В свои восемьдесят восемь Леонид Валько из деревни Чисти-Мильчанские ведет активный образ жизни
У свае восемдзясят восем Леанід Валько з вёскі Чысці-Мільчанскія рэдка сядзіць дома. Хацелі дамовіцца з ім аб сустрэчы – і не маглі датэлефанавацца. “Набірайце яму да васьмі ранку або цёмна вечарам”, – даў параду яго сын Уладзімір. Нашаму здзіўленню не было канца: дзе ж ён бывае цэлы божы дзень? Аказваецца, на прагулках…
Зімою – пешшу, летам – на веласіпедзе. І не важна, што там на двары: снег, дождж ці пякучае сонца. Зімою яго маршрут праходзіць па навакольных дарогах, летам яшчэ і па лесе.
– Станеш ездзіць, хадзіць – і крапчаеш, – растлумачыў свой выбар на карысць здаровага ладу жыцця Леанід Іванавіч.
Праўда, ёсць для яго хобі і выхадныя – у дні работы аўталаўкі. І хоць дачка Ірына прыязджае з Лагойскага раёна кожную суботу з поўным пакетам прысмакаў, іншая справа – выбраць самому, а галоўнае – пагутарыць з новымі людзьмі, распытаць пра жыццё раёна. У Чысцях-Мільчанскіх пражывае ж усяго чатыры чалавекі, двое з якіх наш герой і яго сын Уладзімір, што не так даўно пасля выхаду на заслужаны адпачынак пераехаў з Глыбокага і набыў у роднай вёсцы хату.
Усяго ў Леаніда Іванавіча і яго жонкі Надзеі Уладзіміраўны было шасцёра дзяцей. На жаль, сын Віктар у маладыя гады трагічна загінуў. Дочкі Ганна і Ніна жывуць у буйным казахстанскім горадзе Караганда, Валянціна – у Мінску. Адным часам усе дочкі выехалі ў Казахстан, дзе пражываў брат Надзеі Уладзіміраўны.
– А я прасіў: застаньцеся дома! – успамінае Леанід Валько. – Дзе можа быць лепш? Я і сам тут нарадзіўся, бацька дапамог пабудаваць уласную хату.
Жыллё ў яго прасторнае, хоць танцуй. Толькі жыве адзін, жонкі не стала некалькі гадоў таму. Пагаварыць можна хіба што з котачкай, як ласкава называе гаспадар любімую кошку. Яшчэ чатыры каты жывуць у двары. Трымае качак.
– З Надзеяй мы пражылі больш за шэцьдзясят гадоў, – кажа мужчына. – Ажаніцца ў зусім маладым узросце мяне папрасіў бацька, каб не застаўся адзін. Пару выбіраў з трох мядзельскіх дзяўчат, з якімі мяне для гэтага і пазнаёмілі. Спадабалася Надзя. Сказаў ёй: “Калі не будзеш слухаць чужых языкоў, будзем жыць добра”. Так і сталася – слухалі толькі адзін аднаго.
Нарадзіўся Леанід у шматдзетнай сям’і. Яго бацька сямнаццаць гадоў служыў у арміі, дзе пакалечыўся і стаў інвалідам – сякеры ў руках не трымаў. Маці была калгасніцай. З-за непрыемных сямейных абставін Лёню прыйшлося кінуць школу і пайсці працаваць.
– Мне было дванаццаць гадоў, калі ўладкаваўся ў калгас плугавіком, – распавядае суразмоўца. – Да таго ж навучыўся ездзіць на трактары, але ў трактарысты не пайшоў – не цягнула да тэхнікі. Праз колькі часу перавёўся ў жывёлагадоўлю і застаўся там на доўгія дзесяцігоддзі. І авечак даглядаў, і бычкоў. Любіў жывёлу, рупіўся ад душы.
Да работы Леанід быў прывучаны змалку. У бацькоўскай сям’і трымалі карову і свіней. Вялікай гаспадаркай абзавёўся і сам, калі займеў уласную сям’ю.
Нават цяпер не сядзіць склаўшы рукі. Летам і восенню ён у грыбах, ягадах, на рыбалцы. Здае лісічкі, сушыць баравікі, варыць варэнне.
Моцна любіць свае Чысці і захапляецца тутэйшымі краявідамі. З болем у голасе расказвае, як у чэрвені 1942 года вёска была спалена фашыстамі. Памятае, што падчас акупацыі выехалі сям’ёй у лес. Бацька зрабіў зямлянку, зверху абклаў дзёрнам і для канспірацыі пасадзіў кусты. Побач пасвілася карова, якая “не выдавала” гаспадароў мыканнем. І ўсё ж немцы напароліся на іх і загадалі вярнуцца ў вёску. У памяці засталося, як чужынцы прынеслі да іх у двор галоў сорак курэй і загадалі пабіць, паскубці, пасмаліць і прыгатаваць. Хлопчык удзельнічаў у гэтым працэсе.
– Было вельмі страшна знаходзіцца побач з фашыстамі, – зазначае Леанід Іванавіч. – Мяне, малога, яны частавалі цукрам. Але той кавалак у горла не лез, бо нават дзеці адчувалі, што на зямлі чыніцца нешта страшнае. Многія аднавяскоўцы абаранялі Радзіму са зброяй у руках. Рыгор Адамовіч сустрэў вайну ў Брэсце, дзе служыў у пагранічніках. Танкіст Мікалай Паплёўка дайшоў да Берліна. Ваяваў Антон Роўда. А мая жонка – яна 1927 года нараджэння – была з сястрой у нямецкім палоне, дзе разам з іншымі гаротнікамі выкладвала каменнем дарогу на Беласточчыне. Дамоў вярнуліся пешшу.
Леанід Іванавіч на імгненне задумаўся… Успомніў дзяцінства, апаленае вайной? Уявіў, як на фронце землякі рызыкавалі жыццём? Ці як яго будучая жонка ішла босая і галодная праз усю Беларусь да роднага парога? Можа, таму ён і працуе да знямогі, гуляе да стомы, напоўніцу насычаецца вольным паветрам, што добра разумее: жыццё на радзіме, пад мірным небам – гэта такая раскоша!.. А калі яшчэ ў цябе вялікая сям’я, то ёсць цвёрдая ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Леанід Іванавіч багаты не толькі на дзяцей, але і на ўнукаў, праўнукаў, прапраўнукаў. Унук Ігар, напрыклад, на высокім прафесійным узроўні займаецца музыкай, часта выступае на вялікіх сцэнах. Унучка Насця мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі. А наогул, не так і важна, чым займаюцца і якіх поспехаў дасягнулі ўнукі, бо ўсе яны дарагія і жаданыя госці ў дзядулевым доме. Яго сённяшняе і будучае.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара