Один день журналистка «РВ» провела в оперативно-дежурной части Докшицкого РОВД
Беларускі крымінальны вышук 5 кастрычніка адзначыў свой векавы юбілей. Гэта калі афіцыйна весці храналогію ад стварэння рабоча-сялянскай міліцыі. Але што цікава, яшчэ ў 1468 годзе ў ВКЛ у час княжання Казіміра Ягелончыка быў створаны першы крымінальны закон – Судзебнік Казіміра. А ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Расійскай імперыі, у тым ліку і ў Мінску, у адказ на рост злачыннасці была створана служба вышуковай паліцыі. У 1913 годзе на міжнародным з’ездзе крыміналістаў расійская вышуковая паліцыя была прызнана лепшай у свеце па раскрывальнасці злачынстваў. Дарэчы, вышук Расійскай імперыі на той час узначальваў ураджэнец Бабруйскага ўезда Аркадзь Кашко. Гэта ён стварыў унікальную сістэму ідэнтыфікацыі асобы, якую пазней запазычыў Скотланд-Ярд.
10 лістапада сваё прафесійнае свята святкуюць праваахоўнікі старэйшага пакалення, тыя, хто апрануў пагоны ў савецкі час.
Такім чынам, якую б назву не мела праваахоўная служба — паліцыя, міліцыя, яна заўсёды вырашае аднолькавыя задачы ў грамадстве: ахоўвае правапарадак, стаіць на абароне маёмасці і жыцця грамадзян, змагаючыся са злачыннасцю. Знаёмства з міліцыяй звычайна пачынаецца з аператыўнай часці, куды большасць грамадзян звяртаецца па дапамогу, калі нехта ў адносінах да іх парушыў закон.
Як працуецца ў гэтай службе сённяшнім міліцыянерам, і высвятляла карэспандэнт “РВ”.
Староннім уваход забаронены
Ля ўваходу ў райаддзел унутраных спраў на варотах прымацавана невялікая шыльда, надпіс на якой папярэджвае, што, каб ўвайсці на тэрыторыю, трэба націснуць кнопку. Цісну, слухаю гудкі і, зразумела, хвалююся. Раптам гудкі перарывае сур’ёзны голас: “Да каго?”. Я чамусьці губляюся і нейкае імгненне маўчу, а потым выдаю кароткае: “Мяне чакаюць”– і замок пстрыкае. На тэрыторыі сустракае намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік міліцыі Іван Лакуцэвіч. Ён і прадстаўляе мяне супрацоўнікам аператыўна-дзяжурнай часці.
Калі я ўваходзіла ў будынак, між іншым кінула позірк на надпіс ля дзвярэй: фота- і відэаздымкі забаронены. Іван Людвігавіч патлумачыў, што гэта адно з абавязковых правілаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі райаддзела міліцыі. Тым не менш, мне, у выглядзе выключэння, дазволілі зрабіць пару кадраў для “РВ”.
Служба не для абыякавых
Урэшце апынулася ў месцы, дзе на варце правапарадку знаходзяцца круглыя суткі. Нават ноччу ў дзяжурнай часці гарыць святло і раздаюцца тэлефонныя званкі. Тут працуюць дзве лініі “102”, куды штодзень звяртаюцца па дапамогу жыхары з розных куткоў раёна. Ад умення дзяжурнага аператыўна прыняць патрэбнае рашэнне залежыць часам, ці атрымаецца ўратаваць нават жыццё чалавека. Сёння працуюць старшы інспектар-дзяжурны старшы лейтэнант міліцыі Дзяніс Паплёўка (на здымку) і памочнік дзяжурнага – старшы прапаршчык Віктар Аўдзееў, якія заступілі на службу ў восем гадзін раніцы і будуць прымаць выклікі на працягу сутак. Даведаўшыся пра гэта, я вельмі здзівілася, бо сама прыйшла ў аддзел пасля васьмі гадзін працоўнага дня і, шчыра кажучы, адчувала сябе стомленай. А тут цэлыя суткі на варце правапарадку! Мяне супакоілі: аказалася, што ў супрацоўнікаў ёсць некалькі гадзін на адпачынак. Іншая справа, што амаль ніколі не атрымліваецца ім паўнавартасна скарыстацца. Абавязкі ў дзяжурнага вельмі сур’ёзныя. У яго практычна не бывае “спакойных” сутак, хаця раз на раз не прыходзіцца…
“Міліцыя. Слухаем Вас!”
Гэтыя словы чуе кожны, хто тэлефануе ў дзяжурную часць па нумары “102”. Кожны званок фіксуецца на паперы, падчас гутаркі вядзецца аўдыёзапіс і вызначаецца ўваходны нумар тэлефона, таму з міліцыяй лепш не жартаваць і не тэлефанаваць у службу дарэмна. Тым больш, што пакуль нехта без прычыны займае лінію, камусьці, магчыма, сапраўды патрабуецца дапамога.
Вечар пятніцы, а таксама выхадныя, лічацца самымі напружанымі днямі. Менавіта ў такія дні здзяйсняюцца розныя злачынствы. Сёння, аднак, да вечара было ціха.
– Гэта бывае вельмі рэдка, – гаворыць Віктар Аўдзееў, – і, шчыра кажучы, насцярожвае, бо такое зацішша часта бывае перад бурай. Звычайна напрыканцы тыдня здараюцца самыя сур’ёзныя злачынствы, і ўсе яны, пераважна, пад уздзеяннем спіртных напіткаў.
Першы выклік быў зафіксаваны прыкладна ў 17.40. Жанчына з вёскі Нябышына паведаміла, што яе сужыцель учыніў сварку і збіў яе. Сямейныя сваркі – адна з найбольш частых прычын звароту грамадзян у дзяжурную службу. Збіраецца аператыўна-следчая група, якая хутка выязджае на выклік. Любое прамаруджванне можа пагоршыць сітуацыю, таму рэагаваць трэба вельмі хутка. І пакуль дзяжурны працуе з зафіксаваным выклікам, памочнік прымае важную інфармацыю па факсе. Гэта таксама ўваходзіць у абавязкі супрацоўнікаў аператыўна- дзяжурнай часці.
Алкаголь усяму віной
Не паспела група рэагавання выправіцца на выклік, як у дзяжурную часць прывялі затрыманага. Мужчына выглядаў даволі спакойна і, на першы погляд, нічым не выдзяляўся. Тым не менш, высветлілася, што яго прывезлі з вёскі Камайск, дзе гэты “сціплы” чалавек паводзіў сябе агрэсіўна і нецэнзурна лаяўся. На пытанне дзяжурнага пра ўжыванне спіртных напояў мужчына адказаў станоўча: “Так, выпіў каля ста грамаў”. Праверка на алкатэстары пацвердзіла гэтыя словы – затрыманага павялі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яго чакалі некалькі гадзін “адпачынку” да поўнага працверажэння.
Як паведаміў Дзяніс Паплёўка, правяраць ізалятар часовага ўтрымання – яшчэ адзін абавязак дзяжурных. Нягледзячы на тое, што там заўсёды дзяжурыць паставы, а ў дзяжурнай часці ёсць відэакамеры, якія адлюстроўваюць усіх правапарушальнікаў, што займаюць камеры, супрацоўнікі “дзяжуркі” адказныя і за гэту справу. Яны ж, перад тым як накіраваць затрыманых у ізалятар, робяць і першапачатковы дагляд на наяўнасць забароненых прадметаў.
Аператыўная група, якая вярнулася з Нябышына, паведаміла, што па названым адрасе нікога зафіксавана не было. Дзяжурны яшчэ раз праслухаў выклік: у голасе чулася, што, мабыць, жанчына, якая тэлефанавала, была нецвярозая.
– Спужаліся адказнасці, пэўна, абое і схаваліся недзе, – выказаў меркаванне Віктар Аўдзееў. – Але не значыць, што справа на гэтым спыніцца. Абавязкова будзе весціся разбіральніцтва са складаннем пратакола.
Наступны званок быў ад жыхаркі з Бярозак: яна не дачакалася сямнаццацігадовай дачкі, якая павінна была прыехаць з Глыбокага, дзе вучылася. Размова не ішла пра знікненне – дзяўчына была на сувязі. Тым не менш, званок зафіксаваны – трэба рэагаваць.
Ні адзін выклік, які паступае на пульт дзяжурнага, не застаецца па-за ўвагай супрацоўнікаў міліцыі. Нават калі званок ананімны, на месца падзей адпраўляецца дзяжурны кіроўца, і, калі паведамленне пацвярджаецца, да справы падключаецца група рэагавання. Асобны падыход у міліцыянераў да лжывых выклікаў: яны таксама правяраюцца, на што, зразумела, губляецца каштоўны час, але ў выніку падобнае свавольства прыводзіць да адміністратыўнага пакарання.
Працоўная змена супрацоўніка аператыўнай дзяжурнай часці складае дваццаць чатыры гадзіны.
Дзесяць выклікаў у сярэднім за суткі прымае дзяжурная служба РАУС.
Пяць хвілін складае час збору аператыўнай групы пасля прыняцця выкліку.
Сямейная сварка – найбольш частая нагода звароту ў дзяжурную службу, летам – крадзяжы з лецішчаў.
Ілжывыя выклікі здараюцца прыкладна адзін раз у тыдзень.
Супрацоўнікі аператыўнай дзяжурнай часці працуюць у тры змены.
Не толькі тэлефануюць, але і прыходзяць самі
Тым часам змяркалася. У мяне пачалі свярбець вочы, захацелася выпіць кубачак кавы, каб хоць неяк узбадзёрыцца і не заснуць. Але ні пра якія “кава-паўзы” ў дзяжурнай часці і гутаркі не ішло – работа працягвалася.
Каля 20 гадзін з розных месцаў нясення службы пачалі вяртацца аператыўнікі. За масіўнымі жалезнымі дзвярамі з рашоткай адбывалася працэдура здачы зброі тымі, хто знаходзіўся ў сутачным нарадзе. Дзяжурны фіксаваў кожнага супрацоўніка, пералічваў колькасць патронаў.
Зброя абавязкова павінна быць здадзена ўсімі супрацоўнікамі пад наглядам адказнага дзяжурнага па РАУС, які кантралюе гэты працэс, каб усё было зроблена згодна з правіламі тэхнікі бяспекі.
Пасля гэтага ў дзяжурнай часці зноў пацішэла. У гэтыя некалькі спакойных хвілін дзяжурны тэлефануе іншым супрацоўнікам, якія выходзяць на суткі на наступны дзень, і нагадвае ім пра будучае дзяжурства.
Спакойна было нядоўга: праз некаторы час ля акенца дзяжурнага з’яўляецца мужчына, які паведамляе, што яго ўкусіў сабака. Пакуль пацярпелы піша заяву, дзяжурны зноў збірае групу рэагавання. Супрацоўнікі выязджаюць на месца здарэння, каб знайсці гаспадара сабакі і далей дзейнічаць па абставінах.
Самая важная служба
Нягледзячы на тое, што час, праведзены ў дзяжурнай часці, праляцеў даволі хутка, я спяшалася дадому: хацелася, у рэшце рэшт, прылегчы, сагрэцца гарбатай, ды і страўнік па-здрадніцку бурчэў. Развітаўшыся са сваімі “калегамі”, выйшла на вуліцу. Ішла і думала пра тое, якая ўсё ж важная гэта служба: штодзень, не парушаючы патрабаванняў закона, трэба вырашаць самыя розныя сітуацыі, у якія трапляюць грамадзяне. Выкананне гэтай задачы патрабуе асаблівых якасцей ад людзей у пагонах. Але можна не сумнявацца, што ў выпадку звароту па нумары “102” адкажа ўпэўнены мужчынскі голас: “Міліцыя. Слухаем Вас!”. І людзі, неабыякавыя да чалавечай бяды, абавязкова дапамогуць кожнаму.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота аўтара.