не перашкаджае ёй практычна кожны год займаць прызавыя месцы па беларускай мове ў рэспубліканскай гульні-конкурсе “Буслік”. Гэта акалічнасць і падштурхнула Жанну Фёдараўну, якая займаецца з дзяўчынкай з пятага класа, дэлегаваць яе на раённую алімпіяду.

– Вераніка – вельмі ўдалае дзіця, – сцвярджае яна. – За што б ні ўзялася, усё ў яе атрымліваецца. Галоўнае — любіць чытаць. Сям’я сабрала вялікую бібліятэку, і мама, сама настаўніца, прывучыла дачок чытаць з дзяцінства. Як вучаніца Вераніка ўседлівая, дысцыплінаваная, шмат займаецца дадаткова, але не зубрылка. Яна вясёлая, эмацыянальная, гаваркая, нязменная вядучая ўсіх школьных мерапрыемстваў.

На абласной алімпіядзе мы яшчэ «не прагучалі» так, як хацелася б, затое атрымалі вельмі каштоўны набытак – вопыт. Вераніка на ёй была дэбютанткай, і я таксама, бо яна ў мяне першая алімпіядніца. Вельмі хочацца думаць, што гэта таленавітая дзяўчынка яшчэ прынясе славу нашай школе і радасць сваім бацькам.

Каб маглі людзьмі звацца

Веды маюць малую сілу, калі яны не падмацаваны асабістымі якасцямі чалавека. І таму ў школе штодзённа ідзе карпатлівая работа па стварэнні не толькі адукаванай, але і той асобы, якую прынята называць сапраўдным чалавекам. Як і ва ўсіх падобных школах, у Барсукоўскай таксама ўсе больш-менш значныя мерапрыемствы выхаваўчага накірунку з’яўляюцца агульнашкольнымі. На іх пануе амаль што хатняя атмасфера, калі дзеці адчуваюць сябе вольна і прымаюць удзел без прымусу. Вельмі часта гасцямі становяцца бацькі вучняў. Напрыклад, у тым жа восеньскім кірмашы. Гэта мерапрыемства стала традыцыйным, і яго заўсёды чакаюць з нецярпеннем. У гандлёвых радах на продаж выстаўляюцца садавіна, агародніна, кветкі, дзіцячыя вырабы. Бываюць і дзівосы ў выглядзе шчанюкоў, трусоў, а неяк і пеўня прадавалі. Пакупнікі на гэты жывы тавар знайшліся адразу. Напрыканцы кірмашу накрываецца агульны стол з прысмакамі. Тое, што на ім выстаўляецца, больш, канечне, з’яўляецца кулінарным конкурсам сярод матуль ды бабуль, і таму ласункі, выпечаныя іх умелымі рукамі, з’ядаюцца падчыстую. Зараз жа школа рыхтуецца да шырокага святкавання Масленіцы.

На  ўроку  ў   Майі  Суднік.

На ўроку ў Майі Суднік.

Усе на лыжы!

Усе на лыжы!

Беларускія вячоркі. Фота са школьнага архіва.

Беларускія вячоркі.
Фота са школьнага архіва.

Максімум задавальнення і карысці атрымліваюць дзеці ад калектыўных паездак па месцах, дзе павінен пабываць кожны беларус. У апошні час наведалі Хатынь, Шунеўку, Лінію Сталіна, Мірскі і Нясвіжскі палацы.

Летам у палатачным лагеры і калектыўных паходах у лясное ўрочышча старшакласнікі спасцігаюць рамантыку жыцця на прыродзе. Настаўнік Віктар Стадольнік перадае вучням уменні і навыкі, якімі выдатна валодае сам.

У пазаўрочны час, калі дзеці вучацца быць неабыякавымі адзін да аднаго, да людзей, калі развіваюцца іх творчыя здольнасці і камунікатыўныя навыкі, уваходзіць і працоўнае выхаванне, і ўкараненне здаровага ладу жыцця. Вучні з задавальненнем працуюць на прышкольным участку, ягадніку, садзяць дрэвы і кветкі. Установа з’яўляецца адной з пераможцаў у раённых конкурсах “Зялёны ўбор школы” і “Захаваем зялёную елку”. А кожны працоўны дзень у ёй пачынаецца з агульнай зарадкі. Потым фізічныя практыкаванні дзеці робяць на кожным уроку. Пра гэта настаўнікам нагадвае званок, які даецца праз 20 хвілін пасля пачатку ўрока. Па магчымасці ўсе заняткі фізкультурай праводзяцца на свежым паветры. Зараз раздолле лыжнікам. Лыжаў маецца ў дастатковай колькасці, і таму нават першакласнікі ўжо спрабуюць стаць на іх.

Пасля падобных прагулак у школьнай сталовай, дзе цудоўныя абеды гатуе адзін з лепшых кухараў раёна Ганна Шыбут, усё з апетытам з’ядаецца.

Здаецца, сказанага дастаткова, каб упэўніцца: калі школа – гэта другі дом для кожнага дзіцяці, то вучням Барсукоўскай СШ у ім сапраўды камфортна і цікава.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Один комментарий для “Барсуковская средняя школа Докшицкого района создаёт впечатление комфортного дома

  • 28.01.2016 в 11:33 дп
    Permalink

    Я очень горжусь, что учился в этой замечательной школе. Здесь прекрасные педагоги и домашняя атмосфера. Всех помню, уважаю и люблю! Всех благ Вам и хороших учеников! С огромной благодарностью, Кухто Николай

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *