Повар из Крулевщины в качестве пищевых добавок использует…

img_2624Смачна есці, напэўна, любяць усе. А тым больш, калі прадукты
маюць такі пах, што ад яго прыемна казыча ў носе і хочацца праглынуць усё. Гэтай характарыстыцы цалкам адпавядаюць кандытарскія вырабы, паўфабрыкаты і стравы, якія гатуюцца ў сталовай аграгарадка Крулеўшчына. Чаруе над усім смакоццем адмысловы майстар сваёй справы Зоя Плыгаўка, якая працуе ў кааперацыі з 1981 года.
Пасля заканчэння Баранавіцкага тэхнікума ўраджэнка Гомельшчыны па накіраванні трапіла ў наш раён. Сваю прафесійную дзейнасць пачынала ў якасці загадчыка вытворчасці ў Бягомлі, а потым асела ў Крулеўшчыне, дзе нарадзілася яе сям’я, і, як паказаў час, прыкіпела да гэтага месца душой і сэрцам. Жанчына ўпэўнена сцвярджае, што выбрала правільную прафесію – карміць людзей. Таму і прыносіць ёй праца неймаверную асалоду, і ні ў якой іншай сферы яна сябе проста не ўяўляе. У маленькім калектыве сталовай Зою Аляксееўну цэняць і паважаюць за багаты працоўны вопыт, а яшчэ за шчырасць і адкрытасць, простасць у зносінах і аптымізм. Пра гэта яскрава сведчылі іскрынкі ў вачах, калі спадарыня Зоя распавядала пра сваю работу, дзялілася пэўнымі сакрэтамі і назіраннямі.
– Люблю зносіцца з людзьмі, стараюся дагадзіць, каб было і смачна, і карысна. Хаця здараюцца выпадкі, калі трапляюцца вельмі пераборлівыя кліенты. Тады на душы такая скруха і адчай, нават раздражнёнасць, што проста рукі апускаюцца і ладу няма ў рабоце, – прызналася суразмоўца. – Вельмі люблю займацца сервіроўкай падчас абслугоўвання вясельных і юбілейных урачыстасцей. Вось тут раздолле для імправізацыі! Нават дачок сваіх прыцягнула да кухні тым, што з маленства даручала ім упрыгожваць дома стол для гасцей.
Кухар-кандытар (6-га і 5-га разраду адпаведна) пачынае рабочы дзень а сёмай гадзіне раніцы. Для булачак, пірагоў і піражкоў з рознымі начынкамі майстар уласнаручна вымешвае цеста, у склад якога ўваходзяць толькі натуральныя прадукты, а ў якасці харчовых дабавак выкарыстоўваюцца станоўчыя эмоцыі і жаданне падарыць людзям добры настрой. Акрамя выпечкі кандытарскіх вырабаў, чабурэкаў, смажанак, сасісак у цесце, у сталовай выдатна наладжаны працэс па вытворчасці паўфабрыкатаў: пельменяў, галубцоў, курыных рулетаў. Прадукцыя рэалізуецца ў тутэйшым буфеце, пастаўляецца ў Порплішча, Янушэва, Барсукі і райцэнтр і ніколі не залежваецца, бо ўжо набыла свайго сталага пакупніка. На розных раённых святочных мерапрыемствах крулеўшчынскія вытворцы таксама прапануюць багаты асартымент. На “ўра” ідуць згаданыя вырабы і падчас выязнога гандлю на “Славянскім базары” ў Віцебску, і на абласных “Дажынках”. Адзначана, што ў месяц тавараабарот сталовай складае ад 3 да 5 тысяч рублёў, а пры спрыяльным раскладзе абставін значна ўзрастае. Радуецца гаспадыня, калі пасля смачнага падсілкавання кліенты шчыра дзякуюць. Дарэчы, кошт комплекснага абеду вагаецца ад трох да чатырох рублёў. Каманда, якую складаюць, па словах Зоі Аляксееўны, верныя і надзейныя памочнікі, а гэта повар Ірына Юрэвіч, кухонная рабочая Людміла Зубак, буфетчыца Раіса Гауштэль, працуе зладжана, як моцная сям’я. Яны карыстаюцца праверанай часам і кліентамі рэцэптурай, але, стараючыся адпавядаць сучасным патрабаванням, усё ж эксперыментуюць з кулінарнымі навінкамі. У гэтым дапамагаюць раённыя тэхнолагі.
Сваіх сямейнікаў Зоя Аляксееўна любіць здзіўляць торцікамі, якія заўсёды стараецца арыгінальна аздобіць. А вось васьмігадовая ўнучка бабулін боршч можа есці тры разы на дзень, настолькі ён для яе смачны. Пра ўзрост жанчыны не прыстойна казаць, але, гледзячы на гэту прыгожую, абаяльную, усмешлівую, проста пазітыўную жанчыну, нават не верыцца, што ў жніўні яна адзначыла 55-ці гадовы юбілей. Шчыра радавалася, што святочны стол падрыхтавалі клапатлівыя дачушкі Ірына і Ілона, якія перанялі ад матулі майстэрства і стараннасць, а таксама жаданне чыніць людзям радасць і задавальненне.

Ірына Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *