Самые разнообразные увлечения имеет пенсионер Тадеуш Тягунович из Парафьяново

a-1393Дамаўляючыся аб сустрэчы з параф’янаўцам Тадэвушам Цягуновічам, можна было б не цікавіцца дакладным адрасам. Па-першае, гэтага чалавека там ведае кожны жыхар, па-другое, на вуліцы Чыгуначнай дом яго бачны здалёк, бо патанае ў сапраўдным моры кветак сотні розных колераў і адценняў. Перавагу гаспадар аддае гладыёлусам – ад велічыні і колькасці гэтых вытанчаных і ганарлівых прыгажуноў захоплівае дух.
Чаму менавіта гладыёлусы? Тадэвуш Іосіфавіч успамінае, як паўвека таму некалькі цыбулінак рэдкіх яшчэ ў нашым краі кветак прывезла з Латвіі яго мама. Жылі яны тады ў Сітцах.
– Пасадзіў я іх, выраслі, зацвілі – і ўсё, прыкіпеў душой на ўсё жыццё, – распавядае. – Увогуле я кветкі любіў з маленства. Іду з лесу, з поля – абавязкова назбіраю рамонкаў ці званочкаў, васількоў ці незабудак. У кожнай кветкі сваё хараство, свая непаўторнасць.
Так вось пяцьдзясят гадоў і займаецца гладыёлусамі, больш за сотню гатункаў вырошчвае. А калі ўлічыць, што і кожнага гатунку не адзін дзясятак раслін набярэцца, можна ўявіць маштабы гэтага кветкаводства. Шмат працы – не тое слова, бо высадзіць-выкапаць цыбулінкі – палова справы, іх жа трэба і палоць, і апрацоўваць, і “дзетак” адлучаць-дарошчваць, і на захоўванне правільна класці. Тадэвуш Іосіфавіч заўважае, што чым больш экзатычны, вытанчаны, рэдкі гатунак, тым больш з ім клопатаў. А такіх гладыёлусаў у яго шмат. Кажа, сябры, знаёмыя, радня адусюль вязуць яму ў падарунак цыбулінкі любімых кветак.
– Саджаю ў асобным месцы новыя гатункі, і, калі надыходзіць час ім расцвісці, кожную раніцу бегаю ў чаканні: ці распусціўся ўрэшце, як выглядае? – з усмешкай распавядае суразмоўца. – Расцвіце – вось табе і маленькая радасць. І з іншымі ёю можна падзяліцца – большай стане.
Дарэчы, пра іншых. Ведаем: калі раней у Параф’янаўскім клубе ладзіліся дыскатэкі, дык у жніўні-верасні і танцзала, і фае, і навакольная тэрыторыя стракацелі гладыёлусамі Цягуновіча. Хлопцы ахапкамі куплялі іх для дзяўчат за невялікія грошы, а ў каго тых грошай не было, дык ён і так аддаваў: а раптам тая кветка кагосьці зробіць шчаслівым? Вернікі Валкалацкай парафіі вельмі ўдзячныя, што на фэст Святога Роха шчодры кветкавод ахвяруе для ўпрыгажэння касцёла немалую колькасць пяшчотна-грацыёзных сваіх гадаванцаў.
Ну а напярэдадні 1 верасня да Іосіфавіча за гладыёлусамі – гэта ўжо святое. Бо калі 8 Сакавіка асацыіруецца ў нас з цюльпанамі і мімозай, 9 Мая – з яблыневым цветам, выпускны баль – з півонямі, то першы дзень навучальнага года – менавіта з гэтымі кветкамі. Нават самы суровы чалавек светла ўсміхнецца, убачыўшы, як малеча-першакласнік валачэ на школьную лінейку велізарны, у свой рост, букет каралёў восені.
Варта адзначыць, што кветкі – далёка не адзінае захапленне Тадэвуша Цягуновіча. Яшчэ адно, таксама моцнае, – сцэна. Кажа, як выступіў у 8 класе паспяхова з дэкламацыяй верша, так і “захварэў”. І таксама на ўсё жыццё. У драмгуртку пры Параф’янаўскім СДК ён і ў свае семдзясят пяць яркая зорка. Узровень акцёрскага майстэрства высокі, хоць нідзе яму і не вучыўся. Яго Цярэшка ў “Трыбунале” па п’есе Макаёнка – роля адметная і запамінальная, прынамсі, як і астатнія.
– Сёння вечарам збіраемся на рэпетыцыю, – радасна паведамляе Тадэвуш Іосіфавіч. – Прэм’ера камедыі “Тапачкі з чэкам” прайшла вельмі паспяхова, людзі просяць паўтарыць. Дык трэба шліфаваць мізансцэны.
Няўрымслівы пенсіянер, у мінулым адзін з лепшых участковых інспектараў Докшыцкага райаддзела міліцыі, яшчэ і заядлы грыбнік – перажывае, што сёлета лес нічым, акрамя лісічак, не радуе – і вельмі апантаны футбольны балельшчык мінскага “Дынама” з усёй належнай атрыбутыкай: шалікамі, сцяжкамі і г.д. На матчы падчас чэмпіянатаў СССР, дзе гуляла любімая каманда, ён калісьці ездзіў ажно ў Маскву, Ленінград, Кіеў, Тбілісі! А ўжо ж у Мінск на матацыкле – дык і зусім дробязі. Храналогія матчаў “Дынама” гадоў, мусіць, за сорак занатавана ў спецыяльным вялікім сшытку: дзе гулялі, з кім, з якім лікам закончылася гульня, хто забіў галы. Такое не знойдзеш і ў Інтэрнэце.
І гэта яшчэ не ўсё. Цэлую паліцу ў кніжнай шафе майго суразмоўцы займаюць тоўстыя агульныя сшыткі. У іх запісы, прыгожым каліграфічным почыркам. Дзённікі. Іх весці Тадэвуш Іосіфавіч пачаў з 1959 года, тады яшчэ чарнільнай ручкай, працягвае і зараз. Штодзённыя заметкі аб уражаннях, людзях, падзеях, працы, філасофскія разважанні… Каштоўнасць гэтых сшыткаў, самі разумееце, вымераць немагчыма, бо “verba volant, skripta manent” – “словы адлятаюць, напісанае застаецца”. І ў ім жыве аўтар, і час – яго вачыма.
Адметнасць гэтага цікавага чалавека праяўляецца паўсюдна: і ў тым, што ён на сваім панадворку ўзвёў помнік сялянскай працы (на здымку), і ў тым, што пры выхадзе на пенсію атрымаў ад саслужыўцаў у падарунак каня (даўняя мара), які ў яго ласцы і пашане правёў дваццаць пяць гадоў, і ў жыццёвай пазіцыі:
– Нельга без захапленняў чалавеку: яны расквечваюць яго лёс, даюць сілы і жаданне жыць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *