В агрогородке Торгуны Докшицкого района прошёл праздник национальной культуры (+фото)


img_2493У першы дзень Святой Тройцы ў аграгарадку Таргуны адбылося традыцыйнае свята нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”.

Пераможца конкурсу “Грай, гармонік!” Аляксандр Дайнакоў.

Пераможца конкурсу “Грай, гармонік!” Аляксандр Дайнакоў.

Нядзельнай раніцай у цэнтры Докшыц чуліся найгрышы гармоніка – гэта яшчэ да пачатку мерапрыемства сваім святочным настроем з задавальненнем дзяліліся докшыцкія артысты, якія рыхтаваліся да выступлення. Мінакі прыпыняліся, каб паслухаць імправізаваны міні-канцэрт, віншавалі адзін аднаго са святам, падпявалі і прытанцоўвалі пад знаёмыя мелодыі. А ў Таргунах ужо набіраў моц траецкі кірмаш. Сувеніры на любы густ прапаноўвалі самабытныя майстры Докшыччыны, кулінарнымі прысмакамі здзіўлялі гаспадынькі. Са сцэны ліліся родныя мелодыі, ля Дома культуры збіраліся ўдзельнікі старажытнага абрада кумавання – цікавай навінкі сёлетняга свята. Дарослыя і дзеці, шчыра ўсміхаючыся, праходзілі праз бярозавую арку ў цэнтры плошчы.
– Гэта своеасаблівы абрад ачышчэння ад злога, амаладжэння душы і набыцця жыццёвых сіл на ўвесь год, – каментавалі дзею вядучыя.
Прайшоў праз арку – пацалаваўся з суседам праз сплецены з бярозавых галінак вянок. Значыць, пакумаваўся, зблізіўся, парадніўся.
Тое, што сёлетняе свята нацыянальных культур атрымалася па-сямейнаму цёплым і душэўным, адзначыла ў прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна і дадала:
– Докшыччыне ёсць чым ганарыцца. Наш край славіцца народнымі традыцыямі і, канечне ж, руплівымі і стараннымі людзьмі. Кожны павінен не толькі памятаць мінулае, але і зберагаць яго.
Дасягненні таргуноўскіх працаўнікоў узгадаў у сваім выступленні старшыня Тумілавіцкага сельвыканкама Генадзь Пацэвіч. Шчыра павіншаваў з вялікім святам Пяцідзясятніцы жыхароў і гасцей аграгарадка айцец Пётр Іоська, настаяцель Тумілавіцкай царквы Святога Георгія Перамоганосца.

Пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні МТФ ААТ “Таргуны” (злева направа) Аксана Асіповіч, Надзея Касцюк.

Пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні МТФ ААТ “Таргуны” (злева направа)
Аксана Асіповіч, Надзея Касцюк.

Пераможца конкурсу па добраўпарадкаванні Тамара Дранковіч

Пераможца конкурсу па добраўпарадкаванні Тамара Дранковіч

Цікавінкай траецкага свята стаў адноўлены абрад “Камаедзіца”, што некалі бытаваў на Бягомльшчыне. Яго правялі ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага гурта “Сакавічкі” Бягомльскай ДШМ.
З задавальненнем дзялілася сваім пазітывам і бязмежнай энергіяй знакамітая прыпевачніца гэтага краю Зінаіда Кішэня, якой акампанаваў Мікалай Казачонак. Старт конкурсу “Грай, гармонік!” даў мінулагодні яго пераможца, музыкант, кампазітар, талент і майстэрства якога вядомыя і за межамі раёна, Аляксандр Малюжанец.
Восем канкурсантаў прадставілі на суд журы па два рознахарактарныя нумары. Адны дэманстравалі ўменне іграць на музычных інструментах, другія дзяліліся сваім вакальным майстэрствам. Напэўна, і тымі, і другімі здольнасцямі і пакарыў журы жыхар Янкоў Аляксандр Дайнакоў, які спачатку віртуозна выканаў хіт 80-х “Белые розы”, а потым крануў усіх душэўнай песняй “Восень жыцця” і ў выніку стаў пераможцам конкурсу. Дыплом ІІ ступені заваяваў Міхаіл Міхаль з Параф’янава, ІІІ – трыа “Экспромт” з Бягомля. Спецыяльным прызам адзначылі самую юную ўдзельніцу конкурсу – вучаніцу чацвёртага класа Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага Дар’ю Загорскую. Сярод удзельнікаў таксама былі Мікалай Казачонак з Несцераўшчыны, Віктар Каросцік і Фёдар Ільіч з Параф’янава, Ілья Радзюк з Янкоў. Спецыяльны Дыплом удзельніка свята атрымалі дзяўчынкі і хлопчыкі з фальклорнага гурта “Сакавічкі”. Шыкоўны канцэрт падараваў гледачам народны вакальны ансамбль “Сакавіца” Бягомльскай ДШМ. Як заўсёды, парадавалі ўсіх сваім выступленнем мясцовыя артысткі Ала Краўчонак і Валянціна Малюжанец.

Ушанавалі калектывы фермаў

Самая юная ўдзельніца конкурсу Дар’я Загорская.

Самая юная ўдзельніца
конкурсу Дар’я Загорская.

Смачнай юшкай на свяце частавалі крыпульскія гаспадынькі.

Смачнай юшкай на свяце частавалі крыпульскія гаспадынькі.

Старажытны абрад кумавання.

Старажытны
абрад кумавання.

Падчас мерапрыемства прыемным сюрпрызам для месцічаў стала падвядзенне вынікаў конкурсу па добраўпарадкаванні малочнатаварных фермаў ААТ “Таргуны”. Імёны пераможцаў агучыў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Лесюкоў. Ён шчыра падзякаваў усім працаўнікам, якія добрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў, цэняць і паважаюць тое месца, дзе працуюць. Дыплом І ступені атрымаў калектыў МТФ “Несцераўшчына” на чале з Надзеяй Касцюк, на другім месцы калектыў МТФ “Гліннае”, загадчыкам якой з’яўляецца Аксана Асіповіч, на трэцім – працаўнікі МТФ “Тумілавічы” пад кіраўніцтвам Тамары Дранковіч. Пераможцы таксама былі ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара і А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *