Восем «В» Уладзіміра Літвінка

24Выдатныя веды. Менавіта імі вызначаўся выпускнік Даўгінаўскай сярэдняй школы, што ў Вілейскім раёне, Валодзя Літвінок. Асабліва па біялогіі і хіміі. Менавіта яны дазволілі юнаку з першай спробы стаць студэнтам Кіеўскага медыцынскага інстытута. Менавіта іх дэманстраваў ён пры асваенні спецыяльнасці “санітарны ўрач-гігіеніст”.

Вернасць выбару. Пасля заканчэння інстытута Уладзімір па размеркаванні быў накіраваны ў Карэлію. Там прайшлі першыя тры гады яго працоўнай дзейнасці. Там сустрэў сваё каханне. Але па сямейных абставінах (захварэлі бацькі) вярнуўся на радзіму. Пастараўся ўладкавацца на працу бліжэй да роднага Даўгінава – Докшыцы сталі нядрэнным варыянтам. Зразумела, што жонка, ураджэнка Ленінградскай вобласці, адправілася за мужам-беларусам як нітачка за іголкай. Новаспечаная сям’я стала прыжывацца ў раённым гарадку, а малады спецыяліст – працаваць у цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Адбылося гэта ў 1981 годзе, і з таго часу – а прайшло ўжо ні многа ні мала трыццаць пяць гадоў – Уладзімір Георгіевіч месца працы не мяняў. У дадзенай установе з’яўляўся загадчыкам санітарна-эпідэміялагічнага аддзела, выконваў абавязкі галоўнага санітарнага ўрача.

Вялікі вопыт, набыты ўрачом па профілі сваёй прафесійнай дзейнасці, паспяхова прымяняецца ім на практыцы. Уладзімір Георгіевіч мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, за гады работы зарэкамендаваў сябе не толькі граматным, але і ініцыятыўным спецыялістам. Дзякуючы пачуццю высокай адказнасці за даручаную справу ён выпрацаваў здольнасць хутка арыентавацца ў незнаёмых абставінах, уменне аналізаваць праблемныя сітуацыі, накіроўваць сваю дзейнасць на іх вырашэнне і граматна ажыццяўляць каардынацыю, прымаць меры па забеспячэнні стабільнага функцыянавання і ўстойлівага развіцця сферы гігіены і эпідэміялогіі ў раёне.

Высокія вынікі не маглі не быць дасягнуты за гады мэтанакіраванай работы з юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Уладзімір Георгіевіч прымае аператыўныя меры па якасным разглядзе зваротаў і скаргаў грамадзян. У зрухах па добраўпарадкаванні тэрыторый як Докшыц, так і іншых населеных пунктаў раёна, таксама немалая доля яго заслугі. Як санітарны ўрач, так і як ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ён праводзіць актыўную інфармацыйную работу: выступае ў працоўных калектывах, на сходах і семінарах, друкуецца ў раённай газеце. А ў тым, што сярод калег, дзякуючы адказнасці, эрудзіраванасці, ветлівасці і тактоўнасці, ён карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай, няма ніякіх сумненняў.

P.S. І ў асабістым плане ва Уладзіміра Георгіевіча ўсё склалася найлепшым чынам: любімы муж і тата, шчаслівы дзядуля чатырох унукаў. Таму застаецца пажадаць яму на далейшым жыццёвым шляху, як зараз модна, тры “Д”: новых дасягненняў, дабрабыту і даўгалецця!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: урач-гігіеніст Уладзімір Літвінок каля ўстановы, працы ў якой аддаў 35 гадоў жыцця.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *