Докшицкий район газообезпечения отметил 50-летний юбилей

dlya-5-strГазавікі ўрачыста адсвяткавалі 50-годдзе стварэння ў раёне сістэмы газіфікацыі. Мерапрыемства адбылося ў панядзелак, у ККЗ “Іскра”. Начальнік раёна газазабеспячэння Станіслаў Ждановіч у сваім выступленні, якое суправаджала цікавая прэзентацыя, пазнаёміў прысутных з гісторыяй газіфікацыі Докшыцкага раёна, сённяшнім днём прадпрыемства. Цікава было даведацца, што першыя газабалонныя ўстаноўкі ў далёкім 1968 годзе былі зманціраваны ў працаўнікоў калгаса “Камсамолец”. Газавыя пліты ўстанавілі ў сваіх дамах даярка Вікторыя Андрыеўская, бухгалтар Сабіна Шарох, будаўнік Анатоль Ючкавіч.
Арганізацыя, якая месцілася напачатку ў вагончыку з калектывам у 11 чалавек, вырасла ў значную вытворчасць, якая забяспечвае зараз блакітным палівам тысячы абанентаў. Спецыялісты абслугоўваюць 274 кіламетры газапровадаў, газаразмеркавальны пункт, 30 шафных рэгулятарных пунктаў, 12 тысяч газіфікаваных кватэр, 1400 адзінак ацяпляльнага газавага абсталявання.
Прыгаданы былі тыя, хто кіраваў арганізацыяй у розныя часы. Сярод іх Рыгор Юпатаў, Мікалай Кеда, Ягор Ралавец, Іван Каросцік, Генадзь Фурс, Людвіг Петрашкевіч, Іосіф Падрэз, Валерый Кавалёў, Віталь Неспляк, Аляксандр Туркоў, Дзмітрый Пахомаў. Асобна быў адзначаны асабісты ўклад работнікаў, якія шмат гадоў працавалі ў райгазе. Гэта Соф’я Буглак, Таццяна Галко, Уладзімір Гмырак, Вера Даніловіч, Леанід Гушчык, Уладзімір Кітаеў, Валянціна Калантай, Лілія Яцына, Марыя Салодкая, Тамара Сакавец і іншыя.
Словы падзякі за выніковую, добрасумленную працу віноўнікі ўрачыстасці атрымалі ад намесніка старшыні райвыканкама Віктара Гануса, старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч. Ганаровай граматай райвыканкама была адзначана шматгадовая, шчырая праца кантралёра Чаславы Шылёнак, Удзячнасцю – вадзіцеля Валерыя Канашыца. Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў атрымаў галоўны інжынер Васіль Яленскі.
Генеральны дырэктар УП “Віцебскаблгаз” Пётр Шэршань у сваім выступленні на свяце даў высокую ацэнку дзейнасці газавай галіны раёна, якая паспяхова спраўляецца з задачамі па бесперабойным і безаварыйным забеспячэнні спажыўцоў палівам. Адзначыў культуру вытворчасці і ўзорны парадак, які пануе на тэрыторыі раёна газазабеспячэння, а таксама актыўны ўдзел докшыцкіх газавікоў у спартыўным, мастацкім жыцці абласной структуры. Пётр Пятровіч з задавальненнем уручыў Ганаровую грамату УП “Віцебскаблгаз” слесару Дзмітрыю Ралаўцу, прыбіральшчыцы Таццяне Януковіч, Удзячнасць – слесару Васілю Міцько, кладаўшчыку Паўлу Мехавічу.
Ганаровай граматай ВУ “Глыбокаегаз” адзначана бездакорная праца вадзіцеляў Юрыя Стадольніка, Аляксандра Крука, слесара Аляксандра Жаўнеркі. Прыёмшчыкі заказаў Аляксандр Ярыжанец, Аляксандр Яцына, Вольга Гадулевіч атрымалі прафсаюзныя ўзнагароды.
Завяршылася свята вялікім канцэртам, які паказаў калектыў мастацкай самадзейнасці УП “Віцебскаблгаз”.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *