Ігар і Вера Дзехцяры адзначылі дзесяць гадоў з дня стварэння сваёй сям’і

IMG_0295Сёлета Ігар і Вера Дзехцяры адзначылі дзесяць гадоў з дня стварэння сваёй сям’і. Юбілей хаця і невялікі, але ўжо можа быць падмуркам для далейшага жыцця.

Пазнаёміліся тады яшчэ ўчастковы Тумілавіцкага сельсавета з Таргуноў і дзяўчына з Касцюковіч на дні нараджэння ў сястры Ігара, якая была Верынай сяброўкай, а потым яшчэ і стала сведкай на іх вяселлі.
Жыць жонка пераехала да мужа ў Таргуны, дзе маладому ўчастковаму, які пасля заканчэння Акадэміі МУС вярнуўся на малую радзіму, выдзелілі службовы дом. У хуткім часе ў сям’і нарадзіўся першынец Арцёмка. Маладая маці актыўна спраўлялася з новай роллю, і пакрысе прывыкала да Докшыцкага краю. Гаспадар, між тым, нёс службу ў родным сельсавеце.
Ігар Дзяхцяр адзначае, што “школа ўчастковага” – самая лепшая навука ў прафесіі міліцыянера. Менавіта за тыя сем гадоў, якія сённяшні оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку, маёр Дзяхцяр працаваў участковым у Тумілавіцкім і Бягомльскім сельсаветах, ён навучыўся наладжваць зносіны з рознымі людзьмі, з кожным знаходзіць агульную мову, даваць ацэнку іх дзеянням. Усё гэта сёння служыць добрай навукай у справе крымінальнага вышуку, бо пры раскрыцці злачынстваў дробязей не бывае.
Між тым пара стала задумвацца пра ўласнае жыллё. Было прынята рашэнне будаваць кааператыўную кватэру ў Докшыцах: і да бацькоў блізка, і сыну больш магчымасцей для развіцця фізічных і творчых здольнасцей (Арцём добра малюе і займаецца дзюдо). Сталі ў чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адкрылі крэдытную лінію і пяць гадоў таму атрымалі ключы ад уласнай кватэры. Калі сыночку было шэсць гадоў, у сям’і нарадзілася дачушка Настачка. Па словах Веры, хаця дачушцы яшчэ толькі тры годзікі, але ўжо бачна, што яна па характары больш падобна на маці, Арцём жа – татаў сын, і як бацька хоча быць міліцыянерам. Час пакажа, але службу ў сям’і Дзяхцяр ужо нясе не толькі тата, але і мама.
Два гады таму Вера прыйшла ў Докшыцкі РАУС на працу старшым інспектарам групы рэжымна-сакрэтнай дзейнасці. І хаця пасада гэта не прадугледжвае нашэння пагонаў, адказнасці за даручаную справу не змяншае: сакрэтная дакументацыя, звароты грамадзян, кантроль за тэрмінамі выканання дакументаў.
…Мы размаўляем з сям’ёй Дзехцяроў, седзячы за кубкамі духмянай кавы на ўтульнай сучаснай кухні, дзе ў кожным куточку бачыцца рука стараннай гаспадыні. На рэзоннае пытанне, ці было складаным рашэнне ісці на працу ў адну арганізацыю з мужам, Вера ўпэўнена адказвае, што гэта не толькі не перашкаджае сямейнаму жыццю, а, наадварот, паляпшае мікраклімат. Бо толькі пасля таго, як сама ўладкавалася ў РАУС, пакрысе прыйшло разуменне таго, чаму мужу трэба затрымацца на службе, што міліцыянер і нармаваны рабочы тыдзень – рэчы несумяшчальныя, і што пасля напружанай працы гаспадару патрэбна больш часу пабыць у цішыні і спакоі.
Ігар дадае, што сілы чэрпае ў сям’і, дзецях: звонкім шчабятанні дачушкі і досыць разважлівых выказваннях дзевяцігадовага сына.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *