Полсотни за баню: много или мало?

…Лазню люблю з дзяцінства. За гэта дзякуй бабулі. Менавіта яна метадычна, як сказалі б зараз, прывучала мяне да пары з духмяным венікам… З таго цудоўнага часу мінула гадоў пад дваццаць. Няма ўжо ні бабулі, ні невялічкай вясковай лазні, а жаданне атрымліваць асалоду ад лёгкай пары, прывітае ў маленстве, засталося. Таму, каб скінуць негатыў і набрацца станоўчай энергіі, час ад часу наведваю гарадскую грамадскую лазню. За звычайнымі для гэтага месца працэдурамі ды размовамі пастаянных наведвальніц, якія ўжо сталі за некалькі гадоў добрымі знаёмымі, гадзіны ляцяць імгненна. У адзін з суботніх вечароў нарадзілася тэма гэтага артыкула:
– Паўсотні за лазню — хіба гэта не шмат? – завяла ў парыльні гамонку жанчына.

баня 6
– Ну, не ведаю, мне адной схадзіць, дык нічога страшнага,– адказала ёй адна з маладзіц.
– А я зараз толькі адна дазваляю сабе такую раскошу. Раней хадзіла з дочкамі-студэнткамі. А калі стала 150 тысяч за ўсіх – накладна, – рэзюмавала трэцяя.
– Дарагавата, канечне, але ж я вельмі люблю пару, усё роўна хадзіць буду. І гаспадар мой ходзіць кожную суботу. Праўда, пачалі кумекаць, можа, сваю пачаць будаваць у складчыну з суседзямі на дзве сям’і, – далучылася да размовы чацвёртая.

чек

Пачутае стала штуршком, каб больш дэталёва разабрацца ў тэме.
Пра павышэнне кошту на лазні загаварылі яшчэ ў пачатку года. Справа ў тым, што пастановай Саўміна №8 ад 11 студзеня былі ўнесены значныя змены ў пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца. З пераліку сацыяльна значных тавараў і паслуг былі выключаны і паслугі агульных аддзяленняў лазняў. Што гэта азначае? А тое, што бюджэтнае субсідзіраванне было спынена, і выдаткі на лазні, якія і да гэта часу ў невялікіх райцэнтрах надта прыбытак не прыносілі, леглі на плечы іх уласнікаў. У нашым раёне такой арганізацыяй з’яўляецца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
Ужо на месцах у кожным канкрэтным райцэнтры пачалі прымаць рашэнні аб павелічэнні кошту на гэту больш не сацыяльна значную паслугу. Дарэчы, да годнасці нашых камунальнікаў трэба адзначыць, што ў Докшыцкім раёне кошт грамадскай лазні адзін з самых нізкіх у вобласці. Цана квіткоў у многіх райцэнтрах пачынаецца ад 60-70 тысяч. На Лепельшчыне, напрыклад, паход у грамадскую лазню абыходзіцца ў 80 тысяч з чалавека.
Павышэнне кошту лазні пацягнула за сабой зніжэнне колькасці іх наведвальнікаў і пэўную грамадскую незадаволенасць. Аднак у адказ на гэта камунгас апелюе даволі ўнушальнымі лічбамі.
Па інфармацыі планава-эканамічнага аддзела арганізацыі, утрыманне на балансе грамадскіх лазняў – гэта значны эканамічны цяжар, які нават павялічаны кошт білета не здольны перакрыць.
За чатыры месяцы бягучага года грамадскую лазню ў райцэнтры наведалі толькі 1170 чалавек (гэта мужчынскае і жаночае аддзяленні разам). Выручкі атрымана крыху больш за 55 мільёнаў рублёў. Да іх дадаюцца субсідыі ў суме 27 мільёнаў рублёў, якія былі атрыманы яшчэ ў пачатку года, і ў выніку – 82 мільёны даходу. А вось сродкі, у якія камунгасу абышлася праца лазні толькі ў райцэнтры, склалі 300 мільёнаў рублёў. Гэта значыць, што да прыбытку вельмі далёка, а вось выдаткі складаюць каля 218 мільёнаў.
Эканамісты арганізацыі падлічылі, што фактычны сабекошт наведвання лазні ў райцэнтры адным чалавекам складае 257 (!) тысяч рублёў. Квіток жа каштуе 50 тысяч, аднолькава па ўсім раёне. Таму, згадзіцеся, пры падрабязным разглядзе гэтага пытання кошт здаецца ўжо не такім жахлівым.
Да прыкладу, сабекошт аднаго наведвання лазні ў Крулеўшчыне 144 тысячы рублёў. За згаданы час гэтай паслугай там скарысталіся 402 чалавекі. Крыху больш выгадна выглядае праца лазні ў Бягомлі. За чатыры месяцы туды прыйшлі 833 наведвальнікі, а сабекошт аднаго мыцця склаў 84,5 тысячы рублёў.
Ва ўмовах сучаснасці, калі востра стаіць пытанне выхаду прадпрыемстваў на самаакупнасць, лазня для камунальнікаў становіцца калі не цяжарам, то даволі важкай ношай. Таму арганізацыя просіць спажыўцоў сваіх паслуг з большым разуменнем аднесціся да павышэння кошту квітка, каб у будучым пазбегнуць пытання: а ўвогуле, ці мэтазгодна ўтрымліваць на балансе такі аб’ект?

Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *