В Докшицком районе знают, как организовать отдых детей во время каникул

105408-kanikuly   На двары – май, а думкі, напэўна, у кожнага грэюцца ў сонечных праменнях лета. Асабліва чакаюць летніх месяцаў школьнікі, бо гэта час самых працяглых канікулаў і ніякіх табе хатніх заданняў і дыктовак з кантрольнымі. А вось дарослыя даўно задумваюцца, як зрабіць, каб гэты бесклапотны час для іх дзяцей не прайшоў дарэмна, каб не турбавацца на рабоце пра тое, дзе і чым яны займаюцца. 

Памятаю свае школьныя часы: мы з аднакласнікамі чакалі заканчэння вучэбнага года, бо на месяц, а то і на два можна было паехаць у піянерскі лагер “Бярозка”. Цікавае жыццё там забяспечвалі не толькі кіраўніцтва і выхавацелі, але і мы самі. Падарожжы ў лес, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, шматлікія конкурсы, лазня – нават палявыя ўмовы ігралі нейкую асаблівую ролю ў адпачынку. А начное жыццё! Яго чакалі з асаблівым хваляваннем, прыдумвалі розныя жарты для аматараў паспаць. Было весела і здорава!
Час ляціць, і зараз не мы, а нашы дзеці спяшаюцца ў “Бярозку” і іншыя аздараўленчыя лагеры раёна.
Сёлета аздараўленчы лагер “Бярозка” мяняе сваё месцазнаходжанне. Цяпер ён будзе дзейнічаць на базе ДУА “Вітуніцкая дзіцячы сад-пачатковая школа”. Установа адукацыі будавалася ў 1992 годзе і мае ўсе камунікацыі і ўмовы для арганізацыі аздараўлення дзяцей, чаго нельга сказаць пра драўляныя корпусы ў Клінтэнбурзе, якія будаваліся ў далёкіх 1938-м і 1948-м гадах.
Лагер разлічаны на 100 чалавек. З класаў зроблены жылыя пакоі на 8-9 месцаў кожны, часткова закуплена новая мэбля. Яшчэ новы лагер будзе адрознівацца тым, што для дзяцей тут створаны лепшыя ўмовы для пражывання: гарачая вада, душавыя кабінкі, прыбіральня. Прасторныя актавая і спартыўная залы, вялікая спартыўная пляцоўка – ёсць усё, каб час адпачынку прайшоў з карысцю. Тэрыторыя былой школы агароджана.
Недалёка ад будынка – лес і рака Поня, таму цікавыя падарожжы з песнямі ля вогнішча і любаваннем прыродай роднага краю забяспечаны.
Абноўлены лагер “Бярозка” чакае сваіх старых і новых сяброў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Ён будзе працаваць у тры змены: з 14 чэрвеня па 1 ліпеня, з 5 па 22 ліпеня і з 26 ліпеня па 12 жніўня.

* * *
У час летніх канікулаў аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем будуць працаваць пры сярэдніх школах раёна. Першая змена забяспечыць адпачынак 485 вучням. Яны змогуць бавіць час у прышкольных або турысцка-спартыўных лагерах.
У другую змену будуць працаваць 12 лагераў, дзе пройдуць аздараўленне 215 чалавек. 65 дзяцей змогуць працаваць у лагеры працы і адпачынку, якія плануецца арганізаваць у Докшыцкай СШ № 1, Бягомльскай, Крулеўшчынскай і Парплішчанскай школах. У трэцюю змену вучняў чакаюць чатыры лагеры, у якіх змогуць з карысцю правесці час 80 чалавек.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *