Виктор Сенчик готовит призёров в Докшицкой ДЮСШ

IMG_2787Віктар Сенчык – адзін з любімых настаўнікаў у вучняў школ  раёна. Яму заўсёды ўдавалася прывучаць дзяцей да здаровага ладу жыцця, быць для іх адначасова і сябрам, і дарадцам. На сённяшні дзень стаж яго прафесійнай дзейнасці складае без малога сорак гадоў. І калі ў школе ён больш не выкладае фізкультуру, то ў раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе працягвае рыхтаваць прызёраў у лёгкай атлетыцы. 

– Віктар Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў спорт?

– Я вырас у такі час, калі ва ўсіх да фізічнай культуры былі іншыя адносіны. Не было тэлевізараў і камп’ютараў, дзеці больш захапляліся гульнямі на вуліцы. Калі я вучыўся дзесьці ў класе шостым, сваю трэнерскую дзейнасць у раёне распачаў Іван Рацькавіч. Ён прывёў мяне ў лёгкую атлетыку, прывіў да яе любоў, вазіў на абласныя спаборніцтвы, з якіх амаль заўсёды мы вярталіся з пераможнымі месцамі. Лёгкая атлетыка складаецца са шматлікіх спартыўных дысцыплін, якія мне дапамагаў спасцігаць Іван Дзмітрыевіч. І зараз тая падрыхтоўка па мнагаборству вельмі дапамагае ўжо мне ў трэнерскай рабоце. Я ніколькі не сумняваўся ў выбары будучай прафесіі: у 1976 годзе скончыў інстытут фізічнай культуры і пачаў працаваць настаўнікам фізкультуры ў Докшыцкай сярэдняй школе. Праз два гады набраў першую групу хлопчыкаў для трэніровак лёгкай атлетыкай.

– Як трапіць у вашы трэнерскія рукі? Ці існуе спецыяльны адбор?

– Калі працаваў настаўнікам, то звяртаў увагу на спартыўную падрыхтоўку хлопчыкаў на ўроках. Здольным прапаноўваў трэніравацца ў ДзЮСШ. Сёння вельмі радуюся, калі бачу сярод выхаванцаў дзяцей сваіх былых вучняў.

– Ці ёсць у вас асаблівыя метады выхавання?

– Да кожнага імкнуся знайсці індывідуальны падыход. Стараюся быць патрабавальным. Хаця, з асабістых назіранняў, лічу, што адной “пугай” нічога не зробіш, таму “пернік” заўсёды прызапашваю.
– Вынікамі каго са сваіх выхаванцаў ганарыцеся?

– Неаднаразовым пераможцам абласных спаборніцтваў станавіўся дзевяцікласнік СШ № 1 г. Докшыцы Данііл Жук, другое месца па рэспубліцы ў кіданні кап’я і шматлікія перамогі на вобласці паказаў Раман Гмырак, які зараз вучыцца ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Чакаем добрых вынікаў ад Ільі Варановіча, Руслана Сіўко і Юрыя Ярыжанца. Гэта здольныя, старанныя і адказныя юныя спартсмены.

– На вашу думку, што галоўнае – перамога ці ўдзел?

– Мы павінны думаць пра перамогу! Імкнуцца да яе! Спорт – гэта барацьба. Як сказаў адзін мудры чалавек: “Калі патрабаваць ад сябе немагчымага, то можна дасягнуць максімуму”.
НА ЗДЫМКУ: Віктар Сенчык з выхаванцам ДзЮСШ Кірылам Гайдуком.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *