35 парней из Докшицкого района пополнят ряды Вооружённых сил

Земляки, у вас в руках повестки,
И теперь не просто вы ребята,
Вы пока что все — призывники,
Ну а завтра будете — солдаты.

img_9098img_9089

Трыццаць пяць юнакоў Докшыччыны ў хуткім часе папоўняць рады Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні адпраўкі ў ваенныя часці іх традыцыйна віталі на ўрачыстым мерапрыемстве Дня прызыўніка “І песня над строем, і ў сэрцы прысяга”.
У хвалюючы момант атрымання позвы побач з будучымі салдатамі – прадстаўнікі ўлады і іншых службаў раёна.

– Сёння вы атрымаеце не проста позву, а накіраванне на новы, вельмі адказны і значны, этап жыцця, – адзначыла ў прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч і параіла юнакам не баяцца цяжкасцей, а вучыцца іх пераадольваць. Хутчэйшай адаптацыі да новых умоў пажадаў ваенны камісар раёна Віталь Леснічэнка. Ён паведаміў, што служба менавіта гэтага прызыву будзе адзначана юбілейнай датай – стагоддзем Узброеных сіл у 2018 годзе. Таксама ў хуткім часе ў нашай краіне адбудуцца расійска-беларускія вучэнні, паўдзельнічаць у якіх пашчасціць і сённяшнім прызыўнікам.
Вельмі цёплым і пазітыўным было выступленне ветэрана Узброеных сіл, былога ваеннага камісара Пятра Вязнікава, які не толькі даў наказ на дарогу будучым салдатам, але і выканаў для іх песню.
У добры шлях праводзіла прызыўнікоў першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук, якая разам з актывістамі моладзевага аб’яднання ўручыла юнакам на памяць каляндарыкі. Божага благаславення пажадаў настаяцель храма Усіх Святых у Бягомлі айцец Валерый.
– Як бы армія не правярала вас на трываласць, якія б цяжкасці не сустракаліся на шляху, самае галоўнае – заставацца сумленным, шчырым, добрым чалавекам, – пажадала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Бягомльскага лясгаса Алена Вішнеўская.
Слова ад прызыўнікоў трымаў Дзяніс Літвін, які ў хуткім часе папоўніць рады ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Будучы абаронца Айчыны адзначыў, што быць салдатам – вялікі гонар для кожнага юнака.
Падчас мерапрыемства для віноўнікаў урачыстасці гучалі песні ў выкананні артыстаў ГЦК. Прыгожы танец падарылі дзяўчаты з харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Напрыканцы Дня прызыўніка будучыя навабранцы наведалі мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” ў Шунеўцы, дзе пазнавальную экскурсію для іх правяла Таццяна Мальчык. Юнакі ўшанавалі памяць пра загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка.
Маштабнае святкаванне Дня прызыўніка даўно стала традыцыйным у раёне. Шкада, што момант атрымання позвы ў армію з будучымі абаронцамі Айчыны не імкнуцца раздзяліць родныя і сябры. Для салдата галоўнае – ведаць, што ён не адзін, што яго чакаюць і раздзяляюць усе цяжкасці армейскага жыцця. Няхай і ў думках.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Напрыканцы Дня прызыўніка будучыя навабранцы наведалі мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” ў Шунеўцы. 2. Свайго сябра Дзмітрыя Бясецкага з Сітцаў падтрымлівала на свяце Настасся Падлішчук. Яна ўпэўнена, што юнак будзе годна абараняць яе сон і мір роднай старонкі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *