Выпускники Докшицкого района стали курсантами Военной академии

img_1072Гэтыя статныя курсанты – увасабленне мары любой дзяўчыны аб сапраўдным мужчыне – Мікіта Варанковіч з Таргуноў і Ігар Чыкуноў з Порплішча. Некалі падчас вучобы ў школе падарункі да 23 лютага імі ўспрымаліся хутчэй як фармальнасць, а зараз гэта свята для іх – прафесійнае.
Насіць пагоны хлопцы марылі з дзяцінства, а таму рыхтаваліся: добра вучыліся, займаліся спортам.
– У ваенную акадэмію пайшоў, каб выпрабаваць сябе на трываласць, – расказвае Мікіта. – Лічу, што на ваенных спецыяльнасцях выхоўваюцца цвёрдасць характару і сіла духу сапраўднага мужчыны. Тут строгі распарадак дня, дысцыпліна ва ўсім. Гэта загартоўвае. За паўгода ў акадэміі навучыўся цаніць кожную хвіліну і рацыянальна выкарыстоўваць час. Тым больш у мяне ёсць добры прыклад: родны дзядзька – маёр беларускай арміі.
– Да таго ж мы знаходзімся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, – дадае Ігар. – А да водпуску налічваецца матэрыяльная дапамога.
Варанковіч і Чыкуноў не адзіныя выпускнікі, якія абралі ў якасці сваёй будучай прафесіі службу ў арміі. Па словах ваеннага камісара раёна Віталя Леснічэнкі, штогод больш за дзесяць хлопцаў выказваюць жаданне стаць афіцэрамі. На сённяшні дзень амаль кожны шосты юнак-выпускнік ужо рыхтуецца паступаць у вышэйшую ваенную ўстанову адукацыі.
– Армія любой краіны – гэта люстэрка грамадства, – сцвярджае Віталь Генадзьевіч. – Сучасная беларуская армія імкнецца да дасягнення сваіх мэт не за кошт павелічэння ўзбраення і колькасці войскаў, а дзякуючы іх якаснаму паляпшэнню і падрыхтоўцы асабістага саставу. Сведчанне гэтаму – найноўшыя распрацоўкі ваенна-прамысловага комплексу, прызавыя месцы нашых ваенаслужачых на розных спаборніцтвах і вялікі конкурс пры паступленні на ваенныя факультэты. У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь жадаю ўсім мірнага неба і дабрабыту, моцнага здароўя, поспехаў на карысць нашай Ра­дзімы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *