Александр Судник из Докшицкого района честно выполняет свою работу

IMG_5629Адзін з прыярытэтных накірункаў далейшага развіцця Віцебскай вобласці – эфектыўная работа аграпрамысловага комплексу. І вельмі важным фактарам у дасягненні пастаўленых мэтаў з’яўляецца самаадданая праца людзей, якія сваім прыкладам вядуць за сабой. Іх праца па заслугах ацэньваецца кіраўніцтвам вобласці і раёнаў. Прысуджэнне ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” – яркі таму доказ.

За прафесіяналізм, шматгадовую добрасумленную працу ў сельскагаспадарчай галіне нашага раёна “Чалавекам года” названы механізатар ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Аляксандр Суднік. Яго імя добра вядома не толькі ў Докшыцах, але і ў вобласці. Гэты сціплы нешматслоўны чалавек працуе ў сельскай гаспадарцы ўжо 26 гадоў. Умелым рукам і дапытліваму розуму механізатара, трактарыста-машыніста першага класа, падуладная самая розная тэхніка. У мінулым годзе на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур Аляксандр Міхайлавіч намалаціў 1596 тон зерня, нарыхтаваў 9823 тоны зялёнай масы. Падчас вясенне-палявых работ пасеяў 839 гектараў збожжавых. 1062 гектары ворыва – такі вынік яго працы восенню. У зімовы перыяд механізатар заняты на раздачы кармоў на малочнатаварных фермах, а таксама рыхтуе тэхніку да веснавых работ.

Аляксандр Суднік штогод займае прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве сярод экіпажаў камбайнераў, уваходзіць у лік лепшых механізатараў раёна. У 2008 годзе заняў першае месца на рэспубліканскім фестывалі-ярмарцы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2008”, у 2009-м – трэцяе месца.

У чым сакрэт яго працоўных поспехаў? Уласна кажучы, сакрэту ніякага няма: проста чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці. Астатняе – любоў да тэхнікі, працавітасць, стараннасць, добрасумленнасць, адказнасць, жаданне спасцігаць новае, самаўдасканальвацца – гэта ўжо закладзена ў генах, выхавана ў сям’і, адшліфавана дзякуючы шматгадоваму вопыту. Удвая прыемна, што Віктар, сын Аляксандра Міхайлавіча, стаў дастойным прадаўжальнікам бацькавай справы і ўжо мае значную колькасць працоўных перамог не толькі на раённым, але і на абласным узроўні. Нездарма кажуць: сярод усіх метадаў і прыёмаў выхавання ў сям’і самым дзейсным з’яўляецца ўласны прыклад бацькоў.

Як бачым, каб стаць “Чалавекам года” трэба не так і многа: ведаць сваю справу і выконваць яе сумленна. Працоўная дзейнасць Аляксандра Судніка толькі пацвярджае гэту выснову.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Суднік з сынам Віктарам на раённым злёце перадавікоў.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *