«Районка» глазами наших читателей

bez-imeni-1Адзін з галоўных паказчыкаў папулярнасці любога друкаванага выдання – гэта цесная сувязь з чытачамі. Роднавытокаўцам прыемна адзначаць, што яна непарыўнай ніткай уецца на працягу  вось ужо 75 гадоў існавання раённай газеты: пісьмы, вусныя звароты, тэлефанаванні, лісты на электронную скрыню і паведамленні ў групу ў Viber – гэта ўсё тое, што дапамагае нашаму невялікаму калектыву выпускаць выданне пра людзей і для людзей. Разам з тым, мы ўвесь час пакрысе абнаўляемся, шукаем новыя тэмы і формы іх падачы. У гэтым нам вельмі дапамагаеце вы, паважаныя чытачы. Што вы найперш чытаеце ў раёнцы і што яшчэ хацелі б бачыць на яе старонках, запыталіся мы ў нашых найбольш адданых чытачоў.

Алена Протас, супрацоўніца райста (г. Докшыцы):
– Газету ў сям’і выпісваем шмат гадоў. Асабіста я прагляд кожнага нумара пачынаю з апошняй старонкі, дзе рэклама і віншаванні. Далей, заўжды шукаю навіны пра спажывецкую кааперацыю, чытаю артыкулы пра вяскоўцаў, вельмі люблю нявыдуманыя гісторыі і літаратурную старонку. Здаецца, і хапае ўсяго, але прапаную часцей друкаваць рэцэпты розных страў, можа нават кулінарную старонку зрабіце для гаспадынь. Паверце, многія жанчыны будуць вельмі ўдзячныя.
Вацлаў Андрыеўскі, начальнік фінаддзела райвыканкама (г. Докшыцы):
– Калі рэспубліканскі друк праглядаю, спыняючыся выбарачна, скажам, на спартыўных падборках, то раённую газету чытаю ад першай старонкі і да апошняй. І, на добры толк, мне ў ёй усяго хапае. Планка высокая, жадаю журналістам і надалей яе трымаць. Ведаю, што гавару, бо меў магчымасць пазнаёміцца з некаторымі іншымі раённымі выданнямі. Асобны дзякуй за электронную версію www.dokshitsy.by. Рэгулярна заходжу на сайт, спампоўваю маляўнічыя фотаздымкі, якіх вельмі шмат у фотагалерэі, чытаю артыкулы. Дзякуй раёнцы і за гэты вялікі кавалак работы.
Галіна Галавач, пенсіянерка (г. Докшыцы):
– Шчыра, ад усяго сэрца хачу сказаць шмат харошых слоў любімай газеце. Вельмі чакаю сераду і суботу і прачытваю ўсё ад “А” да “Я”. Але найперш шукаю артыкулы пра адукацыю. Вельмі люблю старонкі “Куфэрак”, “Будзем здаровымі”, “Яшчэ не вечар”. Заўсёды радуюся перамогам раённых спартсменаў. Мне ў газеце і так хапае ўсяго, асабліва апошнім часам, калі яна “патаўсцела” па серадах. Адно пытанне: як у вас хапае часу ўсё ахапіць?
Надзея Касцюковіч, галоўны бухгалтар завода “Ветразь” (г.п. Бягомль):
– Адразу гляджу першую старонку, бо там самае актуальнае на бягучы час. З вялікай цікавасцю шукаю матэрыялы пра знаёмых людзей, бо калісьці працавала ў Докшыцах, ведаю многіх работнікаў розных арганізацый. Заўжды з гонарам чытаю пра дасягненні нашых школьнікаў. Ну і не магу, каб не пазнаёміцца з інфармацыяй пра вытворчасць, зводкамі. Лічбы – гэта карціна любога прадпрыемства. Яшчэ карыснымі лічу кансультацыі па юрыдычных пытаннях. Заўсёды цікавей чытаць, калі ёсць канкрэтны прыклад ці сітуацыя. Шчыра скажу, што за апошні час газета змянілася да лепшага.
Аляксандр Іваньковіч, старшыня Крулеўшчынскага сельвыканкама:
– Заўжды пачынаю чытаць раёнку з першай паласы. Затым шукаю замалёўкі пра знаёмых. Вельмі цікава даведацца пра чалавека, якога, здавалася б, ведаеш добра, штосьці адметнае: якія ў яго захапленні ці лёс. Артыкулы пра спартыўныя дасягненні каманд нашага сельсавета і асобы крулеўшчынскіх спартсменаў захоўваю ў спецыяльнай папцы. Ведаю, што ў газеты ёсць GR-код, у сувязі з гэтым і прапанова: размяшчайце і GR-коды фотагалерэй на сайце пад артыкуламі пра гэтыя падзеі. Мне здаецца, моладзь успрыме гэта на “ўра”.
Паважаныя чытачы, калі і вы хочаце выказацца па гэтым пытанні, пішыце нам на адрас: г. Докшыцы, вул. Ленінская, 2, на электронную скрыню rodvitoki@yandex.ru, дасылайце тэкставыя паведамленні ў Viber +375(25)779-34-50, тэлефануйце па нумары 5-90-57. Для нас важнае кожнае меркаванне.
Гутарыла Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *