Молодые и креативные девушки работают в ОАО «Барсучанка» Докшицкого района

DSC00505Тое, што моладзь зараз імкнецца ў горад, бліжэй да камфорту і “вялікіх магчымасцей”, – факт агульнавядомы. Але бываюць і прыемныя выключэнні.

Дзве сімпатычныя дзяўчыны на здымку – спецыялісты ААТ “Барсучанка”. Яны не адпрацоўваюць патрэбны па размеркаванні тэрмін, як гэта звычайна бывае, а менавіта працуюць у адпаведнасці са сваім уласным выбарам. У свой час хапіла розуму ў іх бацькоў і ў іх саміх зразумець, што свой лёс знойдзеш там, дзе ён цябе чакае, і адчуванне бязмернага шчасця ніколькі не залежыць ад велічыні офісу, заработку, колькасці кафэ, якія можна наведаць, і іншых гарадскіх даброт. І шчаслівым, і няшчасным можна аднолькава быць як у горадзе, так і ў вёсцы. У размове з карэспандэнтам дзяўчаты шчыра прызналіся, што горад – гэта не іх стыхія. Тым, што маюць зараз у жыцці, задаволены, з папраўкай, канечне, на тое, што затрымкі з выплатай зарплаты — з’ява часовая.

Вікторыя Лукашэвіч (першая на здымку злева) нарадзілася ў Барсуках, закончыла школу і па парадзе маці, якая працуе ў гаспадарцы галоўным эканамістам, пайшла таксама працаваць у кантору. Тым больш, што і месца там якраз было. Паступіла вучыцца ў каледж, і спачатку была бухгалтарам. Потым прызначылі эканамістам. Зараз Віка займаецца аналізам і прагнозам у дзейнасці такой галіны, як жывёлагадоўля. Сцвярджае, што гэта намнога цікавей, чым бухгалтарская служба.

Надзя Драймане — з Глыбоцкага раёна. У былое сельгаспрадпрыемства “Порплішча” ўладкавалася на працу ў 2010 годзе па рэкамендацыі сяброў. Была сакратаром, кадравіком, зараз працуе дыспетчарам. Паспела за гэты час атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць абсалютна сваім чалавекам у калектыве. Як дыспетчар, Надзя кожны вечар збірае інфармацыю па надоях малака, а раніцай, у 6.30, перадае яе ва ўпраўленне райсельгасхарчу. Летам гэта робіць на паўгадзіны раней. Акрамя таго, яна яшчэ налічвае зарплату вадзіцелям і будаўнікам.

Каб добра выканаць любую справу, трэба спачатку навучыцца гэта рабіць. І тут ніяк не абысціся без дапамогі старэйшых і больш вопытных. Дзяўчатам, па іх жа словах, у гэтым сэнсе пашанцавала. І галоўны эканаміст Валянціна Курдзека, і галоўны бухгалтар Лілія Клімовіч шчыра апякаюць маладых спецыялістаў і бачаць у іх сваіх пераемнікаў. Дзякуючы іх прафесійнаму апякунству, з дзяўчат, трэба думаць, атрымаюцца добрыя работнікі. Самі ж яны натуры актыўныя, маюць шмат сяброў, у кампаніі з якімі весела і цікава. Наракаюць толькі на клуб, у якім яшчэ не так даўно віравала жыццё, а зараз і дыскатэкі не збіраюцца. Самі ж яны гатовы прыняць удзел у любым мерапрыемстве. Тым больш, што Надзя ўжо мае пэўны вопыт. Яна ўдзельнічала ў раённым конкурсе, дзе выбіралі лэдзі года. А яшчэ піша вершы і сама іх хораша чытае.

Тэкст і фота
Тамары
АЛЬШЭЎСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *