Встреча православных поэтов и композиторов состоялась в Докшицах

DSC00547Душа сапраўды спявала і нудзіла, радавалася і плакала на канцэрце, які ў святочныя калядныя дні па блаславенні настаяцеля Свята-Пакроўскага храма айца Георгія Мялешкі арганізавала загадчык дзённага аддзялення для грамадзян пажылога ўзросту Алена Сарокіна. У запоўненай зале ГДК амаль дзве гадзіны гучалі цудоўныя вершаваныя і музычныя творы праваслаўных паэтаў і кампазітараў. Выконвалі іх госці з Мінска, якія для Докшыцкага благачыння даўно сталі добрымі сябрамі.

Сваім талентам са шматлікімі гледачамі шчодра дзяліліся ўдзельнікі літаратурна-музычнай гасцёўні, якая працуе пры рэдакцыі праваслаўнай духоўна-асветніцкай газеты “Воскресение”, актрыса Ірына Нарбекава, сямейны вакальна-інструментальны дуэт Піменавых. Алена піша вершы, музыку, з’яўляецца рэгентам царкоўнага хору і выдае кніжкі для дзяцей. Яе муж Яўген – акцёр, рэжысёр, і разам яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Праваслаўнага барда Таццяну Дашкевіч, здаецца, можна слухаць бясконца, бо яе непаўторнага тэмбру голас пранікае ў самыя патаемныя куточкі душы. Адкрыла сустрэчу і падарыла слухачам нізку цудоўных вершаў галоўны рэдактар выдання Алена Міхаленка.

Падобная сустрэча заўсёды ў радасць, а ў святочныя калядныя дні яна прынесла асаблівае адчуванне таямніцы Нараджэння Стваральніка, гармоніі душы і імкненняў. Пра гэта вельмі хораша сказаў у прывітальным слове ўдзельнікам духоўнай імпрэзы айцец Георгій.

– Душа наша стала лёгкай і светлай, чыстай ад паганства дзякуючы вялікай духоўнай паэзіі, – зазначыў святар. – Пастарайцеся даўжэй захаваць гэты каштоўны набытак і памятаць пра тых лепшых з нас, хто ратуе нашы душы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: на сцэне Таццяна Дашкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *