Фестиваль «Солнечный круг» прошёл в Докшицах (+ много фото)

У мінулую суботу ў ККЗ “Іскра” ў адзінаццаты раз адбыўся фестываль творчых людзей з абмежаванымі магчымасцямі
“Сонечны круг”.

IMG_5543IMG_5626
IMG_5654 IMG_5699

Свята пачалося з гульнявой праграмы, якую для ўдзельнікаў і гасцей фестывалю правялі артысты народнага тэатра гульні “Балагуры” Докшыцкага ГЦК. Дзеці і дарослыя з задавальненнем вадзілі карагоды, танцавалі, удзельнічалі ў шматлікіх завадных гульнях, дарылі адзін аднаму ўсмешкі і добры настрой.
Пасля такога энергічнага і пазітыўнага баўлення часу ўсіх запрасілі на адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Творчасць без межаў”, якая была аформлена ў фае ККЗ “Іскра”. З прадстаўленымі работамі прысутных пазнаёміла дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч. Сярод традыцыйных тэхнік выканання шматлікіх карцін, пано, рэчаў з кожным годам з’яўляюцца новыя, якія здзіўляюць ўменнем і ўседлівасцю майстроў-аматараў. Батык, вітраж, ніткаграфія, квілінг, тарцаванне, вышыванне ніткамі і бісерам, мадэляванне з дрэва і паперы, выкарыстанне ў пано розных круп – усяго на выставе было прадстаўлена больш за сто шэсцьдзясят дзівосных і неверагодных работ.
– Вельмі прыемна, што з кожным годам фестываль аб’ядноўвае ўсё больш і больш творчых асоб, – адзначыла перад пачаткам святочнага канцэрта намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. – Творчасць до­рыць лепшыя станоўчыя эмоцыі, настройвае на пазітыўны лад. Сваімі мэтанакіраванасцю, цярпеннем, імкненнем пазнаваць і ствараць удзельнікі фестывалю кожны раз даказваюць, што няма мяжы дасканаласці, а свет выратуе прыга­жосць.
Шмат цёплых слоў адрасаваў усім прысутным благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка:
– Тое, што фестываль збірае сяброў на працягу ўжо другога дзясятка гадоў, паказвае яго значнасць і патрэбнасць. Няхай Божая дапамога будзе заўсёды з вамі. Радуйце і надалей сваімі талентамі людзей.
Шчырымі апладысментамі віталі гледачы ўдзельнікаў канцэрта. Сваім вакальным майстэрствам з прысутнымі дзяліліся Ліза Патэйчук, Аляксандр Якубоўскі, Валя Гагунова, Маша Шылкова, Танечка Дзіульская, Арцём Мікалаеў. Сярод іх ёсць ужо і “зорачкі” фестывалю. Вершы дэкламавалі Ала Каросцік і Максім Весялкоў. Запальным танцам пад мікс з папулярных мелодый здзівілі гледачоў Ілья Шыцько, Насця Варапаева і Света Пятроўская. Не толькі цудоўна спявала, але і вельмі добра прачытала верш Даша Падляшчук. Максім Васілёнак спачатку выканаў сола на фартэпіяна, а потым яшчэ і праспяваў.
Па душы прыйшоўся прысутным і флэшмоб, які са сцэны арганізавалі выхаванцы раённага ЦДіМ: разам з гледачамі яны станцавалі вясёлы танец “Фіксікі”.
Усе ўдзельнікі фестывалю “Сонечны круг” атрымалі Дыпломы і ласункі, пасля чаго былі запрошаны на святочны абед.
Арганізатары мерапрыемства ўдзячны шматлікім спонсарам, без якіх не атрымалася б сапраўднага свята.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
Больш фота на сайце
dokshitsy.by

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *