Что заставило корреспондента докшицкой районной газеты пойти работать дворником???


img_0903

Некаторыя бацькі, каб паўшчуваць за дрэнную вучобу дзяцей, пагражаюць, бывае, што адправяць іх у дворнікі. Мабыць, па той прычыне, што лічыцца, быццам з работай дворніка па сіле справіцца кожнаму. Ці так гэта на самой справе, вырашыла даведацца карэспандэнт “РВ”.

Экіпіруемся

Працоўны дзень у дворнікаў пачынаецца ў шэсць гадзін. Накіроўваюся да збудавання, якое знаходзіцца непадалёку ад гандлёвай плошчы. У ім захоўваецца патрэбны інвентар. На стале ляжыць журнал, у якім, як і павінна быць, кожны рабочы пазначае час знаходжання на працы. На парозе сустракаю Вольгу Навіцкую. Гэту мініяцюрную і зграбную жанчыну, здаецца, ведаюць усе ў горадзе. Дзякуючы яе працавітым рукам і адметнаму густу дакшычане ад вясны і да позняй восені любуюцца кветкавымі кампазіцыямі, аформленымі ў розных куточках райцэнтра. Дарэчы, яна пачынала працаваць у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” менавіта кветкаводам. Зараз жа Вольга не толькі кіруе працэсам, дзе і якую работу трэба зрабіць дворнікам, а і сама спрытна ўпраўляецца з мятлой.
– У камунгасе працую сем гадоў, – расказвае яна. – Прафесію дворніка ў двух словах не апішаш, таму прапаную на некалькі гадзін ім стаць.
З гэтымі словамі Вольга працягнула мне камізэльку і мятлу. Ідзём на вуліцу Ленінскую. Навічку пастаўлена задача – падмесці тратуар каля царквы.

Знаёмыя не прызналі

– Змятаць трэба на дарогу, а потым зграбаць у кучы каля бардзюра, – вучыць Вольга “азам” прафесіі. – Толькі не прыціскаць да яго, бо вада ўсё размые. Каб убраць тратуар ад аднаго перакрыжавання вуліцы да наступнага, мне хапае паўгадзіны. Зараз буду падмятаць аўтастаянку каля царквы, а потым прыйду дапамагу, не хвалюйся.
Надвор’е ў панядзелак, як і прагназавалі сіноптыкі, выдалася дажджлівае і ветранае. Што ж, дворнікі, працуюць і ў непагадзь. За выхадныя з дрэў паабсыпалася лісце, а каштаны заслалі ўвесь тратуар так, што нагу паставіць нельга, таму работы было ўдосталь. Праз паўгадзіны я нарэшце так-сяк справілася з невялікім участкам. Перашкаджаў вецер: свавольнік разносіў лісце, а на падмеценыя месцы зноў падалі каштаны. Камізэлька прамокла наскрозь. На гэта старалася не звяртаць увагі, але дыскамфорт быў поўны. Ужо пачала шкадаваць, што папрасілася ў галоўнага рэдактара на такую авантуру. Тым часам на вуліцы пачало світаць і з’явіліся першыя мінакі, сярод якіх была і мая знаёмая. Убачыўшы дворніка, падобнага да мяне, яна некалькі разоў азірнулася, але так і не рашылася прывітацца, падумала, напэўна, што абазналася.
У спякоту і ў сцюжу
– Як справы? – цікавіцца напарніца Вольга, якая прыйшла мне на дапамогу. – Бачу, што паціху спраўляешся, але трэба крыху шпарчэй.
Удзвюх працаваць становіцца весялей. Падчас размовы Вольга дзеліцца асабістым наконт таго, як няпроста сямейнаму чалавеку быць дворнікам:
– Мая дачушка Валя зараз вучыцца на юрыста. Калі яшчэ ў школу хадзіла, раніцай ёй прыходзілася самастойна збірацца, бо я ў гэты час была ўжо на працы. Аднойчы патэлефанавала настаўніца і сказала, што дачка прыйшла ў школу апранутая ў летнюю блузку замест цёплай кофты, а на дварэ была зіма.
– У якую пару года дворнікам лягчэй працаваць? – пытаюся.img_0896

– Амаль аднолькава, – усміхаецца Вольга. – Хаця зімой з ільдом і гурбамі снегу “змагацца” фізічна намнога цяжэй, восенню — з лісцем, якое, здаецца, бясконца ападае. Летам высаджваем кветкі, даглядаем іх. Гэта, бадай што, адна з самых карпатлівых работ.
– Колькі часу можа праслужыць адна мятла? – цікаўлюся.
– У залежнасці, як месці, – адказвае субяседніца. – Прыкладна тыдзень, а бывае, што і за дзень змяцецца.
Дождж з кожнай хвілінай узмацняўся, і тут я раптам успомніла, што зранку па звычцы падмалявала вейкі. На маё пытанне, ці пацякла туш, Вольга з усмешкай адказала, што, улічваючы ўмовы працы, лепш увогуле макіяж не рабіць.
Крыху пазней пад’ехаў трактар. Вольга жэстамі паказвала вадзіцелю, куды трэба паварочваць. Замест мётлаў ў руках дворнікаў ужо шуфлі, з дапамогай якіх лісце і смецце адпраўляецца ў прычэп. Маршрут – з вуліцы Ленінскай да Савецкай і ў адваротным накірунку. Пасля дзвюхгадзіннага абедзеннага перапынку мае “калегі” зноў выходзяць на вуліцы горада. Дождж і вецер за гэты час “падкінуў” работы, канца якой не бачна. Я працавала да абеда, але змерзла, стамілася так, што хацелася толькі аднаго – адпачынку. А мае новыя сяброўкі, калі навялі чысціню на вуліцах, яшчэ пайшлі выконваць іншыя абавязкі: выкопваць кветкі, што адцвілі, перасаджваць цюльпаны.
Нізкі паклон вам, шчырыя працаўніцы Наталля Чалала, Наталля Васюковіч, Тамара Марковіч, Тамара Валуева і Вольга Навіцкая, за вашу нялёгкую, але пачэсную працу, якая робіць чыстым і прыгожым наш горад!

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *