В Докшицком районе почтили память воинов, которые погибли в мирное время

IMG_0267Дзень 5 жніўня ў нашым раёне азнаменаваны як Дзень памяці воінаў, якія загінулі ў мірны час. Па даўняй традыцыі пасля малітвы ў храмах ля помніка воінам сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, раённага Савета ветэранаў, грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “БРСМ”, а таксама арганізацый раёна (на здымку), каб падтрымаць сем’і, якія страцілі сваіх сыноў, і аддаць даніну памяці тым, хто ў свой час прысягнуў на вернасць Радзіме, але не дажыў да гэтых дзён. Пасля ўскладання кветак усе былі запрошаны ў чытальную залу дзіцячай бібліятэкі, каб не толькі ўспомніць пайменна загінулых ваеннаслужачых, але і абмеркаваць надзённыя пытанні. Са зваротам да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, якая пажадала матулям цярпення, мужнасці, стойкасці. Яна падкрэсліла, што прыемна ўсведамляць, як сучасная моладзь імкнецца захоўваць памяць і пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, і пра тых маладых хлопцаў, у гонар якіх ладзілася дадзенае мерапрыемства. Валянціна Юр’еўна паабяцала ўзяць на кантроль абнаўленне дрэў Алеі памяці.
– Сёння мы чуем словы спагады, падтрымкі і суцяшэння тым, хто мае незагойную рану, – звярнуўся да прысутных зямляк-пісьменнік, драматург, Ганаровы член Рэспубліканскага камітэта Беларускай грамадскай арганізацыі салдацкіх маці Фёдар Палачанін. – У нашым раёне дастойна ўшаноўваецца памяць 55 ваеннаслужачых, якія загінулі ў мірны час. 17 гадоў таму першую Алею памяці заклалі менавіта ў Докшыцах. Потым такія алеі з’явіліся ў Мінску, Брэсце і іншых гарадах рэспублікі.
Пры падтрымцы райвыканкама і з актыўнай дапамогай родных загінулых і грамадскасці Фёдар Антонавіч напісаў і выпусціў кнігу “Недаспяваная песня”. Паводле яе на рэспубліканскім радыё была падрыхтавана і агучана радыёкампазіцыя “Красуйся, бярозка, расці”. Праз некаторы час з-пад пяра Ф. Палачаніна выйшла і другая кніга – “Недаспяваная песня ў сэрцы гучыць”. Вопыт работы па ўшанаванні загінулых ваеннаслужачых паслужыў прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны. Сёлета споўнілася 15 гадоў, як выйшла кніга “Недаспяваная песня”. Яе апошнія радкі гучаць так: “Няхай у гэтым жалобным спісе больш ніколі не з’яўляюцца новыя імёны”.
Душэўны настрой у гэты дзень стваралі для прысутных работнікі культуры. Шчырымі і пранікнёнымі былі словы падтрымкі вядучай мерапрыемства Крысціны Гмырак. З надрывам гучалі песні ў выкананні Ірыны Калбасіч, Валерыя Міхмеля, Андрэя Воранава і Андрэя Чабана.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *