Воспитанники пришкольного лагеря «Юный спасатель» СШ № 1 г. Докшицы посетили воинскую часть

Здымак 1

Здымак 1

Выхаванцы прышкольнага патрыятычна-аздараўленчага лагера “Юны выратавальнік” СШ № 1 г. Докшыцы дакладна ведаюць, дзе можна атрымаць урокі мужнасці, знайсці сапраўдных, правераных сяброў, а таксама загартавацца не толькі целам, але і духам. Адказ на гэтыя пытанні хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падчас найцікавейшай экскурсіі ў воінскую часць пад Лепелем, якую арганізавалі для іх настаўнікі і раённы ваенны камісарыят.

Дзеці Віцебшчыны – частыя госці 19-й асобнай гвардзейскай Мікалаеўска-Будапешцкай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 2-й ступені механізаванай брыгады, што дыслацыруецца ў мястэчку Заслонава Лепельскага раёна.
– Мы не аднойчы прывозілі ў часць вучняў раёна, – расказвае начальнік групы прызыву райваенкамата старшы лейтэнант Уладзіслаў Трашчанка. – На экскурсіях дзеці знаёмяцца з буднямі салдат, на свае вочы бачаць, як жывуць вайскоўцы. Неаднаразова напрыканцы паездак чуў ад хлопчыкаў, што яны абавязкова пойдуць служыць.

90 кіламетраў на новенькім школьным аўтобусе – і вось яна, армія. На пад’ездзе да КПП дзеці з цікаўнасцю папрыліпалі да акенцаў: вялізны кран дапамагаў устанавіць на пастамент сапраўдны танк.
– Гэта наш новы помнік у гонар воінаў-мотастралкоў, – растлумачыў сяржант Павел Бабуль, які суправаджаў экскурсію.

Аўтобус спыніўся ля клуба воінскай часці. Напачатку – знаёмства з гісторыяй пасёлка Заслонава ў музеі, што размешчаны тут. Дзеці з лёгкасцю называлі старадаўнія прадметы беларускага побыту, якія ім паказвала экскурсавод. Самым цікавым экспанатам для хлопчыкаў і дзяўчынак стала старая пішучая машынка. Яны з цікаўнасцю параўналі расклад літар на ёй і сучасным камп’ютары. Наступная зала музея распавядала пра баявы шлях часці. У клубе дзеці перавялі дух, бо наперадзе была пешая прагулка вакол часці пад пякучым чэрвеньскім сонцам.

Здымак 2

Здымак 2

Наступны прыпынак – ля каравульнага комплексу. Сапраўдныя дубінка, кайданкі, пісталет і карабін – экскурсанты ўсё патрымалі ў руках. Але не гэта выклікала асабістую цікаўнасць школьнікаў. Галоўныя ахоўнікі на комплексе – дзесяць аўчарак, якія (кожная ў сваім вальеры) сустрэлі дзятву гучным брэхам. Пагладзіць і пакарміць чатырохногіх ваяк не дазволілі, але на радасць дзецям прынеслі маленькіх шчанят пароды “двортэр’ер”, якіх кожны хацеў забраць дадому: такія міленькія і безабаронныя яны былі. Але час прыспешваў: хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі ў казарме.

У “жыллі” гвардзейцаў, менавіта так называюць у часці службоўцаў, усіх уразіў ідэальны парадак. І зноў-такі дзецям паказалі розную зброю, а таксама оптыка-электронныя прыборы, якімі аснашчана сучасная армія (здымак 1). Калі ж экскурсанты даведаліся, што далей іх павядуць на палігон да баявой тэхнікі і ім можна будзе нават залезці ў танк, амаль хорам заявілі, што абавязкова пойдуць служыць у армію. Кожны з задавальненнем прымерыў шлем танкіста і пакіраваў дулам пушкі (здымак 2). Толькі навальніца з ліўневым дажджом змаглі адцягнуць дзяцей ад гусенічнай машыны і сабрацца ў аўтобусе. Дарога дамоў была насычана ўражаннямі дня. І дзеці, і настаўнікі засталіся вельмі задаволенымі і ўдзячнымі тым, без каго гэта экскурсія не адбылася б: аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўніцтву РАНС, а таксама докшыцкім малаказаводу і хлебазаводу.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *