Вежливые пассажиры — залог хорошего настроения водителя из Докшицкого района Александра Жалейки

IMG_2650+Напэўна, няма ў раёне чалавека, які б хоць аднойчы не скарыстаўся паслугамі аўтапрадпрыемства. Нават у Докшыцах, якія, здаецца, з лёгкасцю можна абысці пехам, для выгод жыхароў штодзень курсуе гарадскі аўтобус. Каб лепш пазнаёміцца з прафесіяй вадзіцеля аўтобуса, карэспандэнт раёнкі вырашыў праехаць па ўсім гарадскім маршруце. Аказалася, ён не абмяжоўваецца прыпынкамі “аўтастанцыя” – “бальніца”.

Раніца. Пад спевы так званых “вясковых будзільнікаў” – пеўняў спяшаюся да аўтастанцыі: адпраўленне гарадскога аўтобуса з аўтавакзала ў 7.10. У цёплым будынку ўжо ёсць людзі, боль­шасць з якіх едзе на працу. Касір Зоя Зданоўская ветліва вітаецца і знаё­міць з раскладам.

– Сёння на маршруце вадзіцель Аляксандр Жалейка. Ён вопытны кіроўца, – падкрэслівае Зоя Пятроўна, – так што пра ўсе нюансы сам вам раскажа.

Аляксандр Мар’янавіч забег у касу, каб адзна­чыць пуцявы ліст. За паўгадзіны да адпраўкі рэйса яго трэба забраць на аўтабазе. А яшчэ прайсці праверку стану здароўя ў раённай ЦРБ, разам з механікам праверыць аўтамабіль, заправіць яго. Таму працоўны дзень вадзіцеля сёння пачаўся ў 6.30 (калі б гэта быў рэйс на Гарадзішча — то ў 4 гадзіны раніцы).

– Увесь працэс перад адпраўкай па маршруце больш як за трыццаць гадоў працы за баранкай аўтамабіля адпрацаваны да аўтаматызму, – дзеліцца вадзіцель. – Усё дзеля бяспекі пасажыраў. Іх добрае абслугоўванне таксама ў нашых інтарэсах, бо выкананне штодзённага плана па выручцы поўнасцю залежыць ад колькасці тых, хто скарыстаўся нашымі паслугамі.

Аляксандр Мар’янавіч родам з Заборцаў. Пасля школы мэтанакіравана пайшоў у Докшыцкую аўта­школу, бо вельмі хацелася навучыцца кіраваць аўтамабілем. Вопыт вадзіцеля напрацоўваў у арміі, пасля службы з лёгкасцю ўладкаваўся кіроўцам у адной з докшыцкіх арганізацый. З цягам часу трапіў на працу на аўтапрадпрыемства. Так і застаўся тут, аб чым ніколькі не шкадуе.

Мы рушылі з Аляксандрам да аўтобуса, ля якога чакаў адзіны пасажыр (мужчына ехаў на працу ў РЭС). Першы прыпынак пасля аўтастанцыі – “ПМС”, далей – “ПМК-52”, зноў аўтастанцыя, плошча Палявога. За гэты час – ніводнага чалавека.

– Дзень на дзень не прыходзіцца, – заўважае вадзіцель. – Зараз заедзем у Лапуты – там шмат школьнікаў сядзе.

На гадзінніку каля 7.30. Здалёк на прыпынку ў вёсцы, як светлячкі, мільгалі флікеры. Учорашняя непагадзь заліла дарогу – не ступіць, і людзям не вельмі зручна забірацца ў аўтобус. Ля РЭСа высадзілі першага пасажыра і адправіліся ў раён былой сельгастэхнікі: прыпынак “райаграсэрвіс”. Менавіта тут прагучалі першыя (!) за ўсю раніцу “добры дзень” і “дзякуй”. З гэтага моманту захацелася палічыць колькасць ветлівых дакшычан. Аўтобус забраў ахвотных у мікрараёне за возерам, сярод якіх зноў жа было шмат дзяцей.

– Школьнікі ездзяць бясплатна, – удакладніў Аляксандр.

Мы зноў прыпыніліся ля “райаграсэрвіса”, потым – ля крамы “Выток”, рэстарана “Бярэзіна”. У 7.50 – зноў на аўтастанцыі. Праз чатыры хвіліны, з прыпынкам на плошчы, рушылі да бальніцы.

– Як бачыце, пасажыраў, калі не лічыць школьнікаў, няшмат, – заўважае вадзіцель. – Нават недасведчанаму чалавеку зразумела, што плата за праезд у 40 капеек не пакрывае і дзясятай долі затрат, неабходных для работы аўтобуснага парка. Львіную долю бярэ на сябе дзяржава, якая клапоціцца пра выгоды сваіх грамадзян.

Ля ЦРБ аўтобус пусцее.

– Вось і першы круг, – усміхаецца Аляксандр Мар’янавіч. – Час паснедаць і падрыхтавацца да маршруту на ст. Параф’янава, які па раскладзе ў 10.20.
Аказваецца, у дадатак да гарадскога ў панядзелак, сераду і чацвер уваходзяць дзённы маршрут на чыгуначны вакзал і вячэрні (два разы на тыдзень) – у Таргуны. За адзін дзень па Докшыцах аўтобус робіць тры кругі, агульны кіламетраж усяго складае 102 кіламетры.

Вельмі дзіўна, што за час, пакуль я суправаджала маршрут, толькі пяць разоў ад пасажыраў прагучалі словы “добры дзень” і столькі ж “дзякуй”. Кожны з нас чакае годнага абслугоўвання з боку вадзіцеля, а сам часта шкадуе нават звычайнага ветлівага слова ў адказ.

Калі развітвалася са сваім “часовым калегам”, пажадала яму, як і кожнаму кіроўцу, шырокіх і роўных дарог, светлых скрыжаванняў і ўдзячных пасажыраў.

У раёне дзейнічаюць два ўчасткі “Аўтапрадпрыемства № 14” г. Лепеля ААТ “Віцебскаблаўтатранс”: Докшыцкі і Бягомльскі.
У аўтапарках налічваецца 18 аўтобусаў, на якіх працуюць 18 вадзіцеляў.
Аўтапрадпрыемства забяспечвае дзей­насць двух міжгародніх маршрутаў: “Докшыцы – Віцебск” і “Бягомль – Лепель”, сямнаццаці прыгарадных і аднаго гарадскога.

НА ЗДЫМКУ: самыя ветлівыя пасажыры аказаліся на ст. Параф’янава.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *