Точный учёт и оперативная логистика — кредо специалистов Бегомльского лесхоза

Каб наладзіць работу прадпрыемства, як адзінага зладжанага механізма, трэба сабраць згуртаваную прафесійную каманду. Мы не аднойчы расказвалі пра інжынераў, ляснічых, іх памочнікаў, майстраў, вальшчыкаў, леснікоў, якія працуюць у ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”. Аднак, акрамя тых, хто знаходзіцца непасрэдна ў лесе і на вытворчасці, ёсць шэраг спецыялістаў, якія, здаецца, і незаўважныя надта, толькі зусім не лішнія ў сістэме. Не зрэагуе аператыўна загадчыца гаспадаркі – будуць пілы вальшчыкаў без новых ланцугоў, прамарудзіць дыспетчар – не павязе своечасова тэхніка драўніну.

Дакладны ўлік…

dsc_ 029З 1989 года пачынаецца адлік працоўнага стажу ў лясгасе для загадчыцы гаспадарчай часткай Галіны Аліевай (здымак 1). З таго часу шмат чаго змянілася: пашырылася вытворчая база і дапаможныя падраздзяленні, на складзе зараз стала налічвацца не адна тысяча найменняў, вядзецца іх дакладны ўлік у спецыяльнай камп’ютарнай праграме. А Галіна Васільеўна асабіста прызвычаілася да таго, што ёй пастаянна трэба быць “на сувязі”. З самага ранку мабільны тэлефон не змаўкае: то механік цікавіцца наяўнасцю запчастак, якія неабходны тэхніцы, што знаходзіцца на рамонце, то майстры з лесасек за напільнікамі прыехалі, то тару для пелет адпусціць трэба. У такой абстаноўцы праходзіць практычна кожны дзень загадчыцы гаспадаркі. Ад яе аператыўнасці залежыць тое, як хутка аўтамабіль выйдзе ў рэйс, а лесанарыхтоўчая тэхніка запрацуе. Запісаўшы ўсю інфармацію ў спецыяльныя карткі, падаўшы дадзеныя на выпіску накладных, накіроўваецца Галіна Васільеўна аглядаць вытворчую тэрыторыю і бытавыя памяшканні. Між тым у лясгас паступае новы тавар, і яна зноў становіцца гаспадыняй складу: прыняць, пералічыць, паставіць на ўлік. За 26 гадоў работы ў лясгасе Галіна Аліева займела аўтарытэт адказнага спецыяліста, яна валодае дзелавымі арганізатарскімі якасцямі, падтрымлівае дакладны парадак у дакументах. А на вытворчасці па-іншаму і немагчыма.

… і аператыўная лагістыка

dsc_ 036Дыспетчарам у лясгасе працуе Алена Кміта (здымак 2). Яе працоўны дзень пачынаецца ў 7 гадзін з размеркавання тэхнікі. Дыспетчар дамаўляецца з ляснічымі і цэхам дрэваапрацоўкі пра неабходныя віды і колькасць. Штодзень на лінію выпускаецца да 40 адзінак. Аб’ёмы вывазкі вядомыя яшчэ з вечара. А далей, акурат як лагісту, ёй трэба прыняць рашэнне, па якім маршруце накіраваць аўтамабілі, дзе і чым іх загрузіць, які рэйс найпершы, а што можа і пачакаць. Ад гэтага залежыць работа цэхаў і адпраўка вагонаў з драўнінай з чыгуначнай станцыі, якія павінны адправіцца своечасова. За марудную загрузку чыгунка можа выставіць прадпрыемству вялікі штраф. Вельмі важна і дакладнасць у афармленні пуцявых лістоў, ад якіх напрамую залежыць заробак вадзіцеляў.

Да таго ж, з 2013 года ўся тэхніка лясгаса абсталявана сістэмамі ўліку і кантролю. Дадзеныя сістэмы навігацыі таксама акумулююцца ў дыспетчарскай, дзе ў анлайн рэжыме можна прасачыць за кожнай адзінкай тэхнікі. Гэта дазваляе сэканоміць час і паліва.

На пасадзе дыспетчара Алена Кміта працуе толькі некалькі гадоў. Аднак яна здолела асвоіць усе новаўвядзенні сістэмы і праявіла сябе як спецыяліст, здольны аналізаваць сітуацыю і своечасова прымаць аптымальныя рашэнні.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *