На районном слёте передовиков в Докшицах Леонид Дудко признан лучшим оператором по откорму молодняка

IMG_4295Леанід Дудко (на здымку) працуе аператарам па адкорме маладняку БРЖ на комплексе “Гліннае” ААТ “Таргуны” толькі з восені 2014 года. А вось прафесію жывёлавода выбраў у далёкім 1979 годзе і з тае пары ніколі свайму выбару не здраджваў. “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” – усім вядомы выраз коратка і ёмка характарызуе жыццёвы шлях гэтага чалавека.

Нарадзіўся ён у вёсцы Загалаўе, зараз жыве ў Глінным. На малой радзіме, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, стварыў сям’ю, знайшоў сваё прызванне і не стаў шукаць лепшага па свеце. Працаваў спачатку слесарам на малакаправодзе, пасля – конюхам. Нават давялося праверыць свае веды і навыкі, папрацаваўшы тры гады ветфельчарам на фермах “Загалаўе” і “Варлонь”. Справіўся, бо да кожнага даручэння жывёлавод падыходзіць з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю.

Размераны ў рухах, памяркоўны, нешматслоўны, Леанід працуе энергічна і аператыўна. 700 галоў бычкоў на адкорме – гэта вам не жартачкі! Тут нельга інакш: каб зрабіць усё, як належыць, “прахалоджвацца” няма калі. Вынікі такой добрасумленнай работы не прымусілі доўга сябе чакаць, і на раённым злёце перадавікоў Леанід Дудко быў ушанаваны як лепшы аператар па адкорме маладняку БРЖ.

– Не ставіў перад сабой мэту перамагчы, – гаворыць мужчына. – Проста, калі бярэшся за справу, сорамна выконваць яе абы-як. А ў жывёлагадоўлі гультаям і абыякавым людзям увогуле не месца. Адразу бачна, хто чаго варты.

На гэтым жа комплексе шмат гадоў працуе і жонка Леаніда Ірына. Жанчына ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму доіць кароў. Больш за тое, сын, таксама Леанід, – прадаўжальнік сямейнай дынастыі, ужо некалькі гадоў шчыруе, як жартуе бацька, “на такой жа пасадзе”.

Верыцца ў тое, што і сын у хуткім часе дасягне высокіх паказчыкаў у працы. А як жа інакш: дастойны прыклад у яго штодзённа перад вачыма.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *