Весёлыми конкурсами, танцами и песнями встречали весну в эти выходные в Докшицах (+видео)

img_2272У нядзелю, напэўна, толькі гультай не праводзіў Масленіцу і не зазываў Вясну-красну. Хаця, апошняя, гледзячы на ветранае снежнае надвор’е, пакуль не спяшаецца да нас. З раніцы найгрышы гармоніка былі далёка чуваць – шырокае свята разгарнулася ля СШ № 1 г. Докшыцы. Былі тут і традыцыйны кірмаш ласункаў, выпечаных бацькамі вучняў, і тэатралізаваная праграма з вясёлымі конкурсамі, варажбой на будучыню, песнямі і танцамі. Самымі папулярнымі і масавымі на свяце былі скокі пад народныя мелодыі, якія дапамагалі сагрэцца. Да месца была і гарачая гарбата, якой частавалі ўсіх ахвочых.
Бліжэй да абеду масленічны разгуляй перамясціўся на плошчу ля ГЦК. Спажывецкая кааперацыя да свята нагатавала традыцыйных клёцак з душамі і юшку. Розныя стравы з бліноў прапаноўвалі таксама ўмелыя гаспадынькі з гарадской школы № 2, раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама раённай бібліятэкі. Тут жа на калодзе смажылі яечню ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні “Шчадроўка”. Вялікай папулярнасцю карысталіся дзіцячыя забавы – асноўную колькасць тых, хто прыйшоў сёлета на свята, складала менавіта дзятва. Работнікам культуры прыходзілася літаральна “выцягваць” з рэдзенькага натоўпу маладых людзей паўдзельнічаць у конкурсах. Для паўпустой плошчы стараліся, спявалі мясцовыя артысты.
– Неяк нявесела, – чулася з невялічкай кучкі гледачоў. – Каб, як раней, на бераг гарадскога возера, на высачэзную снежную горку, якую насыпалі спецыяльна да Масленіцы.
– Можна падумаць, што туды збярэцца больш народу, – уздыхалі іх апаненты. – Ці ж адцягнеш каго сёння ад тэлевізара ды камп’ютара? Артысты вунь, шкада, весяляць нас на вятры і холадзе.
І нават пудзіла зімы, нібы пачуўшы незадаволенае бурчанне, згарэла ў імгненне вока, не даўшы люду нават павадзіць карагод.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *