Весело провели народный обряд Купалье в Докшицах (+ ФОТО)

img_1687На двары ХХІ стагоддзе, а мы, як і нашы продкі, сто, трыста, тысячу гадоў таму ў самую кароткую летнюю ноч, калі, здаецца, па-сапраўднаму і не цямнее, па-ранейшаму збіраемся на сакраментальны рытуал: запаліць купальскае вогнішча, зачаравана глядзець на яго і дзесьці ў самым патаемным куточку душы верыць, што яно адгоне ўсіх нячысцікаў, як і міфічная папараць-кветка, якая толькі ў поўнач адкрывае ўсе свае скарбы, і тады ў жыцці будзе ўсё добра. І хаця хрысціянскія святары ўсіх канфесій не ўсхваляюць Купалле, народ усё ж упарта трымаецца сваіх векавых традыцый. Яшчэ да нядаўняга арганізатарамі святкавання Купалля былі самі людзі: жанчыны спявалі купальскія песні без прымусу і рэпетыцый, дзеці і падлеткі раскладалі вогнішча і раўніва сачылі, у якой вёсцы яно большае, хлопцы выглядалі дзяўчат, а калі вогнішча дагарала, пачыналася “шалёная ноч”. Як тыя нячысцікі, юныя падшыванцы здымалі вароты, пераносілі масткі, мянялі суседзям лаўкі, лазілі ў сады за зялёнымі яблыкамі. Гаспадары пільнавалі дабро, сварыліся, а раніцай выхваляліся адзін перада адным, што на гэты раз недарэчнага ўдумалі зрабіць на іх панадворках “хуліганы”. Той, да чыйго двара не дайшлі, лічыў сябе абдзеленым.
Зараз час іншы, але на возеры ў райцэнтры Купалле сёлета, як заўсёды, сабрала мноства людзей. І няхай тое, што паказвалі на сцэне, мала нагадвала купальскі абрад, яго дух ўдзельнікі народнага тэатра гульні “Балагуры” здолелі захаваць. Каларытная “свацця” прыехала на Купалле, каб, як даўней, пашукаць жанкам жаніхоў. Гледачы на яе замахі ў выглядзе шматлікіх гульнявых конкурсаў жыва адгукнуліся — і ўсім было весела.
Не абышлося, зразумела, і без канцэрта, у якім галоўнымі выканаўцамі сталі народны ансамбль народнай песні “Раніца” і салісты народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп”. Было вогнішча, былі скокі, пасядзелкі ў палатках райста і захапляльная дыскатэка да чатырох гадзін раніцы, што асабліва спадабалася моладзі. А Купалле ўсё ж такі яе свята.
Купальскія вогнішчы іскрылі агеньчыкамі таксама ў Бягомлі і Крулеўшчыне, Сітцах і Беразіно, Глінным і Валкалатах, усюды, дзе было яшчэ каму іх запаліць.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *