Какие цвет и запах у Пасхи?

47-1Вялікдзень складана параўнаць з іншымі святамі. Ён мае адметны колер, пах, смак і, канечне, настрой. І для кожнай сям’і яны свае.

Колер
У маім успрыманні – Вялікдзень колеру чырвонага яечка, жаўтавата-бліскучай булкі, вясёлкавага карагоду дзіцячых прысмакаў.
Пах
Матуля заўжды кажа, што нягледзячы на ўсе хімічныя прыдумкі для фарбавання і аздаблення, яечка абавязкова павінна быць зварана ў настоі цыбулі, якое ў працэсе гатавання расплываецца па кватэры знаёмым з дзяцінства пахам. Дазволю сабе назваць яго нават не пахам, а водарам. Такі водар стаяў гадоў дваццаць таму, у часы майго дзяцінства, калі бабуля даставала з печы гаршчочак з велікоднымі яйкамі.
Настрой
Яшчэ напярэдадні Вялікадня па пакоях лунае пах цеста, якое “падыходзіць” у поўнай цішыні, каб “не спалохалася”. Затым салодкі водар ваніліну ад булак, якія пасаджаны “па сучаснаму” ў духоўку, з кватэры пакрысе перацякае на лесвічную пляцоўку і далей, з пад’езду. Не прымаю на гэтае свята магазінных кулічоў. Булка ў хаце павінна спячыся. Хай сабе невялікая. Канечне, яна ніколі не атрымаецца такой жоўценькай і высачэзнай, як бабуліна з печы, аднак будзе сваёй, з цеплынёй і пяшчотай вымешанай рукамі гаспадыні той хаты, куды прыходзіць прасвядны Вялікдзень.
Далей… пра настрой. Настрой на Вялікдзень пануе святочна-ўзнёслы. Менавіта ў гэтае свята адчуваецца, што моц чалавека – у сям’і.
…Дачушка націрае свае шчочкі чырвонымі яйкамі. Ёй толькі шэсць, але пра гэту завядзёнку яна памятае добра. Так было і ў маім дзяцінстве. А далей – да прысмакаў, побач з роднымі людзьмі. І пачынаюцца згадкі-ўспаміны пра тое, што было і, канечне, не цанілася. І пра тое, як не хапае зараз. Але неяк не сумна, а светла на душы. Светла ад таго, што на зямлі мы моцна трымаемся сваімі каранямі, што памяць продкаў занатавана ў нашым жыцці на генетычным узроўні, што традыцыі і вера – найлепшыя і наймацнейшыя складнікі жыцця чалавечага.
Вялікадня святая справа
Святлом у сэрцах адаб’ецца,
Жыцця над цемрай перамога
Ў малітве радаснай пральецца.
Прасвядна з раніцы навокал:
Хрыстосуюцца гараджане,
А дзеткі яйкі
прыкладаюць
Да шчочак
і смяюцца самі.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *