Важной для общества социальной работой занимаются специалисты из ТЦСОН Докшицкого района

dsc01169Гэтыя тры жанчыны, якіх вы бачыце на нашым здымку, працуюць у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Служба не публічная, але для некаторых катэгорый насельніцтва яна як хуткая дапамога ў жыццёвым моры.
У першую чаргу, для дзяцей-сірот, якім спаўняецца 18 гадоў. Пасля інтэрнатаў, заканчэння вучылішчаў вяртаюцца яны ў раён, дзе спрабуюць наладзіць далейшае жыццё. На гэты перыяд Ларыса Палачаніна, Наталля Янкавіч і загадчыца аддзялення Наталля Каляга становяцца для іх, без перабольшання, клапатлівымі маці. Яны працаўладкоўваюць сірот, шукаюць ім жыллё і пільна сочаць за іх адаптацыяй у грамадстве.
– На сённяшні дзень у нас 17 чалавек такіх выхаванцаў, – дзеліцца Наталля Канстанцінаўна. – Клопату з імі, канечне, шмат, калі не падыходзіць да справы фармальна, а мае калегі і сапраўды становяцца іх “матулямі”, пакуль маладым людзям не споўніцца 23 гады.
Ілюстрацыяй да слоў загадчыцы стала з’яўленне ў кабінеце гучнагалосага худзенькага хлопца, які з парога стаў запэўніваць Ларысу Аляксандраўну ў тым, што ён працуе і не трэба гэты факт ставіць пад сумненне. Жанчына ўздыхнула і, каб не перашкаджаць нашай размове, выйшла з ім з кабінета. А калі вярнулася, далажыла, што ў аддзеле кадраў названай ім гаспадаркі і не чулі пра такога работніка. Нежаданне працаваць, утрыманства, на вялікі жаль, уласціва большай частцы падобных дзяцей. Дзяўчына атрымала прафесію кухара, вярнулася ў Докшыцы, уладкавалі яе на працу ў рэстаран, а яна адмовілася там чысціць бульбу. Заявіла, што не для гэтага вучылася. Уладкоўвалі на працу яшчэ некалькі разоў, але ніводнае месца яе так і не задаволіла. Ларыса Палачаніна ў сваім клубе “Па дарозе жыцця” стараецца адшукаць індывідуальны падыход да кожнага з такіх дзяцей.
– Дзяржава ім дала практычна ўсё неабходнае , што трэба для нармальнага жыцця, а яны, на жаль, імкнуцца паўтарыць лёс сваіх бацькоў, – працягвае размову Наталля Канстанцінаўна. – Аднак ёсць чым і ганарыцца. Мы не нарадуемся на Наталлю Малашонак, пра якую пісала раённая газета. У Прудніках жыве і працуе Дзіма Зімнік, які ажаніўся, выхоўвае ўжо сваё дзіця і чакае нараджэння другога. Стварылі добрыя сем’і Вікторыя Насеннік, Саша Новікава. Спраўная работніца гандлю і жонка атрымалася з Юлі Скурат.
Супрацоўнікі аддзялення дапамагаюць таксама адаптавацца грамадзянам, якія вяртаюцца з месцаў пазбаўлення волі. Яны працуюць з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Наталля Янкавіч арганізавала для іх клуб “Зразумей сябе”. Пад іх кантролем знаходзяцца пажылыя інваліды. Пасля нашай сустрэчы жанчыны паехалі ў Лапуты. Там дзве адзінокія сястры жывуць зараз у сваёй пляменніцы. А цяпер і ў яе сямейныя абставіны склаліся так, што не можа яна больш забяспечыць догляд цётачкам. Бабулям ужо за 80 гадоў, і вырашана было іх накіраваць у Крулеўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання інвалідаў і пажылых людзей. Афармленнем займаецца невялічкае па колькасці супрацоўнікаў аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, а справу яно робіць вельмі важную і патрэбную.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) спецыяліст па сацыяльнай рабоце Л.А. Палачаніна, псіхолаг Н.А. Янкавіч, загадчыца аддзялення Н.К. Каляга.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *