Бывшая партизанская разведчица живёт в Докшицком районе

bez-imeni-1Людміле Іванаўне Васюковіч з вёскі Чарніца-2, што ў Бярэзінскім сельсавеце, 92 гады. Жыццё пражыта доўгае і яркае, успамінаў пра якое хопіць не на адну біяграфію. 

Нарадзілася яна ў Піцеры. У сям’і латышскага бальшавіка Яніса Янсана дзяўчынка была ўжо трэцім малым. Маці не ведала, што рабіць з немаўляткам, бо есці не было чаго даць і старэйшым, а муж моцна захварэў. Людміла Іванаўна (хаця правільна будзе, канечне, Янісаўна) зараз успамінае, як перад смерцю маці прасіла ў яе прабачэння за тое, што тады, у 1924-м, гледзячы на галоднае дзіця, употай прасіла ў Бога яму пазбаўлення ад пакут. “Пайду, – казала, – у горад у пошуках хлеба, а вярнуся, нахілюся над скрутачкам, што ляжыць ціхенька на ложку, і слухаю, ці дыхае?”. Дзяўчынка дыхала наперакор усяму і выжыла, а бацька памёр. З трыма дзецьмі на руках у Піцеры выжыць было немагчыма, і Яўгенія Янсан вярнулася на радзіму, у беларускую вёсачку Чарніца, з якой дзяўчынай выехала да братоў, што працавалі ў расійскай сталіцы на заводзе “Металіст”.
Другі яркі ўспамін Людмілы Іванаўны, канечне, вайна. Партызанкай брыгады імя Леніна яна стала вясной 1944-га. Немцы перад канцом лютавалі страшна. На працу ў Германію людзей хапалі без разбору. Вось тады Люся з мамай і вырашылі, што лепш загінуць на роднай зямлі, чым у невядомым чужым краі. Прызначылі дзяўчыну ў разведку. Пасля некалькіх дзён навучання, яна атрымала ўжо першае заданне. Трэба было схадзіць у Докшыцы на явачную кватэру, дзе сувязны падрыхтаваў для партызан разведдадзеныя. У напарнікі Люсі далі хлопца з Несцераўшчыны.
– Пятро быў амаль мой аднагодак, але ростам меншы, хоць і я не велікан, – дзеліцца былая разведчыца дарагімі сэрцу ўспамінамі. – Але так і было задумана. Малыя, худыя, у лахманах з торбачкамі, дзе качаліся дзве-тры бульбіны, мы ўспрымаліся як дзеці-жабракі. Да такіх немцам справы не павінна было быць. І сапраўды, колькі разоў хадзілі, а нават перад Докшыцамі, у Блоні, дзе быў пост, немцы гідліва зазіралі ў нашы торбы і махалі: праходзь. І мы беглі далей. Ведаю, што ў Докшыцах у нашай брыгады было пяць сувязных. Мы ж заўсёды хадзілі да Сяргея Вішнеўскага. Пасля вайны гэты смелы чалавек быў фатографам, а яшчэ, казалі мне, пісаў карціны. Сям’я сама жыла небагата, але нас заўсёды з дарогі сапраўдным чаем паілі. Прызнаюся, што гэтага моманту пасля кіпеню з травой, які пілі ў лесе, мы надта чакалі.
Людміла Іванаўна ўспамінае сваіх баявых сяброў, якіх ужо нікога не засталося нават з тых, хто выжыў у ваенным пекле. Але і там былі светлыя моманты, прыклады душэўнага багацця людзей, якія амаль кожны дзень жылі як апошні.
– Жанчын у нашай брыгадзе было каля сарака чалавек, – працягвае яна свой аповед, – на кухні працавалі, параненых даглядалі і ў разведку, у бой хадзілі. Па-рознаму было. Каханне таксама ніхто не адмяняў. Было, што і сям’ю заводзілі. А нас, маладых дзяўчат, камбрыг (Максім Гарбаценкаў) у крыўду не даваў. Неяк прынеслі партызаны аднекуль такога-сякога абуванку і нават туфлікі жаноцкія. Я іх прыгледзела адразу і ўжо ўяўляла, як буду красавацца ў абноўцы, а камбрыг адкінуў іх у бок і падаў мне мужчынскія боты. Усю ноч праплакала ў зямлянцы ад крыўды, ад таго, што я такая непрыгожая, інакш чаму камандзір туфлікі не дазволіў узяць?
Адказ на пытанне з’явіўся тады, калі давялося бегчы дзясяткі кіламетраў па лесе, па балоце пасля бою з немцамі. Зразумела, што камбрыг пашкадаваў мяне як сапраўдны бацька.
Жыццё пасля вайны Людміла Іванаўна ўспамінаць не любіць. Там была цяжкая калгасная праца, бедната. Калі крыху сталі на ногі, дзеці ўжо выраслі, пажаніліся. І траіх сваіх крывіначак маці перажыла. Тры труны, тры свае кавалачкі сэрца паклала ў зямлю без пары. Трымалася тым, што трэба было дапамагаць гадаваць унукаў. Яны ў яе і жылі, пакуль у школу не пайшлі. Бог аддзячыў ёй клопатамі сына. Мікалай пераехаў да матулі ў вёску, калі яна паслабела, а яго жонка Святлана наведваецца з Глыбокага, каб памыць, прыбраць у хаце. Вельмі любіць слухаць бабуліны ўспаміны пра мінулае. Ёй Людміла Іванаўна давярае паглядзець паперы: ваенны білет, узнагароды. Дазволіла гэта зрабіць і карэспандэнту. Дзеля фота нават апранула пінжак з медалямі, сярод якіх самі дарагі для партызанскай разведчыцы – медаль Жукава. Здароўя Вам, паважаная Людміла Іванаўна.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: доўгажыхарка з вёскі Чарніца-2, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Людміла Васюковіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *