«Бярэзінскія напевы» — конкурс вокалистов прошёл в Докшицах

IMG_0078IMG_1331У рамках Фестывалю дзвюх рэк адбыўся адкрыты конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, у якім прынялі ўдзел дванаццаць вакалістаў і ансамбляў з розных куткоў Беларусі. Пазмагацца за званне лепшых прыехалі ў Докшыцы артысты з Гарадоцкага, Вілейскага, Чашніцкага і Барысаўскага раёна. Докшыччыну прадстаўлялі салісты-вакалісты вакальнай эстраднай студыі “Зоркапад” Крулеўшчынскай СШ Аляксандр Плыгаўка, Надзея Бардзянкова і Лізавета Міхмель, а таксама ўзорная вакальная студыя “Тоніка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Старшынёй кампетэнтнага журы была начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Галіна Баркевіч. Вынікі конкурсу падвялі на вячэрнім гала-канцэрце ў апошні дзень фестывалю, на якім Галіна Фёдараўна павіншавала ўсіх з цудоўным святам сяброўства і творчасці, якое сабрала на Докшыччыне шматлікіх таленавітых людзей. Яна ж уручыла ўзнагароды пераможцам. За ўдзел у “Бярэзінскіх напевах” дыпломы атрымалі: наш зямляк Аляксандр Плыгаўка, салісты-вакалісты народнага аматарскага калектыву аўтарскай песні “Імпэт” аграгарадка Ілья Вілейскага раёна Антаніна Галубовіч і Пётр Кулеш, Іван Прыстаўка з Чашнікаў, Настасся Галінская з Новалукомля, Ягор Канашонак з Барысава.
У намінацыі “Саліст-вакаліст” трэцяе і другое месцы прысудзілі салісткам вакальнай эстраднай студыі “Зоркапад” Надзеі Бардзянковай і Лізавеце Міхмель. Пераможцай стала Нэлі Багданава з Гарадоцкага раёна, якая на конкурсе выконвала песні “Засталася” з рэпертуару Вікторыі Алешка і “Там нет меня” з рэпертуару Севары.
У намінацыі “Вакальны ансамбль” трэцяе месца атрымаў народны ансамбль эстраднай песні “Павер’е” Барысаўскага раёна. Другое – у докшыцкай “Тонікі”. Першае месца прысудзілі ўзорнай студыі эстраднай песні “Страна чудес” Чашніцкага раёна. Сваімі яркімі цікавымі касцюмамі, танцамі падчас выканання песень і, канечне ж, прыгожымі галасамі яны заваявалі не толькі журы, але і гледачоў конкурснай праграмы.
Пераможцы атрымалі дыпломы і ганаровыя статуэткі конкурсу, якія ўручала “Лэдзі Фестываль” Настасся Стэфаньян.
Пасля ўрачыстай часткі святочную праграму працягнуў гала-канцэрт удзельнікаў і пераможцаў адкрытага конкурсу вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, які распачала юная зорачка Докшыччыны Ульяна Палячонак.

Яўгенія Малевіч

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *