Жители Волколат реализуют первую инициативу «Развитие потенциала сельских территорий Докшицкого района»

IMG_529131 сакавіка бягучага года 30 раёнаў рэспублікі падпісалі мемарандумы аб узаемаразуменні з Праграмай развіцця ААН у рамках праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які накіраваны на развіццё мясцовага патэнцыялу, самакіравання і ініцыятывы мясцовых суполак. Адразу тры ініцыятывы, рэалізацыя якіх запланавана на тэрыторыі нашага раёна, увайшлі ў лік пераможцаў 1-га конкурсу мясцовых ініцыятыў.

Вялікае ажыўленне панавала ў мінулую суботу на тэрыторыі зоны адпачынку каля ракі Патачанка ў Валкалатах. Вучні, настаўнікі і тэхперсанал Валкалацкай СШ, работнікі дзіцячага садка, аптэкі, СДК, проста жыхары аграгарадка сабраліся для падвядзення першых вынікаў рэалізацыі ініцыятывы “Развіццё патэнцыялу сельскіх тэрыторый Докшыцкага раёна”, заяўнікам якой стала Міжнароднае экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Прырода і мы”, а таксама для ўдзелу ва ўборцы тэрыторыі зоны адпачынку, закладкі пачатку экалагічнай сцяжынкі – пасадкі алеі маньчжурскіх арэхаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел рэгіянальны каардынатар Праграмы развіцця ААН па Віцебскай вобласці Андрэй Давыдзенка, старшыня праўлення МЭГА “Прырода і мы” Алег Лысёнак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Андрэй Давыдзенка паведаміў, што дадзеная ініцыятыва фінансуецца Еўрапейскім Саюзам у аб’ёме амаль 16000 еўра. Рэгіянальны каардынатар адзначыў, што Докшыцкі рэгіён дастойна выглядаў на конкурсе праектаў і нездарма ўваходзіць у лік 30 пілотных раёнаў, здольных да апрабацыі інавацыйных падыходаў у развіцці малых гарадоў і сельскіх тэрыторый.

– Добраўпарадкаванне зоны адпачынку – першая ініцыятыва ў раёне, – сказаў Андрэй Генадзевіч. – Шмат спраў чакае наперадзе: на чарзе яшчэ 10 сельсаветаў. Тут жа, як бачна, многае ўжо зроблена: устаноўлены мост праз раку, альтанка для адпачынку мясцовага насельніцтва і экатурыстаў, праведзена грамадская экалагічная экспертыза воднага аб’екта. Далейшае ў многім будзе залежаць ад вас, жыхароў, ад вынікаў дзейнасці Грамадскага экалагічнага паста і школьнага экалагічнага атрада. Прыемна бачыць сёння столькі людзей, неабыякавых да экалагічнага стану сваёй мясцовасці, адзначыць ініцыятыўнасць старшыні Валкалацкага сельвыканкама Антаніны Бабарыка, дапамогу і падтрымку кіраўніцтва раёна.
Алег Лысёнак расказаў прысутным пра дзейнасць аб’яднання “Прырода і мы”, якое існуе ўжо 8 гадоў і на працягу гэтага часу займаецца выратаваннем малых рэк у Беларусі. Ён адзначыў, што асноўная мэта мясцовай ініцыятывы – выяўленне і прадухіленне забруджвання малых рэк і іншых вадаёмаў, выказаў спадзяванні, што ў Валкалатах гэта справа будзе актыўна развівацца з дапамогай створанага школьнага экаатрада.

Алег Клетавіч прывёз 20 саджанцаў маньчжурскіх арэхаў для закладкі алеі ўздоўж экалагічнай сцяжынкі, якая будзе праходзіць па правым баку Патачанкі да Станіслаўскага возера. Жыхары Валкалат, госці, арганізатары мерапрыемства дружна пасадзілі, палілі і абгарадзілі нязвыклыя для іх мясцовасці дрэўцы, а ксёндз-пробашч Андрэй Зуй блаславіў зробленае іконай святога Францыска, які з’яўляецца ахоўнікам прыроды (на здымку).

Антаніна Бабарыка падзялілася задумамі на будучае: запусціць у рэчку малькоў таўсталобіка, якія вельмі добра ачышчаюць ваду ад непатрэбнай расліннасці, працягнуць работы па добраўпарадкаванні зоны адпачынку – устанавіць лавачкі, разбіць клумбы.

Разыходзіліся з добрым настроем і цеплынёй у сэрцах – так бывае заўсёды, калі зроблена агульная добрая справа, у якой абавязкова будзе працяг.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *