На вопросы об усыновлении ответила Елена Хичёва, методист Докшицкого отдела образования

IMG_2934Усе ведаюць, што ў кожнага дзіцяці павінна быць сям’я. Але часам па розных абставінах хлопчыкі і дзяўчынкі застаюцца без любові бацькоў. З надзеяй чакаюць гэтыя дзеці, што ўсё ж такі знойдуцца дарослыя, якія змогуць не падзяліць сваю любоў, а прымножыць і стаць жаданымі мамай і татам. Спадзяёмся, што сярод чытачоў нашай газеты таксама ёсць людзі, якія не раз задумваліся над праблемай сацыяльнага сіроцтва і хацелі б дапамагчы пакрыўджаным лёсам дзецям. З пытаннямі па гэтай далікатнай і вельмі сур’ёзнай тэме мы звярнуліся да спецыяліста – метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алены Хічовай.

– Алена Валер’еўна, што, у першую чаргу, павінен ведаць той, хто вырашыў узяць чужое дзіця ў сваю сям’ю?
– Трэба вельмі добра прадумаць сваё рашэнне. Адказаць самому сабе на пытанне: “Ці змагу я любіць гэтае дзіця як свайго, і ўсё жыццё?”
У нашай краіне існуе некалькі формаў уладкавання дзяцей у сем’і. Напрыклад, можна стаць прыёмнай сям’ёй. У такім выпадку з мужам, ці з жонкай (з кімсьці адным) заключаецца працоўны дагавор. У прыёмнай сям’і могуць выхоўвацца да чатырох дзяцей. Па такім жа прынцыпе ствараюцца і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу (ДДСТ), у якіх працуюць бацькі-выхавацелі. У ДДСТ могуць выхоўвацца ад пяці да дзесяці дзяцей. Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавацелі атрымліваюць заработную плату за працу па выхаванні дзяцей. На сённяшні дзень у нашым раёне дзейнічаюць два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.
Яшчэ адна форма – апека або папячыцельства. Апека ўстанаўліваецца над дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў, а папячыцельства – ад 14 да 18 гадоў. На ўтрыманне падапечнага дзіцяці апякун або папячыцель атрымліваюць штомесячныя грашовыя сродкі.
Апошнім часам людзі сталі цікавіцца патранатным выхаваннем, гэта калі дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, можна ўзяць у сям’ю на час святаў, выхадных дзён або канікулаў. Такую форму раю выбраць тым, хто хоча ўдасканаліцца ў сваім жаданні і сваіх сілах выхоўваць чужое дзіця.
Самай прыярытэтнай формай з’яўляецца ўсынаўленне. У нашым раёне сямей, якія скарысталіся менавіта гэтай формай, дванаццаць.
– Куды трэба звяртацца пры жаданні дапамагчы кінутым дзецям набыць сям’ю?
– З такім пытаннем можна звярнуцца як у аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
(каб. 27), так і ў Нацыянальны цэнтр усынаўлення, пададдзелы якога ёсць у кожным рэгіёне.
– Адкуль прапаноўваюць узяць дзяцей нашым грамадзянам?
– Базу дадзеных прадстаўляе аддзел адукацыі. Але кожны можа і самастойна пазнаёміцца з дзецьмі, якім патрэбна сям’я, праз Інтэрнэт на спецыяльным сайце Dadomu.by.
– Ці ёсць чарга на ўсынаўленне дзяцей?
– На сённяшні дзень для ўсынаўлення прапануюцца дзеці рознага ўзросту (да 18 гадоў). Практыка паказвае, што боль­шасць сем’яў арыентаваны на ўсынаўленне дзіцяці да 4-5 гадоў, колькасць якіх у дамах дзіцяці невялікая. Таму некаторым сем’ям прыходзіцца чакаць.
– Ці могуць усынаўляць адзінокія людзі, або гэта дазволена толькі шлюбным парам?
– На роўных са шлюбнымі парамі маюць права на ўсынаўленне і адзінокія. Дарэчы, і муж, і жонка, а таксама іх дзеці, старэйшыя за 10 гадоў, даюць пісьмовую згоду на ўсынаўленне дзіцяці. Такую ж згоду атрымліваюць і ў тых, каго ўсынаўляюць (калі дзіця старэйшае за 10 гадоў).
– Якія грашовыя траты ня­суць кандыдаты на ўсынавіцеля?
– Так як усынаўленне ўстанаўліваецца судом, то пры падачы заявы аб усынаўленні ў суд кандыдаты аплачваюць дзяржаўную пошліну ў памеры дзвюх базавых велічынь.
– Ці падтрымліваецца сям’я, у якой расце ўсыноўленае дзіця, матэрыяльна?
– Штомесяц на ўтрыманне такога дзіцяці і да яго 16-годдзя па пісьмовым звароце ўсынавіцеля выплачваецца дзяржаўная дапамога.
– Зразумела, што ў абноўленай сям’і і бацькі, і дзеці праходзяць нейкі перыяд адаптацыі, падчас якога можа ўзнік­нуць шмат пытанняў. Хто дапаможа?
– Па заканадаўстве на працягу трох гадоў пасля ўсынаўлення аддзел адукацыі ажыццяўляе абавязковы кантроль месца жыхарства, умоў жыцця і выхавання ўзятых дзяцей. У любы момант бацькі могуць звяртацца па дапамогу да педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў як ва ўстановы адукацыі, дзе будуць выхоўвацца дзеці, так і да спецыялістаў аддзела адукацыі. У нашым раёне для адаптацыі абодвух бакоў створаны клуб “Пад бацькоўскім крылом”. Перыядычна менавіта бацькі-выхавацелі і прыёмныя бацькі праходзяць курсы па павышэнні кваліфікацыі. З праблемнымі пытаннямі можна звярнуцца ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, які знаходзіцца ў будынку былой Янкаўскай школы.
– Ці варта захоўваць тайну ўсынаўлення?
– Для спецыялістаў аховы дзяцінства пытанне ўсынаўлення з’яўляецца тайнай, распаўсюджанне якой цягне крымінальную адказнасць. Кожная сям’я па-свойму адносіцца да тайны ўсынаўлення. Некаторыя бацькі не робяць з гэтага сакрэту, паважліва ставяцца да гісторыі жыцця дзіцяці. Практыка паказвае, што тайна ўсынаўлення не столькі засцерагае ад праблем, колькі можа стварыць новыя.

 

З 2014 года ў Беларусі дзейнічае інавацыйная Праграма Настаўніцтва для дзяцей-сірот, якая дапамагае знайсці сябра-настаўніка для дзіцяці-сіраты падлеткавага (11 – 15 гадоў), а таксама юнацкага ўзросту (16 – 23 гады) з мэтай паспяховай падрыхтоўкі апошніх да самастойнага жыцця.

 

У 2016 годзе ў Докшыцкім раёне аформлены 3 усынаўленні (у 2015 – 2), зарэгістраваны 24 прыёмныя сям’і, 19 – апякунскіх, 12 сем’яў-усынавіцеляў.

Гутарыла Яўгенія Гічанская.
***
Кинофильмы об усыновлении:
“Странные взрослые” (1975 г.), “Дети Дон Кихота» (1965 г.), «Евдокия» (1961 г.), «Два Фёдора» (1958 г.), «Судьба человека» (1959 г.), «Трудный ребёнок» (США, 1990 г.), “Дитя с Марса» (США, 2007 г.), «Невидимая сторона» (США, 2009 г.). Сказки «Золушка», «Белоснежка». Мультфильмы «Мама для мамонтёнка», «Как волк телёночку мамой был».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *