Май в Докшицком костёле св. Троицы стал самым торжественным

DSCN3124Насычаным з’яўляецца май для каталіцкіх вернікаў, бо шмат урачыстасцей прыпадае на гэты час. Асаблівасць апошняга месяца вясны яшчэ ў тым, што здаўна ён прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Штовечар вернікі збіраюцца разам, каб праз Ларэтанскую малітву даносіць словы хвалы і падзякі Маці Божай. У гэтым маленні мы вучымся змагацца з грахом, выкараняць яго са свайго сэрца, вучымся паслухмянасці, міласэрнасці і любові – тым дабротам, якія ўвасабляе Багародзіца. А для 26 хлопчыкаў і дзяўчынак з Докшыцкай парафіі Святой Тройцы ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (22 мая) стала самым яскравым сведчаннем іх свядомага прыйсця пад Божую апеку. У гэты дзень яны ўпершыню прыступілі да Святой Камуніі. Большасць з іх на працягу двух гадоў адказна рыхтавалася да такой значнай у жыцці падзеі. Вызнаць свае грахі і папрасіць за іх прабачэння – нялёгкая справа. Але бадзёрая падтрымка сястры Маргарыты, цёплая апека бацькоў і адкрытая прыхільнасць святароў дапамаглі маленькім вернікам пераадолець хваляванне і ачысціць сваё сумленне ад набытых грахоў. Своеасаблівым адбіткам у памяці гэтых дзяцей і іх бацькоў застануцца і першыя пілігрымкі, якія набылі традыцыйнасць: у касцёл Маці Божай Міласэрнасці ў вёсцы Бярозаўка і ў санктуарый да Маці Божай Будслаўскай. Толькі гэтыя ўрачыстыя дні з яскравымі ўспамінамі не павінны застацца прыгожай карцінкай у далейшым жыцці дзяцей. Іх пазнанне веры не павінна абмежавацца белым тыднем, калі ў святочным убранні яны беглі да касцёла і сваім выглядам выклікалі радасць у навакольных. Праз усё жыццё ім трэба пранесці сваю веру, адказнасць і любоў. І хоць цяжка стаяць на каленях падчас працэсіі вакол касцёла (на здымку), нялёгка пакінуць сяброў ці адарвацца ад любімага занятку і прыбегчы на спатканне з Богам, але калі ў сэрцы пасяліўся Езус, то спакусы будуць пераадолены.

Тэкст і фота
Ірыны Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *