Спартакиада по летним видам спорта прошла в Докшицком районе (+фото)

img_5895У спартакіядзе па летніх відах спорту, якая прайшла ў суботу на спартыўнай пляцоўцы ля Парплішчанскай СШ, перамагла каманда Крулеўшчынскага сельсавета. 

У спаборніцтве ўдзельнічала адзінаццаць каманд сельсаветаў раёна. Як адзначыла ў прывітальным слове да спартсменаў-аматараў старшыня Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, мерапрыемства стала своеасаблівым адраджэннем “Сельскіх гульняў”, якія былі папулярнымі калісьці. Яна выказала задаволенасць тым, што ў спаборніцтвах прынялі ўдзел старшыні сельвыканкамаў, якія сваім прыкладам агітуюць за здаровы лад жыцця.
Распачаліся спаборніцтвы з лёгкай атлетыкі: мужчыны і жанчыны ва ўзроставай катэгорыі да і пасля 35-ці скакалі ўдаўжыню з месца і дэманстравалі спрыт у чаўночным бегу. Жаданню перамагчы не перашкаджалі ні выпадковыя падзенні, ні, напрыклад, нечаканая згуба падэшвы ў красоўках. Менавіта Аляксандру Наскідаеву (Тумілавіцкі с/с) прыйшлося шукаць падчас спаборніцтваў запасны абутак, але гэта не перашкодзіла яму стаць пераможцам сярод мужчын узростам да 35 гадоў. На другім месцы аказаўся Аляксандр Каляга (Параф’янаўскі с/с), на трэцім — Уладзіслаў Навіцкі (Крулеўшчынскі с/с). Сярод жанчын у гэтай узроставай катэгорыі перамагла Марыола Юхнавец (Крулеўшчынскі с/с), прызёрамі сталі Марыя Каляга (Параф’янаўскі с/с) і Маргарыта Дзеева (Парплішчанскі с/с). Акрамя дыпломаў, лёгкаатлеты атрымалі памятныя падарункі ад РК ГА “БРСМ”. Ва ўзроставай катэгорыі пасля 35-ці першае месца заваявалі прадстаўнікі каманды Крулеўшчынскага сельсавета Яўген Палячонак і Вольга Навіцкая, другое – Пётр Кацейка (Валкалацкі с/с) і Таццяна Ярашэвіч (Крыпульскі с/с), трэцяе – Андрэй Альхімёнак (Докшыцкі с/с) і Анжаліка Чарвоная (Сітцаўскі с/с).
Добра разагрэўшыся на бегавой дарожцы, удзельнікі спаборніцтваў распачалі гульнявыя віды спартакіяды: міні-футбол і валейбол. Вялікая цікавасць да валейболу балельшчыкаў нават стала падставай да арганізацыі яшчэ адной зборнай каманды, якая стала бронзавым прызёрам. На другім месцы валейбалісты Тумілавіцкага сельсавета, пераможцамі сталі крулеўцы. Сярод футбольных каманд лепшы вынік паказалі бягомальцы, другое і трэцяе месца – у Крулеўскага і Крыпульскага сельсаветаў адпаведна.
Пакуль футбалісты і валейбалісты спаборнічалі за званне лепшых, кіраўнікі сельсаветаў прадэманстравалі сваю мет­касць у дартсе. У ім перамаглі Генадзь Пацэвіч і Алена Кандрацёнак, за што былі ўзнагароджаны не толькі дыпломамі, але і падарункамі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Завяршылася спартакіяда камандным перацягваннем каната, у якім самымі моцнымі і трывалымі аказаліся крулеўшчынскія спарт­смены, на другім і трэцім месцах – тумілавіцкія, а таксама зборная аматараў здаровага ладу жыцця.
Уладальнікам галоўнага кубка спартакіяды стала каманда Крулеўшчынскага сельсавета, дыплом за другое месца атрымаў Параф’янаўскі сельсавет, за трэцяе – Тумілавіцкі.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *