Владимир Андрейченко провел прием граждан в Докшицах

IMG_0282

 

IMG_0236Наш раён 18 жніўня наведаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. У гэты дзень ён правёў асабісты прыём грамадзян. Пытанні, з якімі звярнуліся да спікера беларускага парламента, датычыліся паляпшэння ўмоў жылля.

З Порплішча прыехаў Аляксандр Жызнеўскі (на здымку). Яго жыллёвая праблема цягнецца каля 14 гадоў. Яшчэ ў 1994 годзе мужчына набыў хутар побач са свінафермай мясцовай гаспадаркі. Дакументы на яго не афармляў, так і жыў.
У 2002 годзе здарылася, мякка кажучы, непрыемнасць – на ферме са строю выйшаў гноезаборнік. У выніку нечыстотамі затапіла ўвесь зямельны ўчастак з вішнёвым садам, гаспадарчыя пабудовы. Адным словам, жыць там далей было ўжо немагчыма. Кіраўніцтва гаспадаркі вымушана было выдзеліць пацярпеламу дом, у якім па сённяшні дзень пражывае Аляксандр Уладзіміравіч з сынам і дачкой-інвалідам. На прыёме мужчына выказаў просьбу, каб жыллё яму перадалі ва ўласнасць на бязвыплатнай аснове альбо прапанавалі іншы варыянт вырашэння праблемы, які б яго задаволіў. Паколькі дом з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы, акцыянернае таварыства “Барсучанка” не можа проста ўзяць і падарыць яго. Жызнеўскаму было прапанавана падрыхтаваць пісьмовую заяву з прыкладаннем дакументаў, якія пацвярджаюць нанясенне ўрону. Пасля вызначэння сумы грамадзяніну акажуць садзейнічанне ў набыцці жыллёвага памяшкання.

Другі зварот паступіў ад Таццяны Шэпелевай з Докшыц. На дадзены момант жанчына, якая з’яўляецца шматдзетнай маці, будуе кватэру ў 40-кватэрным жылым доме. Пад будаўніцтва адкрыта крэдытная лінія, аднак у сувязі з тым, што ва ўласнасці ёсць жылы дом, за перыяд будаўніцтва ёй трэба ўнесці грашовыя сродкі ў памеры 202,7 млн недэмінаваных рублёў, што, як сцвярджае грамадзянка, ёй не па сілах. Т.М. Шэпелевай было растлумачана, што ёсць магчымасць бязвыплатна перадаць жылы дом у камунальную ўласнасць раёна. Яе мужу (грамадзяніну Расіі) прапанавана ўпарадкаваць дакументы і стаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў сумесна з жонкай. Гэта дазволіць значна зменшыць грашовыя сродкі, якія трэба ўнесці.
У гэты ж дзень Уладзімір Андрэйчанка наведаў пасля праведзенага рамонту корпус зубапратэзнага аддзялення (на здымку), а таксама пацікавіўся тэмпамі работ на будаўнічай пляцоўцы, дзе працягваецца ўзвядзенне стаматалагічнай паліклінікі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *