Продолжается набор детей в школу искусств имени Н. Соколовского

img_5093Чарговы навучальны год распачаўся ў дзіцячай школе мастацтваў імя Н. Сакалоўскага, аднак яшчэ да канца першай чвэрці будзе праводзіцца дадатковы набор на некаторыя спецыяльнасці.
Калі вы жадаеце, каб ваша дзіця зведала цудоўны свет мастацтва, абавязкова зазірніце ў гэту ўстанову. І хто ведае, магчыма, менавіта вашы дачка альбо сын стануць вядомымі музыкантамі ці мастакамі, танцорамі ці акцёрамі. Якую адукацыю можна атрымаць у дзіцячай школе мастацтваў дадаткова, расказала яе
дырэктар Вольга Сушко:
– Галоўным прыярытэтам у рабоце школы з’яўляецца далучэнне дзяцей да музычнай культуры. Ва ўстанове рэалізуюцца чатыры асноўныя накірункі дзейнасці: музычны, харэаграфічны, выяўленчы і тэатральны. Тут працуюць 23 педагогі і адзін канцэртмайстар. Адно з самых папулярных аддзяленняў у школе – інструментальнае, у якім хлопцы і дзяўчаты займаюцца на фартэпіяна, флейце, трубе, акардэоне, баяне, цымбалах, класічнай гітары і ўдарных інструментах. У праграму навучання па выбранай спецыяльнасці ўваходзяць сальфеджыа, музычная літаратура, хор і аркестр. Актыўна развіваем калектыўныя формы музыцыравання, у якіх прымаюць удзел вучні і настаўнікі.
У мінулым годзе былі створаны новыя творчыя праекты: фальк-група “Пацеркі”, вакальныя групы “Пазітыў” і “Галасок”, ансамбль цымбалістаў “Перазвоны” і “Музычныя клавішы”.
Дзеці адточваюць майстэрства на ўроках класічнага, народнага і сучаснага бальнага танцаў. Яны з поспехам выступаюць на розных мерапрыемствах. Пры харэаграфічным аддзяленні працуюць студыя “Тапатушкі” і праслаўлены ансамбль барабаншчыц “СтэпБіт”.
Не менш увагі выкладчыкі ўдзяляюць развіццю выяўленчага мастацтва і акцёрскага майстэрства.
Самае прыемнае, што педагагічная работа пакідае за сабой шлейф перамог. Нашы вучні – пастаянныя ўдзельнікі рэгіянальных, абласных і міжнародных фестываляў і конкурсаў. У мінулым годзе выхаванцы атрымалі 38 дыпломаў, з якіх чатыры – першай ступені.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *