Средняя школа №2 г. Докшицы празднует юбилей

У жыцці кожнага з нас ёсць месца, куды заўсёды прыходзіш з трапяткім сэрцам і адразу нібыта вяртаешся ў чароўную краіну дзяцінства і бестурботнага юнацтва. У свет, калі дрэвы былі вялікімі, а мары – незвычайнымі і бясконцымі. Гэта школа. Дваццаць пяць гадоў СШ № 2 г. Докшыцы гасцінна сустракае дзяцей, якія спяшаюцца ў храм ведаў. 

На ніве асветы і выхавання

001+1 верасня 1990 года сетка адукацыі раёна папоўнілася яшчэ адной школай. У райцэнтры была адкрыта СШ № 2. Усе радаваліся бязмежна: да гэтага часу адзіная ўстанова адукацыі была перагружана, гэта вельмі перашкаджала вучэбна-выхаваўчаму працэсу. Пакуль будынак новай школы ўзводзіўся, класы для 619 вучняў размяшчаліся ў памяшканні сельсавета, вучэбна-вытворчым камбінаце (вочна-завочная школа) і нават райкаме партыі (цяпер ГЦК). Каб хутчэй перайсці ў новыя светлыя класы, будаўнікам ПМК-52 дапамагалі ўсе – і вучні, і бацькі, і настаўнікі: убіралі вакол новага будынка тэрыторыю, добраўпарадкавалі яе, збіралі мэблю ў кабінетах. Нарэшце 1 красавіка 1991 года адбылося ўрачыстае адкрыццё.
Адметнасцю і прэстыжам новай школы было паглыбленае вывучэнне англійскай мовы. Дырэктарам установы адукацыі стаў Міхаіл Гаўрыловіч. Яго першымі намеснікамі былі: па вучэбнай рабоце — Роза Васілеўская, па выхаваўчай – Тамара Новікава, па пачатковых класах – Алена Крэміс, па замежнай мове – Ірына Крукава. Пазней іх змянілі Галіна Шугальская, Марына Малаш, Тамара Барэйка, Даната Лапатка. Міхаіл Сяргеевіч кіраваў шаснаццаць гадоў. Менавіта гэтаму чалавеку школа абавязана многім. Як педагог і сапраўдны гаспадар, ён лічыў, што менавіта праца выхоўвае чалавека. Таму працоўнаму навучанню ўдзялялася асаблівая ўвага. Намеснікам дырэктара па гэтым накірунку была Ганна Малаш. Дальнабачнасцю Гаўрыловіча стала і тое, што ў старэйшых класах з яго падачы з’явіўся новы прадмет – “Асновы эканомікі”, які выкладала эканаміст Валянціна Корсун. Былыя вучні і сёння ўдзячны за эканамічную адукацыю, якая спатрэбілася кожнаму ў жыцці.

Першыя крокі школа рабіла ў эканамічна няпросты час. Каб забяспечыць свае патрэбы, арандавалі 10 гектараў зямлі, якія засявалі зерневымі, садзілі капусту, цукровыя буракі, лён. На выручаныя ад продажу сельгаспрадукцыі грошы рабілі штогадовыя касметычныя рамонты. Дарэчы, толькі ў Докшыцкай СШ № 2 на той час дзеці 1 – 11 класаў абавязкова атрымлівалі навагоднія падарункі. На прышкольнай тэрыторыі былі закладзены сад і разарый. Установа адукацыі паказала першы прыклад сучаснага эстэтычнага дызайну ў раёне. Шыкоўнымі кветкамі любаваліся гараджане і госці.

Высокі ўзровень мела мастацкая самадзейнасць школы. Створаны ў ёй хор настаўнікаў быў пераможцам шматлікіх конкурсаў і шыкоўным упрыгожаннем раённых канцэртаў. Дзеці і дарослыя стварылі герб установы, плёнам творчага саюза Ірыны Дзяхканавай і Вольгі Сушко стаў гімн школы.

Самыя дарагія і запамінальныя падарункі для школы – гэта дасягненні і перамогі яе вучняў. За 25 гадоў залатымі медалямі былі ўзнагароджаны дваццаць дзевяць выпускнікоў. Прызёрамі рэспубліканскіх алімпіяд за гэты час станавіліся Інга Палачаніна, Наталля Гарбачова, Дар’я Абірала. Усе гэтыя заслугі — вынік сумеснай працы вучняў і настаўнікаў. Ганаровае званне “Настаўнік года” ў свой час было прысуджана Тамары Барэйка, Тамары Новікавай, Кацярыне Копыл, Наталлі Атрахімовіч, Ірыне Шымковіч, Генадзю Краўчонку. За гады існавання калектыў школы неаднаразова заваёўваў пераможныя месцы ў творчых і спартыўных спаборніцтвах, экалагічных аглядах і фестывалях.

Памятаюць у школе пра вялікі ўклад у яе станаўленне ветэранаў педагагічнай працы: Ганны Малаш, Зінаіды Панцялеевай, Таццяны Балуевай, Таісіі Маліноўскай, Тамары Барэйка, Надзеі і Міхаіла Гаўрыловічаў, Алены Крэміс, Марыі Грайчонак, Леаніда Зубрыцкага.

Краіна ведаў

1Год за годам ва ўстанове адукацыі ўдасканальваюцца навучальны і выхаваўчы працэсы. Дзейнічае экатэатр, а таксама праграмы для пачатковых класаў “Крок за крокам”, “Развіваючае навучанне”. У 2007 годзе да штурвала школьнага карабля прыходзіць новы капітан – Іван Шкелка, які сёння і кіруе ўстановай адукацыі. Маладому ініцыятыўнаму і адказнаму кіраўніку дапамагаюць трымаць школьны карабель на хвалях намеснікі па вучэбнай рабоце Лідзія Гігола, Наталля Атрахімовіч, Наталля Гапанёнак, па выхаваўчай – Даната Лапатка і педагог-арганізатар Ірына Дзяхканава. Сёння СШ № 2 г. Докшыцы – гэта 548 вучняў, 61 настаўнік і 36 чалавек абслугоўваючага персаналу. За мінулы навучальны год школа была тройчы ўзнагароджана граматамі за перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах. Да гэтага стосу трэба дадаць 14 абласных і 77 раённых прызавых месцаў. Значных поспехаў школа дасягнула ў патрыятычным выхаванні навучэнцаў. На працягу некалькіх гадоў установа адукацыі атрымлівала прызавыя месцы за правядзенне месячнікаў патрыятычнага выхавання. З мэтай развіцця цікавасці да прадметаў вучні ўдзельнічаюць у розных інтэлектуальных конкурсах. У школе створаны і працуюць такія клубы, як “Міласэрнасць”, “ЮІД”, а таксама цэнтры “Здароўе”, “Я – беларус!”, “Эколаг”. Тут плённа дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні класных кіраўнікоў, настаўнікаў пачатковых класаў, замежнай мовы, рускай і беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, фізічнай культуры і спорту, выкладчыкаў прадметаў прыродазнаўча-навуковага цыкла і інш. Па выніках мінулага года 73 працэнты выпускнікоў СШ № 2 г. Докшыцы паступілі ў ВНУ, а па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па рускай мове занялі пятае месца ў рэспубліцы. Сёлета ў гонар юбілею вучні з настаўнікамі пасадзілі дваццаць пяць вішнёвых дрэў.

Штогод установа адукацыі папаўняецца маладымі спецыялістамі, з якімі напрацаваным вопытам дзеляцца старэйшыя сябры-настаўнікі. Сярод апошніх ёсць тыя, хто сее разумнае, добрае, вечнае з дня адкрыцця ўстановы. Гэта Даната Лапатка, Валянціна Бальшунова, Ірына Марковіч, Генадзь Краўчонак, Мікалай Пранько, Людміла Лубнеўская, Алена Ціханава, Вольга Курдзека.

Якая ж яна, сённяшняя школа № 2? Калі ў ёй пастаянны педагагічны калектыў, значыць, яна цярплівая! Калі ў ёй шмат усмешак і добры настрой, значыць, яна шчаслівая! Калі тут заўсёды рады сваім выпускнікам, значыць, – гасцінная! Калі тут гатовыя дапамагчы кожнаму вучню, значыць, – добрая! Калі былыя вучні вядуць сюды сваіх дзяцей, значыць, – любімая!

Выхаваць асобу

IMG_2473Педагагічны стаж намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Данаты Лапатка складае 35 гадоў. З іх 25 яна прысвяціла вучням СШ № 2 г. Докшыцы. Дзякуючы паспяхова накіраванай працы намесніка ўстанова адукацыі і дабіваецца высокіх вынікаў у розных сферах дзейнасці.
Тое, што яна звяжа свой лёс са школай, Даната Лапатка ведала яшчэ з дзяцінства. Любімым прадметам была матэматыка. Менавіта выкладчык гэтага прадмета і стаў для яе прыкладам у выбары далейшай прафесіі. Выпускніца Празарокскай СШ Глыбоцкага раёна з лёгкасцю паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут, пасля заканчэння якога трапіла ў Докшыцкую СШ настаўнікам матэматыкі і фізікі.
– Я школай жыву, – дзеліцца Даната Генрыхаўна. – Паводле шматгадовых назіранняў магу з упэўненасцю сказаць, што работа настаўніка дапамагае захоўваць маладосць. Яшчэ вядомы педагог А.С. Макаранка сказаў, што педагог павінен быць сучасным, ведаць хоць трошкі пра культуру і лексікон падлеткаў. Гэта насамрэч дапамагае сумеснай рабоце вучняў і настаўнікаў. Паказальнікам таго, што мы з дзецьмі “на адной хвалі”, з’яўляецца годная работа школьнай пярвічкі РК ГА “БРСМ”. Нашы брсмаўцы штогод заваёўваюць прызавыя месцы ва ўсялякіх конкурсах і фестывалях. Вераніка Канашыц, Алена Шымковіч, Кацярына Салавей, Вераніка Далжук – лідары школы, якія сталі прыкладам для многіх.
Даната Генрыхаўна лічыць, што штодзённую карпатлівую, старанна прадуманую і арганізаваную выхаваўчую работу немагчыма ўявіць без памочнікаў. Яна вельмі ўдзячна за падтрымку і слушныя парады, за творчую работу і за добрасумленныя адносіны да сваіх абавязкаў калектыву класных кіраўнікоў, сацыяльна-псіхалагічна-педагагічнай службе і педагогу-арганізатару. А галоўным у гэтай суполцы, канечне ж, з’яўляецца дырэктар установы.
– Іван Аляксандравіч – высакакласны кіраўнік, – зазначае Даната Генрыхаўна. – Ён умее павесці за сабой, у любы момант можна разлічваць на яго дапамогу. З ім лёгка весці дыялог і вырашаць любыя пытанні.
Ёсць у Данаты Лапатка аднадумцы сярод калег па рабоце, з радасцю жанчына спяшаецца і дамоў. Яна вельмі любіць кулінарыць. На сямейных святах галоўнай стравай на стале заўсёды з’яўляюцца торцікі, у рэцэпты якіх Даната Генрыхаўна абавязкова дадае свой штрых. Дзве дачкі, Аксана і Вольга, падарылі ёй траіх цудоўных унукаў, у баўленні часу з якімі бабуля знаходзіць адпачынак і зараджаецца аптымізмам. Дарэчы, старэйшая дачка Аксана працуе разам з маці ў школе, выкладае беларускую мову і літаратуру. Ці перарасце гэта ў сямейную дынастыю, пакажа час.

Гонар школы

Выпускніца СШ № 2 г. Докшыцы Алена Можар (у школе – Зубовіч) славіць Докшыччыну на навуковай ніве. У 1994 годзе яна скончыла школу з залатым медалём і паступіла на хімічны факультэт БДУ. Дыплом аб вышэйшай адукацыі палічыла недастатковым, а таму пайшла далей вучыцца ў магістратуру па спецыяльнасці “сацыяльная педагогіка”. Атрымала акадэмічную ступень магістра педагагічных навук. З 2000 па 2003 год была аспіранткай БДУ. У 2007 годзе абараніла дысертацыю. Яе навуковыя работы можна ўбачыць на старонках навуковых газет і часопісаў. На сённяшні дзень яна працуе дацэнтам на кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, выкладае на хімічным факультэце і працуе са школьнікамі ў ліцэі БДУ.

Школа-юбілярка ганарыцца Алесяй Высоцкай (Мацкевіч), якая з’яўляецца палітычным аглядальнікам першага тэлеканала; настаўніцай сталічнай гімназіі Аленай Лукашэвіч, узнагароджанай Грантам Мінаблвыканкама за распрацоўку адукацыйнага праекта; Інгай Жамойта (Палачанінай), якая з адзнакай скончыла юрыдычны факультэт БДУ і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, зараз кіруе юрыдычнай службай OASIS Belarus; кінаакцёрамі Андрэем Шылько і Сяргеем Кавальскім і многімі іншымі.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *