Ученики Крулевщинской СШ прошли пешком от Бегомля до Хатыни

img_7887Яшчэ не паспелі забыцца ўражанні пра насычанае падзеямі турыстычнае лета, а душы юных краязнаўцаў патрабу­юць новых. У крулеўшчынскіх школьнікаў не было сумнення ў тым, як і дзе правесці восеньскія канікулы. Безумоўна, у чарговай вандроўцы. І хоць надвор’е ўнесла ў іх планы невялікія карэктывы, але гэта не перашкодзіла дасягнуць пастаўленай мэты, бо юныя турысты-краязнаўцы вырашылі аддаць даніну памяці і сардэчнай удзячнасці тым, хто цаной надзвычайнага гераізму і мужнасці, велізарных ахвяр і страт выратаваў нашу Радзіму ад фашызму.

За пяць дзён вучні адолелі маршрут ад Бягомля да Хатыні. На мемарыяльным комплексе яны адшукалі помнік роднай Шунеўцы і ўшанавалі загінулых землякоў хвілінай маўчання.

У гэты раз маршрут, які прапанавалі нам ініцыятыўныя і самыя любімыя настаўніцы Н.У. Рандарэвіч і І.У. Косціна, пралягаў праз тыя месцы, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны найбольш актыўна на барацьбу суп­раць захопнікаў аб’ядноўваліся народныя мсціўцы. Пачаўся ён з тагачаснай партызанскай “сталіцы” – гарадскога пасёлка Бягомль. Наведалі музей народнай Славы, дзе нас пазнаёмілі з ваеннымі падзеямі ў нашым раёне. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых воінаў, партызан і мірных жыхароў Бягомля, закатаваных нямецка-фашысцкімі акупантамі.

У Жамойску наведалі помнік ахвярам фашызму, сустрэліся з мясцовымі жыхарамі, якія ведаюць падрабязнасці трагедыі, што адбылася ў час правядзення карнай аперацыі “Котбус”, у выніку якой вёска была поўнасцю спалена.
Вёска Кромавічы – радзіма Героя Савецкага Саюза А.І. Чэрныша. На доме, дзе нарадзіўся Аляксандр Іванавіч, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Першую ноч мы правялі ў Бярозкаўскай школе, дзе нас чакаў вельмі цёплы прыём і таварыскі матч па валейболе.
Наступны дзень быў не менш насычаным. Мы пабывалі ў весцы Вілейка, дзе таксама ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэліся з былой малалетняй вязніцай Вольгай Макараўнай Лях, якая падзялілася з намі сваімі ўспамінамі.
img_7851Далейшы шлях пралягаў праз вёску Жардзяжжа на мемарыяльны комплекс “Дальва”. Чым бліжэй мы падыходзілі да гэтага месца, тым больш трывожна станавілася на душы.
Спалiў нас вораг чэрвеньскай парою –
Дзядоў, жанчын, падлеткаў i дзяцей.
Даруйце, людзi добрыя, за тое,
Што вас не сустракаем, як гасцей.
Гэтыя словы напісаны на камяні, які стаіць пры ўваходзе на мемарыял. Дальва – апошняя беларуская вёска, якую спалілі фашысцкія нелюдзі за 10 дзён да вызвалення Плешчаніцкага раёна 19 чэрвеня 1944 года. У агні загінулі 44 чалавекі, выратавацца ўдалося толькі аднаму жыхару вёскі – трынаццацігадоваму Мікалаю Гірыловічу. Гэта па яго ініцыятыве і быў створаны мемарыял. Наведаўшы музейную экспазіцыю “Дальва: гераізм, трагедыя, міласэрнасць”, мы вырашылі па-свойму аддзячыць за праведзеную экскурсію. Узброіўшыся лапатамі, шчоткамі і венікамі, з задавальненнем ачысцілі комплекс ад снегу (на здымку).
Пазней быў прыпынак у Акалова. У гісторыка-краязнаўчым музеі гэтага мястэчка ёсць унікальныя экспанаты – партрэты загінулых у Дальве, што былі напісаны мастаком са слоў родных, якія выжылі. Зараз гэтыя работы ўяўляюць вельмі вялікую каштоўнасць.
У школе вёскі Камена,
дзе нам прапанавалі пераначаваць, чакала прыемная сустрэча з нашым земляком, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя М.Ю. Апанасевічам. З вялікім задавальненнем у адной камандзе з ім мы згулялі ў валейбол з мясцовымі вучнямі.
У апошні дзень паходу мы накіраваліся да Хатыні. Яшчэ здалёк былі чуваць яе званы. Удар, яшчэ адзін, маўчанне…Холад… Моўчкі зайшлі на мемарыяльны комплекс і адразу трапілі на сімвалічныя могілкі спаленых вёсак. Знайшлі родную Шунеўку. Схілілі галовы каля Вечнага агню. З заміраннем сэрца пастаялі ля сімвалічных калодзежаў, у якія фашысты кідалі дзяцей.
Стомленыя, задуменныя мы вярталіся дадому. Шлях назад быў кароткі: той маршрут, што прайшлі за гэтыя дні, на аўтобусе пераадолелі за пару гадзін. За час падарожжа мы не толькі ўмацавалі сваё сяброўства, набылі новых знаёмых і з карысцю правялі вольны час, а і наглядна, не па падручніку, спазналі адну з самых трагічных старонак гісторыі.

Андрэй Косцін,
Лізавета Юхневіч,
вучні Крулеўшчынскай СШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *