Семье Цыбульских из Докшицкого района нравится жить в деревне

черныша 005З наступленнем першых сонечных красавіцкіх дзянькоў ажылі вясковыя падворкі. Вось і ў Вілейцы куды ні глянеш – кіпіць работа. Жыхары, мабыць, усе на вуліцы: хто наводзіць парадак у кветніку, хто выносіць перасушваць адзенне, хто падмятае, хто ўскопвае градку пад цяплічку… Сям’я Цыбульскіх таксама была занятая справай: дасталі са склепа і перабіралі бульбу. Толькі самая маленькая грамадзянка – і ў сям’і, і ў гэтым населеным пункце – двухмесячная Ксюшка соладка спала ў вазочку. Ахоўнік, калматы сабачка Дымок, цікаўны і, як выявілася, вельмі таварыскі, тут жа падаў голас. Гаспадыня Вольга (на здымку) пацвердзіла:

– Так, наша сям’я ў вёсцы самая маладая. Я да выхаду ў адпачынак па доглядзе за дзіцем працавала прадаўцом у мясцовай краме. Муж – работнік Бягомльскага леспрамгаса. Старэйшая дачушка, васьмігадовая Віка, вучаніца Бярозкаўскай сярэдняй школы.

Вольга ў Вілейцы нарадзілася і вырасла. Жыве, праўда, не ў бацькоўскім доме. Купілі – трэба ж віць сваё гняздо. Маладая жанчына кажа, што пасля заканчэння Мінскага гандлёвага каледжа магла б уладкавацца на працу дзесьці і ў горадзе, але не захацела. Жыць у вёсцы, асабліва калі там знаёмыя з дзяцінства кожнае дрэўца, кожная сцяжынка, ёй вельмі падабаецца. Клопаты вясковыя сям’ю не пужаюць і не прыгнятаюць. І агароды садзяць немалыя, і жывёлы поўны хлеў. Але думкі пераехаць у іншае, больш ажыўленае, месца ёсць: не пра сябе дбаюць – пра дачок. Хочацца, каб і да школы ім было бліжэй, і да сябровак маглі ў госці хадзіць, і гурткі розныя наведваць.

Пераезд толькі плануецца. А пакуль што ў Вілейцы вясна, і маладая сям’я Цыбульскіх збіраецца садзіць бульбу. Жыццё працягваецца.

Алена Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *