Праздник святых апостолов Петра и Павла прошёл в деревне Южное Гнездилово Докшицкого района

img_5755 img_5692 img_5686У старажытную, са шматвекавой гісторыяй вёску Паўднёвае Гняздзілава прыйшло свята: Дзень памяці шаноўных і галоўных апосталаў хрысціянства – Пятра і Паўла, у гонар якіх асвечана мясцовая царква. Шматпакутны храм, які ў часы барацьбы з Богам быў спачатку закрыты, а потым згарэў, у сераду поўніўся людзьмі. Раздзяліць радасць свята да местачкоўцаў прыехалі вернікі з Докшыц і Порплішча, Крулеўшчыны і Барсукоў, іншых навакольных вёсак. Гледзячы на гэту шматлюднасць, радавалася сэрца Анатоля Панцюхова. Гэта яго намаганнямі і многіх іншых добрых людзей царква, ад якой заставаўся толькі падмурак, была нанова пабудавана. На яе асвячэнні ў 2008 годзе ў храме прысутнічала чатыры чалавекі. Ненамнога больш іх было і ў наступныя гады, але шчырае пастырскае служэнне святароў Аляксея Кушнярэвіча і Віктара Гміра вярнула веру ў гэты край.

Свята пачалося яшчэ напярэдадні, у аўторак, калі Хрэ­сны ход рушыў ад царквы да святой крыніцы ў былую вёску Буй. Айцец Віктар памаліўся, асвяціў вадзіцу і пачалося дзеянне, якое ўзгадала старадаўняе паданне пра гэту крыніцу. Падрыхтавалі яго мясцовыя работнікі культуры. Яны ж паказалі потым невялікі канцэрт. Нямала было ахвотных акунуцца ў купель са святой вадой.
Назаўтра да пачатку царкоўнай службы вясковая вуліца ў Гняздзілаве ўжо была застаўлена веласіпедамі, аўтамабілямі, на якіх прыехалі вернікі з усіх куткоў. У мясцовай гаспадарцы з нагоды свята быў аб’яўлены выхадны дзень.
– І не думаў ужо, што дачакаюся, калі зноў так шматлюдна будзе ў нашай вёсцы ў гэты святы дзень, як некалі да вайны і пасля яе аж да 60-х гадоў, – гаварыў стары мужчына-местачковец, і на вачах яго блішчэлі слёзы. – Тады толькі замест сённяшніх аўтамабіляў стаялі калёсы і брычкі, людзей было не прайсці, а потым усё знікла. А зараз быццам час павярнуў назад. Якое шчасце, што свята наша жыве.
Святочны малебен узначальваў протаіерэй Віктар Гмір. Яму саслужвалі протаіерэі Пётр Іоська і Леанід Страха. Закончылася служба Хрэсным ходам з іконай святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла. Працэсія ішла вакол прыгажуна-храма, а ён, здавалася, усміхаўся ёй вокнамі-вітражамі, і радаваўся той неверагоднай Божай ласцы, якая зыходзіць на людзей толькі ў святых, намоленых месцах.
Пасля заканчэння службы ўсіх прысутных, як і належыць на свяце, запрасілі пачаставацца пірагамі і розным іншым печывам, якое пасля асвячэння айцом Пятром стала ўдвая смачнейшым.
Завяршылася святкаванне вялікім канцэртам, у якім удзельнічалі самадзейныя артысты з Гняздзілаўскага, Бярозаўскага і Крыпульскага СДК. Сваім мастацтвам парадаваў гледачоў і народны ансамбль народнай песні “Раніца”.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *