Сотни деревьев посадили в Докшицком районе во время республиканского субботника
Больш за 8,5 мільёна рублёў зарабілі беларусы падчас рэспубліканскага суботніка. У агульную скарбонку наш раён паклаў амаль 23 тысячы рублёў. Гэтыя грошы будуць накіраваны на добраўпарадкаванне летніх аздараўленчых лагераў, населеных пунктаў, прывядзенне ў парадак помнікаў і мемарыялаў, а таксама на капітальны рамонт і рэканструкцыю манумента Перамогі ў Мінску.
Падчас суботніка шмат добрых спраў было зроблена і ў нашым раёне. На мемарыяльным комплексе “Шунеўка” ўжо не першы год працаваў старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
– Падтрымліваць чысціню і парадак на такім святым месцы лічу данінай памяці перад тымі людзьмі, якія без віны загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – сказаў Алег Леанідавіч.
Кіраўнік раённай вертыкалі выказаўся таксама ў падтрымку далейшай работы па азеляненні населеных пунктаў раёна. Гэтаму напрамку будзе ўдзелена дадатковая ўвага ў рамках Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018-2020 гады. У прыватнасці, ён адзначыў, што да справы трэба актыўна далучаць падрастаючае пакаленне, бо, як вядома, звычайная пасадка дрэў не толькі паляпшае экалогію, але і стварае новыя месцы адпачынку.
Каля АЗС у раёне шматкватэрнай забудовы па вуліцы Гайдара лідар раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Ядвіга Шульгат і старшыня ГА “Белая Русь” Алена Тулоўская разам са старшынямі пярвічных прафсаюзных арганізацый і іх членамі заклалі ліпавую алею. Пасадку дрэў прымеркавалі да 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. Новыя дрэўцы таксама з’явіліся ў многіх іншых месцах райцэнтра. З рыдлёўкамі ў руках шчыравалі работнікі міліцыі, ваенкамата, актывісты РК ГА “БРСМ” і іншыя.
Амаль сотню дрэўцаў – каштанаў, дубкоў, бярозак – пасадзілі ў гарадскім пасёлку Бягомль работнікі Бягомльскага лясгаса і аддзялення Дэпартамента аховы. Месца выбралі сімвалічнае – побач з ваенна-тэхнічнай пляцоўкай, дзе знаходзяцца самалёт, танк Т-80 і гарматы.
У хуткім часе за паркам “Заазёрны” ў Докшыцах з’явіцца яшчэ адзін – парк “Сямейных дрэў”. Плошчу ў дзесяць сотак пад яго з дапамогай тэхнікі падрыхтавалі работнікі ПМС. Акрамя гэтага, яны навялі парадак каля помніка ахвярам фашызму па вуліцы Маякоўскага.
Плённа папрацавалі на гарадскіх і карпаўскіх могілках работнікі сацыяльнай службы, архітэктурна-праектнага бюро і дзяржэнерганагляду. Больш за два дзясяткі чалавек з камунгаса, райста, РАНС і газавай службы прыбіралі тэрыторыю за каталіцкімі могілкамі. Там высеклі кустоўе і вывезлі смецце.
У райцэнтры па вуліцы
М. Горкага і завулку Чарняхоўскага будаўнікі, рэсаўцы і камунгасаўцы працягвалі разбіраць старыя гаспадарчыя пабудовы. Значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні райцэнтра, а таксама населеных пунктаў раёна выканалі калектывы хлебазавода, ЦРБ, завода “Ветразь”, аддзела па адукацыі райвыканкама.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара і В. Чарвінскага.