Старейшина деревни Горелое Докшицкого района помогает односельчанам

IMG_4877Соф’я Церах – галоўная ў вёсцы Гарэлае. Яна старэйшына гэтага населенага пункта.
– Такую важную пасаду прапаноўваем толькі людзям неабыякавым, інтарэсы якіх не абмяжоўваюцца асабістым жыццём і праблемамі сваёй сям’і, – гаворыць старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахінін, які следам за трактарам, што вызваляў дарогу ад снегу, наведаўся ў вёску. – Соф’я Мікалаеўна менавіта такі чалавек. Не па доўгу службы, а ад усяго сэрца стараецца дапамагчы людзям.

Нядаўна даведаўся, што яна паклапацілася, у тым ліку і з уласных сродкаў, каб аднаму мясцоваму небараку завезлі дровы. Шкада, кажа, змерзне чалавек зімой. Адчувае сябе адказнай за ўсё, што адбываецца ў вёсцы: і за асвятленне, і за стан дарог, і за прыезд аўталаўкі. Не без яе актыўнага клопату такія пытанні ўжо даўно ў гэтым краі не выклікаюць праблем. Дзякуючы яе ініцыятыве, мясцовыя могілкі прыведзены ў парадак. Калі чую ў тэлефоннай трубцы голас Соф’і Мікалаеўны, а гэта здараецца даволі часта, то ведаю – следам за дакладам пра вясковыя справы будзе просьба ці прапанова. Дарэчы, яны заўсёды слушныя, абгрунтаваныя і рэальныя. Занадта ніколі не просіць, таму і стараемся ёй заўсёды дапамагчы.
На гэтым размова спынілася, бо да нас падышла сама старэйшына, якая дагэтуль кантралявала работу тэхнікі на вясковай вуліцы. Крыху паўшчувала, чаму менавіта яе выбралі гераіняй для газетнага артыкула, а потым і разгаварылася. Перад намі, як на далоні, паўстала жыццё простай вясковай жанчыны, галоўныя рысы характару якой – вялікая працавітасць, добразычлівасць, гасціннасць і шчырасць. Актыўнай і ініцыятыўнай яна была заўсёды.
У вёсцы ўсё жыццё чалавека навідавоку. Соф’ю Мікалаеўну аднавяскоўцы ведаюць з маладосці. Зусім юнай трапіла яна ў Гарэлае, калі стала жонкай Канстанціна Цераха. Дзяўчыну з Гомельшчыны ўразіла бяскрайняя пушча, з яе паляўнічымі ўгоддзямі, разнастайнае багацце лясных дароў і на гэтым фоне вельмі сціплае, нават беднае жыццё мясцовых людзей. Былы партызанскі край, расстраляны і спалены, толькі-толькі прыходзіў у сябе пасля вайны. Тады і пасяліўся ў сэрцы жанчыны жаль да гэтых гаротных на лёс людзей, ёсць яму месца ў ім і зараз.
Па прыездзе ў Гарэлае муж пайшоў працаваць лесніком, а яна — прадаўцом у краму вёскі Студзёнка. Сорак гадоў адмярала шлях у пяць кіламетраў. Больш за дваццаць з іх была яшчэ і нарыхтоўшчыкам грыбоў. У той час ад насельніцтва іх прымалі сырымі, а здаваць трэба было варанымі. Дзень Церахі аддавалі асноўнай рабоце, а з вечара да позняй ночы займаліся варкай.
– Цяжкая праца, але ж дзяцей неабходна было падымаць, – успамінае Соф’я Мікалаеўна, – і людзям мясцовым прыработак добры да калгаснага працадня, а пазней — зарплаты. Вось мы і стараліся.
Як і большасць старэйшын, Соф’я Церах – пенсіянерка. Але для сваіх без малога 80-ці гадоў яна на дзіва рухавы і жыццярадасны чалавек. Яе сядзіба – узор сельскага дызайну і прыгажосці. Канечне, у большасці – гэта стараннасць гарадскіх дзяцей, якія ўсе, дарэчы, як кажуць, “выйшлі ў людзі”, але любові да сваёй малой радзімы, да вясковых каранёў, іх, безумоўна, навучылі бацькі. У парадку зробленае імі падтрымлівае сама Соф’я Мікалаеўна. У старэйшыны ўсё павінна быць лепшым, тады і з астатніх спытаць будзе прасцей, лічыць яна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *