Докшицкие ветераны придерживаются активной жизненной позиции

Выступае хор ветэранаў "Залатыя гады".

Выступае хор ветэранаў «Залатыя гады».

Час – няўмольны вяршыцель чалавечага лёсу: не паспеў, як кажуць, азірнуцца, а ўжо сівыя скроні, унукі, пенсія. Але апынуцца на заслужаным адпачынку – гэта не значыць быць выкрасленым з актыўнага грамадскага жыцця. Наша арганізацыя непасрэдна садзейнічае таму, каб людзі сталага ўзросту па меры магчымасці прымалі ўдзел у гаспадарча-вытворчай дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў раёна, патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, клапоціцца пра іх здароўе, матэрыяльна-бытавыя ўмовы. 

Як і ўвесь народ нашай краіны, мы таксама прымалі ўдзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў. Члены ветэранскай арганізацыі ўваходзілі ў састаў участковых камісій, былі назіральнікамі на ўчастках для галасавання. Ветэраны актыўна святкавалі 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзе Вялікай Перамогі. Каля 200 чалавек, якія ваявалі са зброяй у руках і панеслі пакуты ў Вялікай Айчыннай вайне, былі ўзнагароджаны юбілейнымі медалямі, атрымалі матэрыяльную дапамогу. Некаторым ветэранам вайны зроблены неабходны рамонт жылля.

Ветэраны – аўтарытэтная грамадская сіла ў нашым раёне. На сённяшні дзень на ўліку ў арганізацыі значыцца каля 7 тысяч чалавек, з іх 14 інвалідаў вайны, 30 – удзельнікаў, 10 чалавек узнагароджаны за працу ў тыле, яшчэ 7 – працавалі ў гады вайны на чыгунцы. У раёне пражывае таксама 64 былыя непаўналетнія і 12 паўналетніх вязняў нямецкіх канцлагераў. Большасць ветэранаў – гэта жыхары сельскай мясцовасці. У многіх з іх няма побач ні дзяцей, ні іншай радні. Але ёсць дзяржава, якая не пакідае сваіх грамадзян сам-насам са сваімі праблемамі.

Апошнія пяць гадоў у раёне дзейнічала комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання, 29 яе пунктаў датычыліся мерапрыемстваў сацыяльнай падтрымкі ветэранаў. Вельмі шмат у гэтым накірунку робяць спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кожны пенсіянер, які мае ў гэтым патрэбу, узяты на абслугоўванне сацыяльнымі работнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, якім кіруе вельмі адказны, шчыры чалавек Данута Лявоха. Гэтай паслугай карыстаецца 861 ветэран. Ва ўстановах кругласутачнага знаходжання пажылых людзей, якія працуюць у Сітцах і Крулеўшчыне, зроблены якасны рамонт, створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання 57 чалавек. У час сустрэч з членамі раённага Савета нашай арганізацыі яны выказвалі задаволенасць узроўнем арганізацыі медыцынскага, бытавога і культурнага абслугоўвання. Шчырыя словы падзякі прызначаліся самадзейным артыстам з ветэранскага клуба “Кацюша”, хору “Залатыя гады”, якія звычайна бяруць удзел у такіх сустрэчах. Не лішнім бывае і ўручэнне падарункаў. Апошні раз наведвалі Сітцы і Крулеўшчыну напярэдадні Новага года.

Члены раённага Савета ветэранаў па асабістым даручэнні старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука ажыццяўляюць кантроль за якасцю сацыяльнага абслугоўвання на даму адзінока пражываючых пажылых людзей. Апошні раз з гэтай мэтай праводзіўся рэйд у Тумілавіцкім сельсавеце.

Кожны год, як і патрабуе таго Статут, праводзяцца пленумы раённага Савета, на якім абмяркоўваюцца наспелыя пытанні. Напрыклад, на апошнім мерапрыемстве яго ўдзельнікамі выказваліся крытычныя заўвагі ў адрас дзейнасці спажывецкай кааперацыі, камунальнікаў. Яны былі дасланы на рэагаванне кіраўніцтву райста і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Трэба сказаць, што ўзнятыя пытанні былі вырашаны станоўча.

У апошнія гады ўсё большая колькасць пенсіянераў далучаецца да актыўнага, здаровага ладу жыцця. Пажылыя людзі прымаюць удзел у спаборніцтвах па шашках, шахматах, наведваюць трэнажорную залу і басейн водна-аздараўленчага цэнтра, харэаграфічны гурток, клуб “Кацюша. З задавальненнем спяваюць у хоры ветэранаў “Залатыя гады”, арганізаваным па ініцыятыве райсавета ветэранскай арганізацыі, які зараз рыхтуецца да прысваення звання “народны”. Але такія магчымасці маюць толькі жыхары райцэнтра. У аграгарадках, а тым больш у невялікіх вёсках культурнае жыццё намнога бяднейшае. Можна назваць вакальныя групы “Чабарок” у Барсуках, “Бабіна лета” – у Прудніках, вакальная група ў Бягомлі, дзе спяваюць жанчыны паважанага ўзросту, але ж галасістыя спявачкі ёсць у кожным населеным пункце, трэба толькі наладзіць з імі кантакты работнікам культуры.
Медыцынскае абслугоўванне ветэранаў – адно з найбольш важных пытанняў у дзейнасці нашай арганізацыі. Большая частка зваротаў у райсавет – гэта просьбы аб дапамозе ў лячэнні. Здаецца, мы яшчэ нікому не адмовілі і стараліся, каб усе былі задаволены. Летась у рэспубліканскім шпіталі імя П.М. Машэрава, абласным – “Юрцава” і іншых палепшылі здароўе 150 чалавек. Яшчэ 40 ветэранаў прайшлі курс санаторна-курортнага лячэння. За садзейнічанне ў вырашэнні гэтых пытанняў шчыра ўдзячны галоўнаму ўрачу ЦРБ С.Ф. Кубару і раённаму тэрапеўту З.П. Аксновіч.

У тым, што ветэранскай арганізацыі раёна ў апошні час удаецца многае зрабіць, ёсць заслуга старшынь пярвічак. Маю на ўвазе А.А. Малюжанца, С.І. Кішэню, Г.А. Петрашкевіч, П.Я. Міхно, Г.М. Лынько, І.А. Чарнецкага, М.М. Януш, І.І. Ждановіча, С.Ф. Ансілеўскага, З.А. Модаль, Г.А. Самковіч, А.М. Касцюка, Л.Б. Калбасіч, Л.Р. Гамановіча, М.А. Гаўрыловіч, Т.В. Лось, Т.М. Мальчык, В.І. Бальчэўскага і іншых.

Прыемна бачыць плён сваёй дзейнасці, але наперадзе спраў не менш. Хочацца думаць, што многае атрымаецца, калі вопыт работы старэйшых будзе падтрыманы энергіяй маладых.

І. ПАДРЭЗ,
старшыня раённай
арганізацыі Беларускага
грамадскага аб’яднання
ветэранаў.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *