Деревня Есеновцы в Докшицком районе живёт, благодаря наследникам

img_0800Удала вызначаны Прэзідэнтам Год малой радзімы, без перабольшання, ускалыхнуў грамадства. Пра малую радзіму, пад якой у большасці сваёй разумеецца ўсё ж такі сельская мясцовасць, успомнілі многія  гараджане ў першым пакаленні. Некалі яны пакінулі свае вёсачкі. Адны паехалі за дыпломам, іншыя — за гарадскім камфортам, былі і тыя, каго вабіла рамантыка дальніх дарог. Гэта было патрабаванне часу, і дзякуючы яму даваенная сельская Беларусь, перажыўшы ўрбанізацыю, у ХХІ стагоддзі стала краінай гараджан.  Але ў душы многія з іх так і не змаглі развітацца з зямлёй і стаць  дзецьмі асфальту. Таму зараз з такім задавальненнем наязджаюць у бацькоўскія хаты, хаця тыя ўжо ў большасці сваёй стаяць пустыя, набываюць так званыя дачы, пад якія прыстасоўваюць усё тыя ж вясковыя хаты.

Вёска Ясяноўцы на Валкалатчыне – месца, дастойнае таго, каб яго наведаць. Не, яно не з’яўляецца радзімай некага са знакамітых людзей, няма ў ім і рэшткаў панскіх маёнткаў ці старадаўніх храмаў. Галоўная яго каштоўнасць – людзі, іх любоў да Бацькаўшчыны. Нам пашчасціла туды трапіць спякотным жнівеньскім днём, адным з тых, калі ўзнікае прага як мага больш схапіць праменняў апошняга летняга сонейка, насыціцца ім, каб памятаць гэту асалоду ўсю наступную зіму. Падарожнікаў у Ясяноўцах першымі сустракае купка маладых, стройных бярозак. Яны, img_0768быццам цікаўныя вясковыя дзяўчаткі, разглядаюць выпадковага госця і прыкідваюць, з чым той прыехаў? Вузенькая, ледзь размінуцца двум аўтамабілям вулачка, весела запрашае ў падарожжа па патрыярхальным паселішчы. У Ясяноўцах захавалася забудова, пачатак якой паклала валочная рэформа 1557 года. У адпаведнасці з ёй, калі гаспадар браў цэлую валоку зямлі, то быў вымушаны жылыя пабудовы ставіць з аднаго боку вясковай вуліцы, а гаспадарчыя – з другога. Калі меў паўвалокі, то сядзіба ставілася на адным баку. Нарэзаныя перпендыкулярныя палосы зямлі зрабілі паселішчы (з ХІХ ст. яны сталі амаль паўсюдна звацца вёскамі) шчыльнымі і кампактнымі, калі хаты стаялі двор у двор. Падобная вулічная планіроўка ў Ясяноўцах вытрымала выпрабаванне стагоддзямі. Захавалася і старадаўняя архітэктура, характэрная для сялянскіх сядзіб пачатку ХХ стагоддзя. Маюцца на ўвазе высокія, пакатыя стрэхі хлявоў, пад адной такой страхой знаходзіліся ўсе гаспадарчыя пабудовы, што надавала акуратнасць і дагледжанасць гаспадарцы.
Ясяноўцы, у якіх большасць зараз хат стаяць пустымі, тым не менш і сёння выглядаюць менавіта такімі: дагледжанымі і акуратнымі. І заслуга ў гэтым тых, у каго сэрца прыкіпела да вёсачкі, дзе багаты на грыбы і ягады лясок падступае амаль да ганку, а рэчка Сэрвач яшчэ не так даўно радавала рыбакоў сваім багаццем.
Менталітэт сялянскай шляхетнасці прымушае нашчадкаў-гараджан трымаць у парадку панадворкі, садзіць агароды не толькі на бацькоўскіх сядзібах, дзе нарадзіліся і раслі, але і радні. Альдона і Баляслаў Мацюшонкі толькі б парадаваліся за сваю дачку Рамуальду, якая не дае згаснуць жыццю ў іх хаце. Прыязджаючы з горада толькі на выхадныя і ў водпуск, яна мае добры агарод, img_0778на якім вырасціла зайздросны ўраджай цыбулі (здымак 1). Ганарыўся б ёй і дзядуля Карл Сцяпанавіч, бо дзякуючы ўнучцы і яго хатка выглядае так, быццам гаспадар толькі на хвілінку адышоўся і вось-вось вернецца дадому.
Мечыслаў Мацюшонак саступіў бацькоўскую хату сястры, але жыхаром вёскі свайго маленства застаўся. Адкупіў побач будынак і ладкуе там лецішча.
У Фадзея Дача малая радзіма – вёска Вішнёўцы. Толькі прыглянуліся яму Ясяноўцы. Сядзіба, якую ён тут набыў, на сённяшні дзень з’яўляецца ўзорам парадку і прыгажосці (здымак 2). А побач руплівы гараджанін набыў хату і свайму сыну.
Сярод сённяшніх пастаянных жыхароў вёскі самы паважаны чалавек – гэта 90-гадовы Баляслаў Мацюшонак. З жонкай Леакадзіяй яны выгадавалі чацвёра дзяцей сабе на старасць. Дзеці апраўдалі спадзяванні бацькоў, і зараз самы лепшы адпачынак для Лілі, Валянціны і Ганны ў роднай вёсцы (здымак 3). Не цураецца дапамогі бацькам і сын Альберт. А ад праўнукаў, якія амаль цэлае лета назапашваюцца ў вёсцы моцы на гарадскую зіму, маладзее паселішча.
Адметнасці Ясяноўцам, несумненна, надае сядзіба Аліны Мартуль. Яна знаходзіцца якраз за тымі бярозкамі ў пачатку вёскі. Бабуля сама ўжо нядужая, а на агародзе і ў панадворку шчыруюць дочкі з зяцямі. Адзін з іх, Валерый, па прызванні аграном, ці нават батанік, прыстасаваў сельскі агарод для сваіх мічурынскіх даследаванняў. І вось ужо цудоўна адчуваюць сябе ў ясяноўскіх img_0834шыротах кавуны і дыні (здымак 4), шматлікія парнікі з дзясяткамі сартоў памідораў і агуркоў, цудоўны сад і кветнік.
Альбіна Бабарыка з тых жанчын, пра якіх кажуць “гаротніца”. Сама з адзінаццаці гадоў расла сіратой, а яе сын яшчэ меншым застаўся без бацькі. Альбіне ж было толькі 23 гады, калі стала ўдавой. Замуж не пайшла, з сынам і нявесткай, якія забралі яе пазней у Валкалаты, жыве да сённяшняга. А бацькоўскую хату гэтыя гаспадарлівыя людзі трымаюць у такім стане, што хоць зараз бяры ключ, адмыкай дзверы і жыві.
Маладой дзяўчынай прыйшла замуж у Ясяноўцы Тэрэза Мацюшонак. Гады праляцелі, як птушкі, пастарэла прыгажуня Тэрэза і муж яе Альфонс ужо пенсіянер (здымак 5), але жыццё працягваецца, і няма большай радасці для бабулі з дзядулем, як сустракаць шматлікіх унукаў. А калі наведваецца на малую радзіму любімы сынок Сяргей, які прысвяціў сябе служэнню Богу, то і наогул у хаце свята.
Не скарылася лёсу Ядзвіга Мартуль. Маці чацвярых дзяцей, яна стала інвалідам, страціла мужа, але ўсіх сваіх крывінак вырасціла годнымі людзьмі.
У маладым узросце застаўся ўдаўцом з дзецьмі на руках і Альфонс Мартуль. Але знайшлася, на яго шчасце, маладзіца, якая пажадала замяніць дзяўчаткам маці, нарадзіла яшчэ і сваіх дзяцей, і зараз усе яны лічаць сябе самымі роднымі на свеце людзьмі.
img_0785Кожныя выхадныя спяшаюцца ў вёску з Мінска Віктар і Уладзімір Мацюшонкі, з Лёзна прыязджае іх сястра Тэрэза, каб дапамагчы маме, якая адна падымала іх траіх. Вельмі любяць сваю сціплую, клапатлівую бабулю Францішку і ўнукі з праўнукамі.
Бацькі Таццяны і Алены Зяневіч даўно пайшлі з жыцця, але, дзякуючы намаганням сясцёр, бацькаўшчына выглядае так, як і пры жыцці яе гаспадароў. Жыве і бабуліна сядзіба.
Хата Ядзвігі Карэнька амаль апошняя ў вёсцы. Уражвае дагледжаным агародам з парнікамі, кветнікам. Гэта рупяцца дачушкі Алена з Валянцінай. Зусім нядаўна бабуля Ядзвіга пахавала свайго гаспадара, смуткуе, плача і яшчэ часцей, чым раней глядзіць на дарогу, чакаючы сваіх гарадскіх дзяцей.
Прыгледзеў у Ясяноўцах месца для сваёй фермерскай гаспадаркі і Дзмітрый Прыгажаеў. Застаўленая тэхнікай тэрыторыя яго сядзібы надта ажыўляе агульны пейзаж вёсачкі.
Асобна хочацца сказаць пра Андрэя Дубовіка, чулага і добрага хлопца. Пасля службы ў арміі не змог застацца ў горадзе, шкадаваў кідаць адну матулю. Зараз яе ўжо няма, а Андрэй так і жыве адзін у бацькоўскай хаце.
Магчыма, Ясяноўцы ніколі б не трапілі на старонкі газеты, нягледзячы на свае адметнасці, каб не іх гарадскія нашчадкі, якіх Год малой радзімы ўскалыхнуў, прымусіў яшчэ раз успомніць пра цёплыя летнія вечары, зорныя ночы і росныя раніцы. Успомніць той час, калі дрэвы былі вялікія, а яны, дзятва, самыя шчаслівыя ад таго, што побач татусь з мамусяй, што аднакласніца 1-14прыязна ўсміхнулася, а любімы настаўнік назваў лепшым вучнем. Мечыслаў Мацюшонак, які зараз жыве ў Мядзелі, Ясяноўцы ўспрымае менавіта так, бо рана застаўся круглым сіратой і яго сям’ёй стаў дзіцячы дом. Але Ясяноўцы так і засталіся на ўсё жыццё тым святым месцам, куды рвецца сэрца, дзе адпачывае душа. Гэта ён прапанаваў нашчадкам былых і сённяшніх ясяноўскіх жыхароў сабрацца разам і зладзіць свята сваёй любімай вёскі. Падключылі бібліятэкара Станіслаўскай бібліятэкі Валянціну Раманоўскую, былую старшыню Валкалацкага сельвыканкама, ясяноўскую нявестку Антаніну Бабарыка – і работа закіпела. Выкасілі, вычысцілі і без таго чыстую вёску, падрыхтавалі сцэнарый, паставілі сталы ў двары Аліны Мартуль, і настальгічнае падарожжа ў мінулае пачалося. На сустрэчу прыехалі нават тыя, як, напрыклад, Марыся і Павел Мацюшонкі, у каго ўжо няма свайго кутка ў вёсцы, але яна жыве ў іх сэрцах.
За размовамі і песнямі іх заспеў світанак, птушкі прывіталі пошчакам, а памаладзелая вёска прыняла выбачэнні ад тых, хто некалі пакінуў яе, і паабяцала, што будзе цярпліва чакаць будучага жніўня, калі зноў загудуць, заспяваюць Ясяноўцы.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага
і А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *