Педагог-организатор СШ №2 г. Докшицы на одной волне с коллективом

IMG_5793 ++++Выносячы словазлучэнне “прафсаюзны лідар” у рубрыку, хацелася паставіць коску і дапісаць: а яшчэ таленавіты арганізатар, цікавая творчая асоба, не пазбаўленая самаіроніі. Усё гэта пра педагога-арганізатара СШ №2 г. Докшыцы Ірыну Дзяхканаву (на здымку).

Яна – дакшычанка. Прыгажуня, разумніца і актывістка, якой яшчэ з дзяцінства было прадвызначана актыўнае грамадскае жыццё. Ірына ніколі не заставалася абыякавай да школьных падзей, любіла спяваць, танцаваць, штосьці ўвесь час арганізоўвала. Ды і далейшая вучоба ў педагагічным інстытуце гэту актыўнасць толькі стымулявала.
Калі выпускніцу ВНУ накіравалі працаваць у Замастачанскую школу, яна цвёрда вырашыла, што дзецям яе класа павінна быць не толькі цікава вучыцца, але і сябраваць, быць адзіным калектывам. Менавіта таму Ірына Уладзіміраўна старалася мерапрыемствы правесці так, каб кожны мог паўдзельнічаць, раскрыцца, прадэманстраваць навакольным схаваныя магчымасці. Ці не гэта было яшчэ адным званочкам таго, што з настаўніцы пачатковых класаў вырасце выдатны педагог-арганізатар? Ужо зараз, з “вышыні” пражытага і вопыту, яна кажа:

– Вельмі люблю моладзь і спадзяюся, што яна мной таксама не грэбуе. Не бывае няздольных дзяцей, бываюць дзеці, не разгледжаныя намі, дарослымі. Педагог-арганізатар павінен быць псіхолагам, шукаць падыходы да кожнага. Школьных зорачак можна выгадаваць з зусім розных дзетак, было б жаданне. Трэба проста з імі сябраваць і быць “на адной хвалі”.
Як доказ, што з сваёй задачай Ірына Уладзіміраўна спраўляецца на выдатна: шматлікія школьныя мерапрыемствы, удзел вучняў у абласнога ўзроўню розных творчых іспытах. Заўсёды прыкметна выглядае і педкалектыў на раённых конкурсах.

Дарэчы, пра апошняе. Прафсаюзную суполку СШ № 2 Ірына Дзяхканава ўзначаліла 14 гадоў таму. І да гэтага часу паспяхова ёй кіруе. Ірына Уладзіміраўна неаднаразова падкрэслівае, што дзейнасць прафсаюза немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з адміністрацыяй. І гэта не азначае толькі беспрынцыповае падначаленне. Калі трэба, можна дастойна выйсці з любой сітуацыі і адстаяць пазіцыю калектыву. Таму ва ўстанове адукацыі ўсе пытанні вырашаюцца шляхам перамоў і адкрытага дыялогу.

– Работа прафкама будуецца на падставе калектыўнага дагавору, згодна з якім усе гарантаваныя прывілеі для членаў прафсаюза дзейнічаюць. Прафсаюз – гэта, у першую чаргу, сацыяльная гарантыя, а калектыўны дагавор – своеасаблівы дыялог наймальніка і работнікаў, якіх у школе налічваецца 120 чалавек. Сістэма за шмат гадоў ужо адпрацавана. Але тут заслуга не толькі старшыні прафкама, гэта сумесная справа ўсяго калектыву. Давайце лепш пра яго і пагутарым, – прапануе Ірына Дзяхканава.

І далей распавядае пра тое, што побач яны і ў складаных жыццёвых сітуацыях, і ў радасныя моманты. Разам яны на школьнай сцэне, падчас раённых святаў і на спартыўных спаборніцтвах. Самадзейны калектыў установы адукацыі быў адным з першых пераможцаў раённага конкурсу “Таленты Докшыччыны” і атрымаў Гран-пры конкурсу. Настаўнікі змаглі прадэманстраваць, што яны не толькі ўмеюць выконваць свае прафесійныя абавязкі, але і з’яўляюцца людзьмі творчымі і таленавітымі.

Сама Ірына Уладзіміраўна спявае, танчыць, выступае як рэжысёр. Да таго ж яна з’яўляецца ўдзельніцай Докшыцкага народнага тэатра.

– Ёсць у мяне адна добрая і дрэнная рыса адначасова. Вельмі люблю мастацтва, але не прымаю ў ім самадзейнасці, у сэнсе непрафесійнага, абыякавага падыходу да справы. Скрупулёзна стаўлюся да дэталяў. Гэта не заўжды падабаецца напачатку, але, калі нас усіх радуе вынік, навакольныя пачынаюць мяне лепш разумець, – расказвае Ірына Дзяхканава.

А дзверы ў кабінет педагога-арганізатара ўвесь час адчыняюцца. То старшакласнікі забягаюць запытаць пра чарговыя рэпетыцыі, то калегі заходзяць па бягучых справах. Бачна, што паміж сённяшняй гераіняй, першымі і другімі існуе повязь сяброўства і павагі, якая не ўзнікае адразу, а выпрацоўваецца гадамі, і сплесці яе штучна немагчыма.

– Вы надзвычай шматгранная. Але ж кожны з нас стамляецца, выдыхаецца, хоча падсілкаваць унутраную энергію. У чым чэрпаеце сілы?

– У сваіх дзецях. У мяне сын і дачка. Яны ўжо дарослыя, самастойныя, жывуць у Мінску. Калі зусім цяжка – еду да іх. Колькі дзён – і зарад атрыманы. А яшчэ ў вучнях, якія за гады вучобы становяцца не менш роднымі людзьмі. Дзякую лёсу за гэта.

Наталля Навіцкая.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *