Выставка молодой художницы из Докшиц открылась в Доме ремёсел

img_1233Народны клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Докша” сёлета папоўніўся яшчэ адным талентам – маладой докшыцкай мастачкай Аленай Івановіч (на здымку). Днямі ў выставачнай зале Дома рамёстваў адбылося адкрыццё яе персанальнай выставы “Пейзаж як стан душы”.
Здольнасці бачыць усё, што навокал, у сваім асабістым незвычайным мастацкім свеце выявіліся ў Алены яшчэ ў дзяцінстве. Са школьных часоў яна беражліва захоўвае папку малюнкаў з фантастычнымі сюжэтамі, выкананых алоўкам. Дзівосны свет яна стварала ў любую свабодную хвіліну – гэта быў найлепшы спосаб выказаць тыя эмоцыі і пачуцці, якія перапаўнялі душу. Калі ў адзінаццатым класе стала перад выбарам будучай прафесіі, бацькі без ваганняў вырашылі рыхтаваць Алену для паступлення на мастацка-графічны факультэт. Здаць творчы экзамен без спецыяльнай падрыхтоўкі было нялёгка. Авалодаць асновамі малюнка і жывапісу дзяўчыне дапамагаў вядомы докшыцкі мастак Аляксандр Вішнеўскі, якога яна лічыць сваім галоўным настаўнікам.
– Аляксандр Сяргеевіч – вельмі сціплы, душэўны чалавек, – дзеліцца Алена. – У свой час ён паверыў у мяне, паказаў шлях у патрэбным накірунку.
Пасля заканчэння ВНУ Алена Паўлаўна выкладала выяўленчае мастацтва ў Глінскай СШ. Але каханне, якое яна сустрэла падчас вучобы ва ўніверсітэце, прымусіла вярнуцца ў Віцебск. Там яна стварыла сям’ю, нарадзіла цудоўную дачушку, там яна працягвала сваю мастацкую дзейнасць. Асноўнай тэмай работ Алены была родная Докшыччына. Па памяці яна малявала знаёмыя мясціны: палі, лугі, лес, вёсачкі, якія часта сніліся па начах. У з’яўлення кожнага пейзажа – свая гісторыя, свае перажыванні, свой стан душы аўтара.
Вось ужо трэці год сям’я Івановіч жыве ў Докшыцах. Цяпер Алена – мастак-афарміцель аддзела бібліятэчнага маркетынгу – піша свае пейзажы, як і хацела, з натуры. У кожнай карціне, якіх на выставе прадстаўлена каля трыццаці, яна перадае свае шчырыя пачуцці, дзеліцца пазітывам і энергіяй, што і пацвярджалі на адкрыцці наведвальнікі выставы. Адна з самых любімых работ мастачкі – “2002 год”. Так яна назвала пейзаж, упершыню выкананы ёй маслам і без эскізу. Палюбавацца прыгажосцю роднага краю, назапасіцца станоўчай энергіяй і пазнаёміцца з творчасцю таленавітай зямлячкі Алены Івановіч можна да 21 кастрычніка.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *